Очень вкусно и полезно отметили районный праздник меда в Ушачах

Общество

Літаральна ўсе пчаляры сёлета скардзяцца на дрэнны “ўраджай”. Халодная вясна, ды і лета нестабільнае, не працавалі пчолы як след. Перакананнем таму і меншая колькасць удзельнікаў раённага свята мёду, што ладзілася ў скверы гарпасёлка 12 жніўня. Можна сказаць, што выставілі прадукцыю толькі тыя, для каго пчалярства стала прафесіяй. Гэта Іван Уладзіміравіч Хамёнак і Анатоль Цярэнцьевіч Марковіч, якія на працягу года рэалізуюць сваю прадукцыю на рынку. Пастаянны ўдзельнік апошніх гадоў Васіль Міхайлавіч Конан, што пашырыў бацькоўскую пасеку ў Стараселлі пасля пераезду на радзіму. І, канечне, Ушацкі лясгас.

Мёд ад Марковічаў…
…Хамёнкаў
…і лясгаса.

Свой тавар лясгас выставіў на некалькіх сталах, і калі дзяўчаты рэалізоўвалі яго, то гаспадар пасекі Сямён Аляксандравіч Пятніца расказваў пакупнікам пра перавагі салодкага прадукту рознага колеру. Быў тут і рапсавы, святлейшы, і разнатраўе. Прадалі, прынамсі, 51 кілаграм. Многія і падыходзілі адразу да іх кутка, што прывабліваў, асабліва дзятву, яшчэ і чучалам ваўка. “Прыватных пчаляроў асабіста не ведаем, а лясгасаўскі мёд набываем не адзін год – правераны”, – казаў Канстанцін Мікалаевіч Цімафееў.

Хаця сваё кола пакупнікоў сфарміравалася, напэўна, у кожнага з пчаляроў. “Летась купляла ліпавы ў гаспадароў са Шнітак, сёлета таксама тут вазьму», – мэтанакіравана ішла да століка Мікалая Васільевіча і Таісы Вікенцьеўны Буракоў Наталля Пятроўна Казьяніна. Дарэчы, гэты стол і апусцеў хутчэй за іншыя. Трымаюць невялікую пасеку, вось і прывезлі нямнога ў параўнанні з астатнімі.

Ведаюць ушачане смак разнатраў’я мёду з ляснога закутка ў Арцюшках. А тым, хто толькі прыглядаўся, канечне, давала спытаць толькі што адкатаны, цемнаваты Галіна Мікалаеўна Марковіч. А муж Анатоль Цярэнцьевіч тлумачыў, што цукрыстасць мёду – справа звычайная і залежыць ад многіх фактараў. Рапсавы, як правіла, “цвярдзее” хутка, ну а іншы можа і да сакавіка стаяць вадкім.

З чаго мёд са Стараселля, можна было ўгадаць. В.М.Конан паказваў фотаздымкі квітнеючых участкаў, спецыяльна засеяных меданосамі – фацэліяй і грэчкай. Ну а І.У.Хамёнак домікі па-ранейшаму перавозіць на месцы з лепшай ношкай. Цэлыя гурбы дзяцей частаваліся ля іх стала, хоць, канечне, нічога не збіраліся купляць. У гэты дзень – дазваляецца, ён асаблівы. Вось і кошт на карысны прадукт на свята мёду знізілі літаральна ўсе – паўлітровы слоік прадавалі па 8 рублёў, хоць на рынку ў звычайны дзень – па 10.

Асноўная выемка мёду ў пчаляроў прыходзіцца на канец жніўня, пакінуўшы на сям’ю каля 8 кілаграмаў. Астатняе – і ёсць здабытак пчаляра, які сёлета ў сярэднім складаў 10 літраў са стаўкі.

Дарэчы, адзін пчаляр усё ж паведаміў, што сёлетні “ўлоў” лепшы, чым летась. Мабыць таму, што свае домікі жыхар Цялічына Міхаіл Мікалаевіч Мацюшэнка спецыяльна перамяшчае бліжэй да лесу.

На два дні раней за Мядовы спас праходзіла свята. Можна было няспешна прадэгуставаць тавар, выбраць самы смачны, а ў нядзелю асвяціць у царкве. Хаця многія рабілі гэта тут жа, дачакаўшыся малітвы і акраплення святой вадой пчаляроў і мёду благачынным Ушацкай праваслаўнай акругі Аляксандрам Таляронкам.

Удзельніцы шоу кветак.

Ну а ў завяршэнні свята галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Іванаўна Гардзіёнак уручыла дыпломы за развіццё народных промыслаў пчалярам, а спецыяльныя – удзельніцам традыцыйнага для гэтага свята шоу-дэфіле “Букет лета”. Якія толькі кветкі не прадставілі дзевятнаццаць дзяўчат: ад беларускіх рамонкаў (Грыдзюшка Карына, Бука Карына, Коўшаль Крысціна), да японскай сакуры ў выкананні Ангеліны Быкавай. Самай жа маленькай артыстцы, Яне Шараевай, было ўсяго 5 гадоў А касцюмы, што рабілі, канечне, з дапамогай мам і культработнікаў усіх раённых сельскіх клубаў, трэба было яшчэ і абараніць. “Букеты” былі вельмі яркімі і цікавымі, той жа дзьмухавец вельмі ўдала абыграла маці Яны, ну а Алеся Дукмасава рыхтавала ўбранне адразу для дзвюх сваіх дачок. І канечне, усё дзейства суправаджалася вакальнымі і харэаграфічнымі нумарамі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *