Ушачские сельхозпредприятия готовятся к урожаю будущего года

Сельское хозяйство

Пачатак гэтага сезона ў перадавога работніка “Глыбачан” Андрэя Літвіна не задаўся: верны МТЗ-3022, які 11 год жвава бегаў па палетках, вырашыў нагадаць пра свой немалады ўзрост складанай паломкай. Пакуль яе выпраўлялі, механізатар перасеў на “Амкадор”, а да сейбітаў далучыўся толькі на кукурузе. У час корманарыхтоўкі быў заняты на трамбоўцы: калі ж лопнуў адвал, хутка адрамантаваць які не было магчымасці, літаральна за 40 хвілін разам з Генадзем Чыграем яны прыдумалі і змайстравалі з кавалка металічнай агароджы канструкцыю на манер “кенгуратніка”, якая спраўна падпіхвала сянаж. Пра гэта ноу-хау Андрэй Пятровіч распавядаў, калі ў пачатку жніўня мы сустрэліся раніцай на мехдвары гаспадаркі. Тымі днямі ён якраз зачапіў за трактар плугі, каб выехаць на палеткі, дзе будуць расці азімы рапс і свірэпіца ўраджаю наступнага года, ну а зараз на яго рахунку без малага 250 узараных гектараў глебы.

Сяўбу крыжакветных паралельна з уборачнай ужо не першы тыдзень вядуць усе ўшацкія гаспадаркі. На ўчарашнюю раніцу ў сярэднім па раёне было ўзарана аж 132,6 працэнта плошчаў, запланаваных пад гэтыя культуры. Лідарам па тэмпах сяўбы з’яўляецца “Ільюшынскі”, дзе засеяна 270 гектараў: 100 – рапсам (замест 55 запланаваных), і 170 – свірэпіцай. Па 230 і 220 гектараў адпаведна запрацавалі ў “Маяку-Ушацкім” і “Агра-Селішчы”. Трэба сказаць, што сельгаспрадпрыемствы скарэкціравалі планы ў бок павелічэння ўчасткаў пад азімыя крыжакветныя. Яны дастойна праявілі сябе ў сёлетных выпрабаваннях, нармальна перазімавалі, і там, дзе паспелі без страт убраць хутка саспеўшае масланасенне, атрымалі такія патрэбныя перад жнівом сродкі. Пры гэтым асаблівую стаўку гаспадаркі робяць на менш затратную свірэпіцу, пад якую адводзяць прыкметна большыя плошчы: так, селішчанцы мяркуюць пасеяць яе на 250 гектарах, ільюшынцы – на 245, вялікадальчане – на 235, а глыбачанскія аграрыі – на 200 гектарах. Ці сыграюць гэтыя стаўкі на “зялёным палявым сукне” нашай тэрыторыі рызыкоўнага земляробства – даведаемся толькі наступным летам, але хочацца, каб фартуна нарэшце заўважыла і ацаніла старанні ўшацкіх земляробаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *