ГАИ наблюдает, но вы этого не видите. Как на Ушаччине проводится смешанный контроль?

Общество

Гэты аўтамабіль – без колераваграфічнай афарбоўкі і маячкоў – у патоку транспартных сродкаў нічым не вылучаецца, толькі самыя ўважлівыя прыкмецяць за рулём супрацоўнікаў ДПС. Такая негалосная форма кантролю за парадкам на дарогах даказвае сваю эфектыўнасць: не адчуваючы падвоху, аўтамабілісты працягваюць рух у прывычнай для сябе манеры. Атрымліваецца як у вядомым кінафільме: “Ты інспектара ДАІ бачыш?” – “Не”. – “А ён ёсць”.

Праверку з выкарыстаннем галосных, негалосных і змешаных метадаў правялі на мінулым тыдні супрацоўнікі аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі. Месцам жа, куды выехалі адразу два экіпажы (на прывычным патрульным аўто і тым, які ніякіх “падказак” не мае), стаў участак аўтадарогі Р-46 “Лепель – Полацк – мяжа Расійскай Федэрацыі” ад вёскі Сарочына і да павароту на Урбанова. Выбар апраўданы тым, што менавіта тут літаральна штогод адбываюцца сур’ёзныя ДТЗ з пацярпелымі. Сярод нядаўніх – аварыя з удзелам маршрутнага таксі 30 лістапада 2021-га, у выніку якой за медыцынскай дапамогай звярнулася чацвёра чалавек. Прычынамі ж падобных здарэнняў, як паказвае практыка, становяцца выезд на сустрэчную паласу руху, перавышэнне хуткаснага рэжыму.

Доўга чакаць парушальнікаў не давялося і ў прыгаданы дзень. З выгляду грамадзянскі аўтамабіль, прыпаркаваны непадалёк ад трасы, укамплектаваны ўсімі неабходнымі спецсродкамі, у прыватнасці, радарам хуткасці з відэафіксацыяй “Бінар”. Пра ўсе правапарушэнні на ўчастку ў рэжыме рэальнага часу паведамлялася другому экіпажу, размешчанаму ў некалькіх кіламетрах па трасе. А ўжо там аўтамабілістаў спынялі, афармлялі пратаколы. Як нам расказаў начальнік аддзялення ДАІ М.Л.Гаўрылюк, за час адной такой праверкі да адказнасці прыцягнута 15 вадзіцеляў, 2 з іх парушылі правілы абгону, 13 перавысілі хуткасны рэжым больш чым на 20 км за гадзіну.

Падобныя праверкі на дарогах Ушацкага раёна працягваюцца. “Гэта найлепшая прафілактыка, – упэўнены Мікалай Леанідавіч. – Усе разумеюць: калі ззаду едзе патрульны аўтамабіль ДАІ, ніхто парушаць не будзе. А вось выкарыстанне метаду негалоснага ці змешанага (дарэчы, законнага!) кантролю дазваляе выяўляць тыя выпадкі незахавання Правілаў, якія цягнуць за сабой стварэнне аварыйнай абстаноўкі і больш сур’ёзныя наступствы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *