Аб стварэнні новых прафсаюзных пярвічак, ахове працы, маніторынгу цэн, аздараўленні, занятасці, маючым адбыцца 27 лютага рэферэндуме ішла гаворка на пасяджэнні савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Мікалаевіч Дзеркач, прафсаюзны актыў раёна.

Пярвічак стала больш
У сваім выступленні старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка акрэсліла асноўныя вектары работы грамадскай арганізацыі. На сённяшні дзень у раёне налічваецца 58 пярвічак, за 2021-ы было створана дзве. Самымі вялікімі па колькасці членаў з’яўляюцца прафсаюзныя арганізацыі Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, райбальніцы, лясгаса, УП ЖКГ і “Маяка Ушацкага”. На прадпрыемствах раёна дзейнічае 48 калектыўных дагавораў, падтрымку і сацыяльныя гарантыі з дапамогай якіх атрымліваюць каля 3,5 тысячы чалавек. Але маюць месца выпадкі, калі прафсаюз створаны, а заключэнне калектыўнага дагавору зацягваецца.
Цэны і выплаты пад кантролем
Прадоўжылі прафсаюзы грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы. За 2021 год праведзена 38 маніторынгаў, выдадзена 34 рэкамендацыі і 4 даведкі, выяўлена 112 парушэнняў, праведзена 36 кансультацый, аказана прававая дапамога 12 грамадзянам па аднаўленні незаконна звольненых членаў прафсаюза, адмене несправядлівых рашэнняў у частцы дысцыплінарных спагнанняў. Работнікам вернута больш за 3 тысячы незаконна ўтрыманых або нявыплачаных наймальнікамі грашовых сум.
36 маніторынгаў праведзена па ахове працы, выяўлена 149 парушэнняў, выдадзена 30 рэкамендацый.
У полі зроку прафсаюзаў знаходзіцца і цанавая палітыка. Каб не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн у раёне вядзецца штотыднёвы маніторынг цэнаўтварэння ў разрэзе двух магазінаў – “Родны кут” і “Раніца”. А з сакавіка 2021 года яшчэ і ў сетцы аптэк па 50 пазіцыях лекаў. Аналіз сітуацыі паказвае, што ў цэлым сітуацыя з цэнамі на лекі з’яўляецца стабільнай.

Важная роля ў рабоце прафсаюзаў адводзіцца аздараўленню. Летась у санаторыях ФПБ аздаравілася 74 члены прафсаюза. У гэтым накірунку ў якасці станоўчага прыкладу былі адзначаны раённыя арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, пярвічак ДРБУ-105 і райбальніцы.
Разам з партнёрамі ўсё па плячы
Шмат дабрачынных мерапрыемстваў за год праведзена сумесна з арганізацыямі партнёрамі – Беларускім саюзам жанчын, “Белай Руссю”, БРСМ, саветам ветэранаў. “Зрабіць прыгажэйшым наш гарпасёлак, паклапаціцца пра ветэранаў, парадаваць падарункамі дзетак – разам мы можам зрабіць вельмі многае!” – адзначыла М.А.Шаўчэнка і перадала ў адрас грамадскіх арганізацый Падзякі за супрацоўніцтва і плённую работу. Як падкрэсліла А.В.Пашковіч, прафсаюзным арганізацыям ні ў якім разе нельга забываць пра сваіх ветэранаў працы, а таксама больш увагі ўдзяляць маладым спецыялістам, каб ім захацелася застацца на Ушаччыне.
Лепшыя арганізацыі па выніках года
На савеце былі ўзнагароджаны пераможцы раённага агляду-конкурсу на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю Ушацкага раёна ў 2021 годзе. Першае месца вось ужо трэці год запар трымаецца за цэнтральнай раённай бальніцай (старшыня – М.Харэвіч). Другое месца сёлета заняла пярвічка ДРБУ-105 (Н.Круцёнак), трэцяе – ясляў-сада №3 г.п.Ушачы (Н.Федарэнка). А вось лепшыя інфармацыйныя стэнды ў пярвічак Ільюшынскай школы, “Маяка Ушацкага”, лясгаса.

Яшчэ адным урачыстым момантам мерапрыемства стала ўручэнне Прафсаюзнага знака Пашаны старшыні раённага аб’яднання М.А.Шаўчэнка.
“Мы разам – за Беларусь!”
Прафсаюзы не застаюцца ў баку ад галоўнай палітычнай падзеі ў нашай краіне і актыўна праводзяць акцыю пад такой назвай у падтрымку рэферэндуму. Актывісты ўключыліся ў абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у кампанію па правядзенні рэферэндуму. Праходзяць сустрэчы ў калектывах, дыялогавыя пляцоўкі. Палова членаў раённай, участковых камісій, назіральнікаў – члены прафсаюза. “Рэферэндум – ключавая падзея, якую ў дадзены момант перажывае наша краіна, падкрэсліў Ю.М.Дзеркач. – На сучасным этапе трэба захаваць сацыяльную накіраванасць палітыкі дзяржавы. І пры гэтым не менш важна адстаяць суверэнітэт, пашырыць удзел грамадства і моладзі ў кіраванні краінай, супрацьстаяць знешнім выклікам і пагрозам, стварыць умовы для развіцця, эканамічнага росту і паляпшэння жыцця кожнага беларуса. Кожнаму пад сілу зрабіць важны крок – прыйсці на рэферэндум і аддаць голас за будучыню краіны”.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.