Объехал полмира, но остался на Ушаччине. Талантливый Юрий Акудович и его жизненный путь

Общество

Палярны Урал, хрыбет Чэрскага, Алтай, Карпаты, Цянь-Шань… Калі для большасці з нас гэта проста геаграфічныя назвы, то для Юрыя Акудовіча – захапляльныя, ілюстраваныя прыгодамі і выпрабаваннямі старонкі яго лёсу.

Прароцкі аловак Казіцкага

Ушацкая зямля прыцягвае не толькі тых, хто мае тутэйшыя карані, а і ўраджэнцаў іншых мясцін. Ашаломленыя некранутай прыгажосцю нашых краявідаў, будуюць тут сядзібы рэжысёры і музыканты, палітыкі і бізнесмены, былыя вайскоўцы і навукоўцы… Нядаўна ж падчас паездкі па Далеччыне мы пазнаёміліся з жыхаром вёскі Ветча, чалавекам няпростага лёсу Юрыем Васільевічам Акудовічам. Адзін з лепшых спецыялістаў айчыннай турыстычнай галіны, майстар спорту, пісьменнік, фотамастак, разьбяр – яго рэгаліі і таленты можна пералічваць доўга. І асабліва імпануе тое, што, аб’ехаўшы паўсвету, “кінуць якар” ён рашыў менавіта на Ушаччыне.

На вокладцы часопіса.

Набыць жыллё ў якім-небудзь зацішным месцы беларускай глыбінкі Юрый задумаў даўно, перабраў шмат варыянтаў, а прыглядзеў домік на маляўнічым беразе Ветча 14 год таму па падказцы Міхаіла Казіцкага – таленавітага ўшацкага мастака, якога, на жаль, з намі ўжо няма. “З Мішам мы пазнаёміліся ў 70-х у паходзе на Каўказ і захавалі сяброўства на ўсё жыццё”, – распавядае Юрый і паказвае рэліквію: свой графічны партрэт, напісаны таварышам. На лісце ватмана – малады чалавек з задумлівым позіркам і каларытнай “турыстычнай” барадой. У часы, на якія прыпала іх маладосць, паходы былі, як зараз кажуць, у трэндзе. І хоць “жалезная заслона” надзейна хавала ад простых савецкіх людзей Тыбет і Ніагару, але рамантычным і няўрымслівым хапала і шырокай саюзнай прасторы.

Ад тайгі да самых да ўскраін

Паходамі ўраджэнец невялікага гарадка Свіслач захапіўся ў студэнцкія часы, калі паступіў у сталічны фізкультурны інстытут. Ва ўстанове якраз адкрылася кафедра вяслярнага спорту і турызму, а як цікава распавядаў пра Саяны і Валдай старэйшы брат Валянцін! Маршрут першага паходу, у які Юра адправіўся ў 17 год, пралягаў па Крыме, затым была вандроўка на Заходні Каўказ.

Вядома ж, паходы – гэта не толькі рамантыка і прыгожыя віды, а і ліхія, часам нават трагічныя выпрабаванні. Мужчына прыгадвае, як страшна было, калі ляднік на Каўказе, дзе яны разбілі лагер, ноччу пачаў трашчаць пад палаткамі. Як падчас усесаюзнага злёту на Паміры, дзе была 40-градусная спёка, у многіх турыстаў з’явіліся сімптомы, па якіх урачы западозрылі ўспышку халеры. І, канечне, ніколі не забудзе найвышэйшую (у прамым сэнсе) кропку сваёй турыстычнай кар’еры – гару Цянь-Шаня ў 6,5 тысячы метраў.

А неўзабаве давялося трапіць… на БАМ – праўда, “пакараць вялікую тайгу” ён мусіў не ў складзе турысцкай групы, а разам с аднагодкамі, прызванымі на армейскую службу. Зрэшты, палаткі тут таксама меліся: жыць у іх у 40-градусны мароз – малая радасць, але яшчэ складаней было прыстасавацца да выпрабаванняў іншага кшталту: у аддаленай часці ва ўсю “квітнела” дзедаўшчына.

Загартаваны арганізм і моцны характар дапамаглі не зламацца. А па вяртанні ў Беларусь Юрый ажыццявіў сваю мару. Як ужо прыгадвалася, актыўны адпачынак быў тады ў модзе, на прадпрыемствах стваралі турыстычныя каманды, ён уладкаваўся на Мінскі падшыпнікавы завод трэнерам па турызме. Гэта быў яскравы этап жыцця. Пешыя вандроўкі, лыжныя і водныя падарожжы, альпінісцкія маршруты, паходы аж да VІ катэгорыі складанасці, прызавыя месцы на турыстычных злётах і ўсесаюзных спаборніцтвах. Таленавітага хлопца заўважылі і назначылі трэнерам зборнай рэспублікі – жыццё ўяўляла суцэльную белую паласу.

Місіянер “Дойчэ Мессе”

Яго кар’ера не толькі аднавілася, а і зрабіла новы віток: Юрый стаў кіраўніком Мінскай гарадской станцыі юных турыстаў, потым – намеснікам дырэктара рэспубліканскай. Злёты, семінары, канферэнцыі, плённая праца па стварэнні структуры падрыхтоўкі турыстычных кадраў у сістэме адукацыі: вынікам жа стала тое, што многія беларусы сярод сваіх яркіх школьных успамінаў называюць паходы на Каўказ і ў Карпаты. “Вельмі шкада, што пасля знікнення СССР гэтая сістэма прыйшла ў заняпад”, – адзначае герой аповеду. Ну а сфера яго турыстычнай дзейнасці ўзяла іншы вектар: Ю.Акудовіч быў прызначаны дырэктарам Беларускага інстытута турызму, абраны прэзідэнтам Турысцка-спартыўнага саюза рэспублікі, стварыў малое прадпрыемства «Беларуская вышэйшая школа турызму” – яго дзейнасцю зацікавілася буйная выставачная кампанія “Дойчэ Мессе” і прапанавала стаць прадстаўніком нямецкіх кірмашоў у Беларусі. “Гэтая форма навукова-гандлёвых камунікацый у Еўропе вельмі распаўсюджана, – расказвае Юрый Васільевіч. – 800 тысяч квадратных метраў плошчы, 14 пад’яздных шляхоў, 76 кафэ і рэстаранаў і нават 3 аўтобусныя маршруты для руху па тэрыторыі – вось што такое, напрыклад, буйнейшая ў свеце Гановерская прамысловая кірмаш-выстава. Упершыню пабываўшы на ёй, я быў моцна ўражаны, а ўвогуле задаволены, што паспрыяў далучэнню да гэтага руху беларускіх тавараў і распрацовак”.

Рубанкі – бацькава спадчына.

А яшчэ Ю.Акудовіч прыгадвае, што аднойчы ў нямецкім пасольстве сустрэўся з Рыгорам Барадуліным, які за некалькі хвілін проста зачараваў яго як асоба.

Яго абярэгі

Шэрагам здольнасцяў надзелены і Юрый Васільевіч. Прыгажосць беларускіх краявідаў ён засведчвае ў здымках – падтрымаў яго ў гэтым творчым напрамку яшчэ адзін сябар – знакаміты фотамастак Сяргей Плыткевіч, а плёнам захаплення стала выстава “Мае абярэгі”, якая экспанавалася ў Палацы Рэспублікі. Зараз жа, калі герой аповеду жыве ў Ветчы, стала магчымым вылучаць больш часу і на работу з дрэвам. Гэты талент – ад бацькі, і Юрый Васільевіч актыўна яго развівае: вельмі многае на яго вясковай сядзібе зроблена ўласнымі рукамі, гэтым летам, напрыклад, пабудаваў ля дома арыгінальную драўляную паветку. А колькі ў пакоях самаробнага посуду, дэкаратыўных капаў, іншых сувенірных вырабаў! Вісіць на сцяне і прыбор, што даў пачатак разьбярскаму захапленню – простая драўляная лыжка. У далёкім 83-м ён вадзіў старшакласнікаў у паход на Нарач, і на гэты час у адной дзяўчыны прыпаў дзень нараджэння: крам у лесе не было, затое ляжалі паваленыя ветрам ліпы – вось і прыдумаў інструктар выйсце, змайстраваўшы памятны і карысны ў паходзе падарунак і ёй, і сабе…

Уласнымі рукамі.

Яго вясковая сядзіба ўвогуле падобная на своеасаблівы музей жыццёвых дасягненняў, экспанаты якога можна разглядаць гадзінамі. І няма сумненняў, што гэтая “экспазіцыя” будзе папаўняцца, бо цудоўны Ушацкі край натхняе людзей на творчасць і новыя здзяйсненні.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

За сваё жыццё Юрый Васільевіч наведаў каля 50 краін свету. Бясконца ён можа расказваць і пра беларускія славутасці. У асабістым “топе” лепшых аб’ектаў – Нацыянальны парк “Нарачанскі” і, у прыватнасці, экалагічная сцяжына “Блакітныя азёры”, па якой штогод праходзіць да 80 тысяч чалавек, туркомплекс “Чырвоны Бор”, аграсядзіба “Над Нёманам”, што двойчы прызнавалася пераможцам адпаведнага рэспубліканскага конкурсу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *