Главное желание Лидии Кирилловны Сидоренко

Общество

Не так многа з іншых месцаў прыязджае ў раён людзей, якія вельмі хутка становяцца абсалютна сваімі. Некаторыя прыжываюцца паступова, а Лідзія Кірылаўна Сідарэнка з-за сваёй камунікабельнасці стала ўшацкай адразу і назаўсёды. Дзесяць гадоў назад яна з мужам перасялілася ва Ушачы (дакладней, у Ліпавец, дзе купілі хату), тут ужо жылі дочкі. Гэтыя цікавыя людзі аселі ў нас пасля рамантычнага, цікавага, хаця і клопатнага жыцця.

Спачатку ў Лідзіі Кірылаўны (1957 год) была паездка па камсамольскай пуцёўцы на будаўніцтва чыгункі Масква-Варкута. Маці, канечне, не пускала, пра гэта ёсць і ў адным з яе вершаў, якія пісала ўжо тады. Далёка ад дома (а нарадзілася ў Харкаўскай вобласці) спасцігала жыццё сярод чужых людзей.Працавала пуцявой рабочай.

Захапленне Лідзіі журналісцкай і літаратурнай творчасцю было для душы. Падабалася ёй пісаць вершы і апавяданні, заметкі і нарысы аб мостабудаўніках у Чэрлакскую раённую газету. Дзяўчыну заўважылі і ў хуткім часе прапанавалі журналісцкую работу. Але ж максімалізм маладога ўзросту, непрыкрытая катэгарычнасць не дазволілі прыцерціся да гэтай няпростай прафесіі.

Аб шырыні душы Лідзіі Кірылаўны і прызнанні людзей сведчыць той факт, што аж з той пары захаваліся ў яе даверлівыя сувязі з былым сакратаром газеты Любоўю Янсан. Перапісваюцца, расказваюць пра сябе і свае сем’і.

Сідарэнкі шмат дзе пабывалі, папрацавалі. З многімі мясцінамі звязана асаблівае, цікавае. Так, Лідзія Кірылаўна расказала, як на Брацкую ГЭС прыязджаў Фідэль Кастра, ёсць нават здымак. Калі з мужам працавалі на Усць-Ілімскай ГЭС, нарадзілася дачка Таццяна, якая цяпер ва Ушачах працуе загадчыцай рэнтгеналагічнага кабінета райбальніцы.

У Сібіры на будоўлі Лідзія Кірылаўна і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Мікалаем, якога настроіла атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю, сама таксама скончыла тэхнікум транспартнага будаўніцтва, аддзяленне”Масты і іншыя штучныя збудаванні”. Запомніліся гады работы на ўзвядзенні чыгуначнага моста ў Іркуцкай вобласці.

Пажаніліся Лідзія і Мікалай у 1963-м, а праз пяць гадоў сям’я пераехала ў Беларусь, дзе муж знайшоў сваю маці, з якой яго разлучыла вайна. Жылі ў Лідзе. Потым, у 1979-м па кантракту паехалі працаваць ў Мангольскую Народную Рэспубліку.

І вось Ушаччына. Палюбілі Сідарэнкі наш куток. Хаця тут сям’ю чакала вялікая страта: Лідзія Кірылаўна і дачка Таццяна з розніцай у адзін год назаўсёды развіталіся са сваімі мужамі. Цяпер маці і дачка жывуць разам. Падрастаюць прадстаўнікі трэцяга пакалення: Андрэй і Анюта Кандзяковы. Лідзія Кірылаўна імкнецца падзяліцца з імі хаця б некаторымі сваімі захапленнямі. А іх у яе безліч. Так, любіць вандраваць. Раз у год хоць на тры тыдні едзіць у санаторый. Штораз новыя мясціны, знаёмствы з людзьмі. Раней пазнавала свет па турыстычных пуцёўках. Пабывала ў Прыбалтыцы, Манголіі, Індыі, Польшчы, ГДР, Чэхаславакіі. Яе цікавіла ўсё: архітэктура, звычаі народаў, нацыянальная кухня.

Гэтая жанчына заўсёды знаходзіла нешта карыснае для сябе, сваіх рук. У Манголіі Лідзія Кірылаўна навучылася рабіць ніткі з вярблюджай шэрсці з дапамогай верацяна, потым ужо купіла электрапралку. Вязала розныя рэчы. Добра выпякае. Вырошчвае кветкі. Усё жыццё захаплялася чытаннем. З’яўляецца ўдзельніцай двух аматарскіх аб’яднанняў: у РДК І райбібліятэцы, дзе знаёміць сваіх сяброў са сваімі новымі вершамі…  

Днямі Лідзія Кірылаўна адзначыла юбілей. У адным са сваіх вершаў бабуля Ліда піша, што яе галоўнае жаданне: паспець падрасціць унукаў, навучыць іх верыць у дружбу, даражыць чужым жыццём, шчасце золатам не мерыць. А самае галоўнае – каб кожны быў чалавекам. Чаму ж такую бабулю не любіць.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымку: Л. К. Сідарэнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *