Вкусно и полезно прошёл районный праздник молока в агрогородке Великие Дольцы

Общество

Калі ў двары карова – будзе ежа на стале. Менавіта такімі словамі адкрываў у мінулую пятніцу раённае Свята малака, якое ўжо трэці раз праводзіцца ў аграгарадку Вялікія Дольцы, старшыня мясцовага сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс. З народнай мудрасцю не паспрачаешся. Канечне, з цягам часу на вясковых падворках малочнай жывёлы прыкметна паменела – зараз на ўсю Далеччыну засталося 23 буронкі ды паўсотні коз – але вытворчасць незаменнага прадукту, канечне, не спынілася і перайшла ў рукі прафесіяналаў. Малочная галіна ў Беларусі інтэнсіўна развіваецца: летась у краіне было атрымана каля 7,5 мільёна тон малака, а ў 2025-м годзе плануецца давесці яго аб’ём да 9,2 мільёна. Стаўка робіцца на стварэнне і мадэрнізацыю буйных сучасных комплексаў, але працягваюць існаваць і ўносіць сваю лепту ў малочную справу і невялікія МТФ.

В.Хамічонак атрымлівае ўзнагароду ад С.Лісічонка.

У КУСГП “Вялікадолецкае” іх тры – больш, чым у іншых гаспадарках раёна. Утрымліваецца на фермах 672 дойныя каровы, усяго ж пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 1400 галоў. І за кожным атрыманым літрам малака – самаадданая праца жывёлаводаў. Ушанаванне лепшых работнікаў гэтай галіны стала ключавым момантам праграмы свята, а правёў яго кіраўнік сельгаспрадпрыемства Станіслаў Міхайлавіч Лісічонак. Сёлета “Вялікадолецкае” традыцыйна адзначыла граматамі і падарункамі тройку сваіх лідараў па валавым надоі за сем месяцаў: у ёй апынуліся аператары машыннага даення з МТФ “Цыганок” Алена Васільеўна Бажанава, Валянціна Сяргееўна Касяк і Валянціна Васільеўна Хамічонак (1, 2 і 3 месцы адпаведна). Узнагароды за дастойныя паказчыкі атрымалі жывёлаводы на вырошчванні Наталля Канстанцінаўна Салавей і Зоя Міхайлаўна Клачок, а таксама работнікі, што даглядаюць жывёлу – Сяргей Анатольевіч Клачок і Леанід Пятровіч Гаманёк. Не засталася па-за ўвагай і праца трактарыстаў-машыністаў Ра Вутха і Пятра Мікалаевіча Падворнага, якія абслугоўваюць фермы. Праўда, далёка не ўсе перадавікі змаглі асабіста прысутнічаць на свяце: Н.Салавей у час яго правядзення якраз паіла цялят, С.Клачок і Л.Гаманёк сачылі за сваімі падапечнымі на пашах, а П.Падворны павёз у поле абеды для механізатараў – у сельскай працы канвеер не спыніш.

Затое ахвотна дзяліліся ўражаннямі даяркі, пад графік якіх падагналі час свята. “Абавязкова ўзгадайце і нашых старанных калег па “Цыганку” Яўгенію Алексяёнак, Людмілу Шыраеву. А яшчэ трэба адзначыць, што гэты летні сезон быў складаны па надвор’і, затое лягчэйшы па ўмовах працы, бо з намі на пашах былі не “завазныя”, як летась, а мясцовыя жывёлаводы: Мікалай Рагіня, Сяргей і Вадзім Клачкі, Дзмітрый Аўдзеенка. Яны ва ўсім дапамагалі – вылівалі бітоны, насыпалі муку, падцягвалі памост. Заўсёды своечасова падвозіў ваду Васіль Лабецкі”, – расказвае А.Бажанава. “І зарплату мы ў тэрмін атрымліваем. А гэтым летам нават упершыню на маёй памяці па чарзе схадзілі ў водпуск!” – не хавала ўзнёслага настрою В.Хамічонак.

А.Бажанава.

Прынамсі, добрым ён у гэты дзень быў ва ўсіх, хто прыйшоў ва ўтульны парк ля сельвыканкама. Валянціна Аляксандраўна Сінько фатаграфавалася з апранутымі ў беларускія касцюмы сястрычкамі Алесяй і Златай Бойчанка: “Адпраўлю здымак дачцэ Наташы, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу. Сёлета з-за абмежаванняў прыехаць у госці яна не змагла – дык хоць так перадам часцінку нашага свята!” А вось Ксюшу Буку матуля і брацікі даставілі на імпрэзу на персанальным камфартабельным транспарце – дзяўчынцы толькі восем месяцаў, але гэта не першае яе мерапрыемства: дагэтуль ужо паспела пабываць на канцэрце ў сельскім Доме культуры. Мама Анастасія лічыць, што слухаць добрыя песні трэба з самага нараджэння. Ну а як было не прыйсці на свята прадукту, які шануюць усе ў іх вялікай сям’і: “Кірыл любіць малако, Саша – кефір, ну а я – сырнікі!” – распавядае Насця.

Ра Вутх.

Ну а самай юнай артысткай на свяце была Паліна Смаляк: дзяўчынка спецыяльна вывучыла верш пра каляровае малако, а таксама ў дуэце з мамай Ліляй – мастацкім кіраўніком мясцовага СДК – выканала хіт “33 каровы”. А вось Крысціна Зазыба, якая прыязджае з горада да бабулі Алы Іванаўны Волах, праявіла афарміцельскія таленты: абаяльных каровак яна намалявала і на паперы, і на вялікім кавалку тканіны. Не шкадавалі далоняў гледачы для юных артыстаў Руслана Крыштопенкі і Кацярыны Вацьковіч, якія разыгрывалі на сцэне камічныя сітуацыі: напрыклад, як жонка замест урача-псіхолага трапіла да ветэрынара і скардзілася яму на мужа-“парсюка”. Да слова, Каця свой акцёрскі талент будзе развіваць ужо як прафесіянал, бо паступіла сёлета ў Віцебскі каледж культуры і мастацтваў на адпаведную спецыяльнасць. Гледачы ахвотна ўдзельнічалі ў конкурсах, падпявалі культработнікам з райцэнтра і мясцовым самадзейным артыстам.

Сям’я Букаў.

Ну а багаты стол, накрыты у парку, адлюстраваў далецкія кулінарныя таленты. “Да каго ні звярнуліся напярэдадні свята – ніхто не адмовіў! Кожная гаспадыня прыгатавала любімую страву: тут і аладкі, і піражкі з мёдам, і бананавы торт, і тварожнік-маннік – пачастункаў хапіла ўсім!” – з удзячнасцю кажа загадчык СДК Валянціна Смаляк. Ну а госці, у сваю чаргу, не шкадавалі цёплых слоў у адрас арганізатараў: брэндавае свята, як і належыць, прайшло на высокім узроўні.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

◆ Калі чалавека можна вылучыць па ўнікальным адпячатку пальца, то ў каровы такі “штрых-код” размешчаны на носе – у кожнай асобіны там свой малюнак.
◆ Карова часта палохаецца, калі да яе нечакана падыходзяць занадта блізка: з-за асаблівасцяў вачэй яна бачыць усё ў павялічаным маштабе.
◆ Буронку можна прымусіць узняцца па лесвіцы, але ўніз потым яна не сыйдзе.
◆ Заолагі налічылі ў каровіным мычанні 11 розных “мелодый” – толькі да свайго цяляці яна звяртаецца з некалькімі адценнямі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *