В Ушачском районном центре культуры и народного творчества обсудили проект изменений и дополнений в Конституцию

Навстречу референдуму Общество

Дыялогавая пляцоўка па пытаннях унясення змен у Канстытуцыю прайшла на бягучым тыдні і ва Ушацкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. На сустрэчу з прадстаўнікамі галіны завіталі начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь М.Б.Юркевіч, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, а таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі П.А.Алексяёнак.

Сваё выступленне Марына Браніславаўна пачала з вынікаў работы галіны ў 2021-м. Па яе словах, актуальнасці не губляе кадравае пытанне: у вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы адзначанага профілю нярэдка бывае недабор, ды і тыя маладыя людзі, якія атрымалі тут адукацыю, затрымліваюцца ва ўстановах культуры не надта ахвотна (лепшая замацаванасць – у Мінску і Гродзенскай вобласці). Асноўная прычына – невялікая заработная плата культработнікаў, на сённяшні дзень – крыху больш за 50 працэнтаў ад сярэдняга яе памеру па краіне. Аднак, звярнула ўвагу госця, гэтае пытанне знаходзіцца на асаблівым кантролі міністра, ужо да канца бягучага года мяркуецца падцягнуць лічбу хаця б да 80 працэнтаў.

У сферы культуры нямала адказных, сапраўды таленавітых спецыялістаў. Летась 33 былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Нягледзячы на “кавідныя” абмежаванні, культработнікі з усіх рэгіёнаў праводзілі мерапрыемствы, практыкуючы ў тым ліку дыстанцыйныя. Дбалі і пра іх ідэалагічны складнік, папулярызавалі патрыятызм, любоў да беларускай мовы. Дарэчы, на Віцебшчыне дасягнуты адзін з лепшых паказчыкаў па наведанні насельніцтвам музеяў, бібліятэк, у чым таксама вялікая заслуга работнікаў гэтых устаноў. “Важная задача Міністэрства на 2022 год – максімальна актыўна выяўляць маладыя таленты на месцах, дапамагаць ім рэалізаваць сябе”, – зазначыла М.Б.Юркевіч.

М.Б.Юркевіч.

Не засталіся па-за ўвагай у гэты дзень пытанні развіцця кінематографу, захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны, работы клубных фарміраванняў і культурна-асветніцкіх устаноў. Усё станоўчае, выказала ўпэўненасць госця, – пацвярджэнне таму, што наша дзяржава развіваецца стабільна і ў правільным накірунку. Удасканаліць жа невялікія прабелы дапаможа новая Канстытуцыя. Нездарма ж яе праект грунтуецца на трох вельмі важных пазіцыях: захаванні моцнай незалежнай дзяржавы, сацыяльнай арыентаванасці, а таксама традыцыйных духоўных і гістарычных каштоўнасцяў.

Асноўны пасыл, які гучаў у гэты дзень са сцэны, – выканаць свой грамадзянскі абавязак і прыняць удзел у рэспубліканскім рэферэндуме. Паколькі ж многія культработнікі Ушаччыны ў наступную нядзелю будуць працаваць (наладжваць канцэртную праграму на ўчастках, ды і непасрэдна выконваць свае функцыі як членаў участковых выбарчых камісій), свой голас яны аддадуць датэрмінова.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *