Гармонь — для души, апидомик — для здоровья. Владимир Есипов убеждён, что на пенсии жизнь только начинается

Общество

Свае першыя грошы Уладзімір Васільевіч Есіпаў зарабіў у восьмым класе. Прычым, гэта была сума, прыбліжаная да мамінай месячнай зарплаты. Аднак не вялікія заробкі манілі хлопца. Музыка-самавучка ні дня не мог пражыць, каб не ўзяць у рукі інструмент.

Іх хата ў Вацлавове стаяла ля самага клуба. І калі там плясалі, сцены таксама “адбівалі” такт. Так што Валодзя з малалецтва ведаў розныя народныя шлягеры, а калі пайшоў у першы клас, “паклаў вока” на школьны гармонік. Яму дазвалялі браць яго з сабой, так і навучыўся іграць. Настаўнікі не віталі ранняга наведвання вучнямі клубаў. Аднак ён усё роўна бегаў, слухаў, падбіраў, а хутка і сам пачаў дапамагаць такім жа як і ён гарманістам-самавучкам.

Лішніх грошай у сям’і, у якой маці адна выхоўвала двух сыноў, не было. “Прыходзь летам дапамагаць даіць кароў, купім табе гармонік», – сказала яна старэйшаму сыну, бачачы сур’ёзнасць захаплення. Якім жа гордым чацвёртакласнік ішоў у клуб ужо са сваім інструментам. Рэпертуар разрастаўся, дапамагала прабабуля Аксіння, якая спявала, а ён падыгрываў. І вось школьнік атрымлівае нечаканае запрашэнне агучыць вяселле. Вопыту тамады ніякага, аднак маладыя ж свае, вясковыя, падтрымалі, ведалі, на што здольны.

“Рана дарослым стаў”, – адчытваў у аўторак яго дырэктар школы. Панядзелак давялося прагуляць, бо якое ж вяселле без музыкі на трэці, самы цікавы дзень, з цыганамі ды пераездамі. Ён жа ўсё роўна быў горды, што вытрымаў сур’ёзны іспыт і прынёс дадому свае першыя 60 рублёў (што клалі на вяселлі падчас маршу, калі кожнаму спяваюць заказаную песню)

А перад арміяй неспадзявана давялося асвоіць і акардэон. Дзядзька пераблытаў і прывёз яго з Калінінграда замест баяна. Потым поштай інструмент перабраўся ў Тулу, дзе Валодзя з такімі ж як і ён аматарамі склалі ансамбаль і выступалі як у дэсантнай часці, так і ў дзявочых навучальных установах, куды іх запрашалі на дыскатэкі.

Зараз у яго доме па Калінінскай стэлаж ад падлогі да столі застаўлены баянамі, гармонямі, акардэонамі. А на журнальным століку адкрыты нотны сшытак. Пенсіянер абавязкова музыцыруе штодня, вывучаючы па нотах новыя творы.

“Гэта на баяне можна сыграць любую танальнасць, а гармонік жа намнога прасцей, па 25 басоў і галасоў, не пад кожнага спевака падыходзіць. Так што набываў новыя, начамі перабіраў, падстройваў, дабавіў яшчэ два галасы – цяпер ужо на трох інструментах у шасці танальнасцях можна спяваць. Паважаючы сябе музыкант заўсёды на мерапрыемства з дзвюма гармонямі ездзіў, – Уладзімір Васільевіч называе вытворцу, год выпуску і з цеплынёй расказвае пра кожны. – Вось гэты ўнікальны чэшскі акардэон 1933 года прывёз з Полацка ў мяху. Музыкант распрадаваў свой інструмент і ў дадатак ссыпаў мне і яго. Клавішы, парваныя мяхі, планкі… усё было паасобку. Сабраў, склеіў, замяніў… вельмі гучны інструмент артымаўся. Сталь там выдатная, мабыць на заказ арцеллю рабіўся”.

Са сцёртымі ад пальцаў клавішамі, аднак акуратныя, дагледжаныя, хоць многія з іх і прайшлі не праз адны рукі, ды і рознае бачылі. Аднойчы падчас вяселля праз возера пераплывалі ды перакуліліся. Баян тады, можна сказаць, ледзь не сыграў развітальнае сола. Аднавіў!

І калі для У.Есіпава гэта было захапленне, то для Ніны Восіпаўны – выпрабаванне. Амаль што кожныя выхадныя муж на вяселлях, а яна з малымі дочкамі. Раўнавала кучаравага прыгажуна дарэмна. Ён аказаўся ўстойлівы і да чужых спадніц, і да няменшай спакусы – застольнай чаркі. Дзякуючы ж дадатковым заробкам і машыну справілі, і дом абставілі. У іх надзвычай утульна. Усё ў вышыўках, самаробных і бездані жывых кветак гаспадыні. Мужчынская рука бачна па выдатным рамонце і перапланіроўцы, цяпліцах і зоне адпачынку ў двары. А яшчэ там стаіць домік незвычайнай канструкцыі і незразумелага з першага погляду прызначэння. На высокіх прыступках, унутры праход, акно, адкідны столік і два лежакі-тумбы з вагонкі.

“Часова тут сушацца травы, аднак хутка можна будзе спаць і лячыцца, – паказвае аскетычнае ўбранства Уладзімір Васільевіч. – Супакойвацца, дыхаць нектарам, пяргой, праполісам, што вельмі карысна. Лежакі – гэта ж дах пчаліных домікаў, якіх па тры з кожнага боку. Пчолы залятаюць звонку, робяць сваю справу, а праз спецыяльныя адтуліны паступае пах, ды і іх гул таксама лячэбны. Апідомік. Зараз яны набываюць папулярнасць, а я на сабе даўно апрабаваў. Пчол трымаў у вагончыку па такім жа прынцыпе – вуллі ўнутры. І калі заставаўся там спаць паміж імі, сон наступаў імгненна, быў бесклапотным і спакойным».

Гаворым пра дзяцей і ўнукаў. У старэйшай Аксаны свой шторны бізнэс. Малодшую Ірыну Прыму многія ведаюць па музычных кліпах: сама здымае, піша музыку і тэксты. Унук Захар займаецца баскетболам у мінскім клубе “Цмокі». У кожнага свае захапленні. І галоўнае, што ёсць яны ў іх. На пенсіі можна жыць у сваё задавальненне, займацца тым, што любіш. Сям’я Есіпавых – таму пацвярджэнне.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *