Шесть детей, внуки, правнуки, праправнуки… Ушачанка Анна Федоренко не сгибается под грузом лет и знает, в чём смысл жизни

Общество

“Каб усе мае сабраліся разам у гэтай хаце, дык, напэўна, і не ўмясціліся б!” – з мяккай усмешкай разважае жыхарка Сарочына Ганна Кірылаўна Федарэнка, пакуль мы разглядаем шматлікія фотаздымкі на сценах яе пакоя. Гэта сапраўды так: шасцёра дзяцей, па дзясятку ўнукаў ды праўнукаў і нават тры прапраўнукі, а калі яшчэ зяцёў ды нявестак далучыць – тут і залы клуба можа не хапіць…

Зрэшты, гэта і неажыццявіма. На жаль, пахавала ўжо матуля двух старэйшых сыноў Віктара і Валодзю, у далёкім Сочы жыве сям’я дачкі Ніны, так што зносіны з ёй зараз толькі праз інтэрнэт, раз’ехалася па розных гарадах моладзь. Ды ўсё ж недарэмна ў свой час стварыла з мужам такую вялікую сям’ю: жывуць у роднай вёсцы і атуляюць маму клопатам малодшы сын Сяргей з нявесткай Валянцінай, вельмі часта наведваюць бацькоўскую хату Пётр і Юрый, якія сябруюць з дзяцінства і нават свае дамы ў Арэхаўне пабудавалі побач. Вось вам і відавочны адказ на пытанне, як на схіле дзён пазбегнуць адзіноты.

Канечне, узняць у пасляваенны час столькіх дзетак было ох як няпроста. Але Ганна з маленства была рашучай і не баялася цяжкасцяў. Нарадзілася яна на Смаленшчыне, а пасля заканчэння школы па камсамольскай пуцёўцы накіравалася ў Карэлію на распрацоўку лесу. Там, дарэчы, і пазнаёмілася з будучым мужам – беларусам Іванам Федарэнкам. Жылі ў бараках, на дзялянкі дабіраліся ў вагончыку па вузкакалейцы – як у знакамітым фільме “Дзяўчаты”, з той толькі розніцай, што яго гераіня шчыравала на кухні, а Аня – у лесе з сякерай у руках. “Хлопцы валілі дрэвы, а мы абсякалі сукі, – прыгадвае яна. – А ведаеце, тыя навыкі і загартоўка мне потым у жыцці спатрэбіліся – калі, стварыўшы сям’ю, мы прыехалі на радзіму мужа ў Сарочына і пачалі будаваць сваю хату, разам са свёкрам вазіла лес. Было нават, што за якую капейчыну суседзям дровы секла. Ды я і зараз, здаецца, сякеру б у рукі ўзяла, каб не хворыя ногі…”

У новую хату яны пераехалі ў 58-м, калі ў сям’і ўжо было трое дзетак. Іван працаваў трактарыстам, Ганна – у паляводстве. “Цярэбім лён ці грабім сена – і мае малыя сядзяць побач на мяжы. Але ж як старэйшыя крыху падраслі – пачалі за малодшымі прыглядаць. Ды і адзенне па ланцужку перадавалася, таму хлопчыкі стараліся яго акуратна насіць. А вось Ніне, як адзінай дзяўчынцы, усё новае даставалася. Каб такую сям’ю ўтрымліваць, канечне, працавалі мы з ранку да ночы, трымалі гаспадарку. Пазней я на ферму перайшла, бо там заробак быў большы. Памятаю, як за адну гадзіну абедзеннага перапынку трэба было прыбегчы за тры кіламетры дамоў, падаіць карову і вярнуцца на работу – і неяк жа паспявала. Дзеткі нашы паслухмяныя і працавітыя раслі, ва ўсім дапамагалі, аднавяскоўцы нават зайздросцілі. А яшчэ сёстры, што ў Смаленску засталіся, моцна падтрымлівалі. Аднойчы тэлевізар “Волхаў” у падарунак прывезлі – першы ў вёсцы, таму да нас усе суседзі па вечарах збіраліся. Памятаю, з якім гонарам мы глядзелі навіны пра чарговы палёт савецкіх касманаўтаў. Іван мой у вайну падлеткам быў угнаны ў Германію, калі ж амерыканцы вызвалілі іх лагер – трапіў у армію. Служыў там сем год і быў задзейнічаны на будаўніцтве Байканура – так што меў пэўнае дачыненне да “касмічнай” справы”, – распавядае Ганна Кірылаўна.

Увогуле расказчыца яна цікавая, прыемны ў зносінах, добразычлівы чалавек. Хоць і адзначыла сёлета 90-годдзе, стараецца быць актыўнай, нават градкі летам палола, тое-сёе і па доме робіць. Не згінаецца пад грузам гадоў і дакладна ведае, у чым сэнс жыцця – пакінуць пасля сябе годны працяг.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *