Какие сорта картофеля предпочитают выращивать ушачане?

Общество

Сярод усіх культур, якія мы вырошчваем на прысядзібных участках, самай першачарговай і неабходнай з’яўляецца менавіта бульба. Пра насенне звычайна клапоцяцца з восені, але і зараз многія думаюць пра пасадачны матэрыял. Завесці новыя сарты ці аддаць перавагу традыцыйным і правераным? Што ж вырошчваюць на сваіх участках жыхары нашага раёна? 
Бульбавод-аматар, які апрабаваў на сваім участку больш сотні розных сартоў, А.У.СЯМЁНАЎ:
– З ранніх сартоў, якія з’явіліся зараз у продажы ў магазіне “Сельгаспрадукты”, – па-за канкурэнцыяй нямецкі “молли”: з жоўтай мякаццю, смачны, разварысты, добра захоўваецца. Ён наогул самы лепшы з ранніх, я ваджу яго ўжо 4 гады. Не саступае “фрэсцы”, бо 2-3 дні пазнейшага выспявання – не ў лік. Прыжыты ў нас ураджайны “дэльфін” таксама жоўты, аднак, на мой густ, саступае па харчовых якасцях. Добры сорт нашай, беларускай селекцыі “крыніца”, не толькі смачны, але і ўстойлівы да фітафтарозу. Прыгадаю яшчэ такія старыя сарты, як “синеглазка”, “неўскі”, “детскосельский”. Гэта не гібрыды, таму ўстойлівыя да вірусаў і родзяць, захоўваюць свае ўласцівасці на працягу дзесяцігоддзяў. І яшчэ аб адным хачу нагадаць нашым гаспадарам: настаў час яравізацыі – на гэта адводзіцца 40 дзён, таму ўжо варта выцягнуць клубні са сховішчаў на святло. Аптымальная для яравізацыі тэмпература – 12-17 градусаў.
З.П.ШЭРШАНЬ:
– Чым вышэй утрыманне крухмалу, тым лепшымі харчовымі якасцямі валодае пэўны сорт. Паспрабавалі шмат сартоў беларускай селекцыі, а ў апошнія гады спыніліся на такіх, як “аксаміт” і “скарб”. “Аксаміт” – з белай мякаццю, разварысты і вельмі смачны, тым больш ён ранні і валодае ўстойлівасцю да фітафтарозу. “Скарб” – сярэдняспелы з жоўтай мякаццю, разварваецца слаба, але валодае добрым смакам. Галоўнае, што выдатна захоўваецца аж да новага ўраджаю і добра расце на розных відах глебы. У мінулыя гады вырошчвалі нядрэнныя па харчовых якасцях сарты беларускай селекцыі “дэльфін”, “талісман”.
В.П.СЯРГЕЕЎ:
– З мноства сартоў, якія зараз можна набыць, аддаю перавагу і вырошчваю на сваім участку ўлітраранні “лілея”. Добрыя харчовыя якасці, устойлівы да фітафтарозу, дае ўраджай нават у цяні, ды і захоўваецца нядрэнна. Наогул, каб бульба давала добры ўраджай, трэба прыкладна праз пяць гадоў мяняць яе сорт.
Т.У.БАЙКО:
– На сваім участку вырошчваю сярэдняпозні “ласунак”, які добра захоўваецца і адносна іншых устойлівы да хвароб. З жоўтай мякаццю і разварысты. Для атрымання больш хуткіх і раўнамерных усходаў звычайна прарошчваю і абаграваю перад пасадкай. Не першы год саджу і такія сарты, як “журавінка” і традыцыйны “синеглазка”.
* * *
У магазіне “Сельгаспрадукты” ў продажы маецца насенная бульба суперэлітных сартоў беларускай селекцыі, кошт якой 5 тысяч рублёў за кілаграм. Найбольшым попытам сярод ушачан карыстаюцца раннія “молли”, “дэльфін”, сярэдняпознія “брыз”, “жывіца”. Таксама пакупнікам прапанаваны такія сарты, як “явар”, “дзіна”, “крыніца”, “блакіт”, “выток”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *