Ежегодно во второе воскресенье октября в Беларуси отмечается День работников культуры

Общество

Кожны канцэрт – як чарговы іспыт

Песня “Не стерпелось, не слюбилось” спявачкі Наталі для Святланы Аркадзьеўны Лабёнак асаблівая. Бо першая, з якой сольна выйшла на сцэну. Голас па-здрадніцку дрыжэў, хоць “прагнала” яе на вузкае кола слухачоў безліч разоў. Дарэчы, яна і зараз вельмі хвалюецца, калі бярэ ў рукі мікрафон, хаця за чатыры гады працы загадчыцай Кубліцкага сельскага Дома культуры ў яе рэпертуары ўжо 35 твораў: сольных, дуэтам, а таксама ў складзе вакальнага гурта. Але да кожнага чарговага мерапрыемства рыхтуецца як да першага, кожны раз даказвае, што калі ўзяўся за справу, рабіць трэба дасканала, каб спадабалася ўсім.

Суперадказнасць Святланы Аркадзьеўны – канечне, рыса характару. Каталізатарам жа з’яўляецца яшчэ і тое, што яна не мае спецыяльнай адукацыі. Таму штораз выкладаецца, каб наведвальнікі гэтага не заўважылі. Хоць мясцовыя жыхары, зразумела, выдатна ведаюць С.Лабёнак як умелага повара, што шчыравала ў сталовай саўгаса і школы. І па ўсім бачна, паважаюць, у тым ліку і за смеласць у пяцьдзесят узяцца за асваенне новай прафесіі.

– Выдатна, калі ёсць профільная адукацыя, прасцей падрыхтавацца да мерапрыемства. Аднак не гэта галоўнае ў культуры. Асноўнае – уменне арганізаваць, павесці за сабой, а гэтага ў Святланы Аркадзьеўны не адняць, – падкрэслівае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак. – Яна вельмі камунікабельная, з добрымі вакальнымі данымі, таму і ёсць пры клубе касцяк мастацкай самадзейнасці, што здольны правесці канцэрт без удзелу работнікаў раённага цэнтра. І самае важнае, у С.Лабёнак ёсць жаданне працаваць, а навучыцца, калі хочаш, можна ўсяму.

За чатыры гады Святлана Аркадзьеўна “здала” ўжо не адзін іспыт. Бо пагадзіўшыся на пасаду, не ведала, што такое “мінусоўка”, баялася падыходзіць да пульта і мела вельмі аддаленае ўяўленне аб фальклоры. А зараз упраўляе мікшарам нават падчас уласных выступленняў, падбірае на камп’ютары або тэлефоне мелодыі для самадзейных артыстаў, а ў мінулагоднім раённым фальклорным конкурсе нават атрымалі першае месца. Як ухітрыліся, калі канкурыравалі са столькімі вопытнымі калегамі? Святлана Аркадзьеўна сціпла адказвае, што адзнаку выносіла журы, ёй жа дапамагла падабраць песню метадыст раённага цэнтра культуры і “профі” ў гэтым накірунку Галіна Сяргееўна Рудзёнак, яна ж вучыла, як выконваць – цягнуць словы.

Ёсць у іх рэпертуары і не адзін мясцовы твор, што прыгадала кублічанка Ганна Пятроўна Дзівульская. Яна, як і Любоў Восіпаўна Гарнак, Канстанцін Кляпец, Крысціна Коўшаль – і ёсць той касцяк, што выручае на любых мерапрыемствах. Вось і падчас свята вёскі Забалацце, дзе іх віталі хлебам-соллю, за мікрафонам усё тыя ж артысты. Рэжысёр клуба, ураджэнка гэтай вёскі Таццяна Іванаўна Касцючэнка, канечне, прыгадала і гісторыю населенага пункта, і ўсіх жыхароў. Правялі падобнае таксама ў Бычках. Усім вельмі спадабалася, таму і на наступны год мяркуюць працягнуць адноўлены накірунак работы з насельніцтвам.

Мабільнымі сталі толькі сёлета, бо вырашылася пытанне з музыкай. Як пераможцы раённага конкурсу за лепшае ўпрыгожанне залы набылі два дадатковыя мікрафоны, а Косця Кляпец выручае ўласнай калонкай, да якой падключаюць флэшкі з запісамі. Юнак вельмі любіць спяваць, таму прыбягае на рэпетыцыі нават у перапынках паміж дойкамі кароў. Ён аператар, як і члены вакальнага калектыву “Мара” Ніна Уладзіміраўна Коўшаль і Таццяна Мікалаеўна Коршун. На рэпетыцыі “Эцюда”, дзе ставяць сцэнкі, чытаюць гумарэскі, прыходзіць таксама Тамара Восіпаўна Грыневіч. Ну а на аб’яднанне “Сяброўкі” і гурток “Кветкаводства” збіраецца паболей жанчын: дзеляцца сакрэтамі па хатняй гаспадарцы, ды і вялікую тэрыторыю вакол будынка былой школы разам упрыгожваюць. Дзіцячыя гурткі працуюць па выхадных, а вось мерапрыемствы праходзяць і ў будныя дні. У мінулы чацвер, напрыклад, яно было прысвечана незвычайным жывёлам. “Сама ўпершыню даведалася, што важаняты нараджаюцца голымі і абрастаюць за некалькі гадзін”, – усміхаецца Святлана Аркадзьеўна і падкрэслівае, што хоць і існуе падзел абавязкаў, усе мерапрыемствы праводзяць разам з Таццянай Іванаўнай. Дапамагае і бібліятэкар Вераніка Генадзьеўна Кляпец. “Штатнай” вядучай стала кіраўнік справамі Кубліцкага сельвыканкама Алена Дзмітрыеўна Чырвоная, якая едзе ўвечары ці выхадны з Двор Пліна. Ну а касцюм Дзеда Мароза прымерыў нават зяць Святланы Аркадзьеўны. Што ж, гэтае свята з сямейнага ўсё роўна ператварылася ў рабочае: прадстаўленне распачынаецца ў восем вечара і пасля гадзіннага перапынку “на бой курантаў” працягваецца да раніцы. Але менавіта яго С.Лабёнак лічыць сваім любімым. Бо зала перапоўнена, а самае галоўнае ў рабоце культработніка – калі ёсць для каго працаваць. Асаблівым жа цэнзарам яна лічыць Р.В.Пабойневу – былую загадчыцу клуба, да якой перш за ўсё і прыйшла за парадамі. Аднойчы пасля мерапрыемства Раіса Васільеўна падышла да сваёй вучаніцы і сказала, што ёй вельмі спадабалася. І не толькі ёй. Лічы што не было свабодных месцаў і на “Свята беларускай хаты”, хоць праходзіла яно ў выхадны дзень у ліпені. На вёсцы ў гэты час проста безліч клопатаў, але людзі прыйшлі. Як прыйдуць яшчэ не на адно свята.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Дынастыя “Матырынскай спадчыны”

Галіна Сяргееўна, Аляксандра Іванаўна і Павел Рудзёнкі.

Гэты здымак зроблены сёлета на 35-ю юбілейную вечарыну народнага калектыву “Матырынская спадчына”. Тады ж і прагучала, што ў гэтым гурце выступае ўжо пятае пакаленне сям’і Рудзёнкаў. Першай удзельніцай, а таксама дарадчыцай у зборы матэрыялу была Арына Дзмітрыеўна, свякроў Аляксандры Іванаўны, якая на працягу многіх гадоў дапамагала нявестцы і заснавальніцы Галіне Сяргееўне. Яна ў сваю чаргу працавала не толькі са старэйшымі аднавяскоўкамі, але і аб’яднала ў “Спадчыну” матырынскіх дзяцей. У першы склад танцавальнага калектыву ў 1995 годзе ўваходзіў яе сын Васіль і нявестка Ганна, а зараз на сцэне выступае іх дзесяцігадовы сын Павел. Яшчэ адна іх сямейная асаблівасць – усе ведаюць і спяваюць прыпеўкі.

 

“Добры дзень, цёця Надзя!”

Пачуўшы нядаўна ў час паездкі ў Полацк знаёмае “цёця Надзяяя!”, гераіня нашага аповеду тут жа спынілася. Не адразу пазнала ў статным мужчыне колішняга хлапчука з Вялікіх Долец, які прыязджаў у Касарскі сельскі клуб на танцы. За 26 гадоў на пасадзе загадчыцы культустановы Н.Азаронак знайшла свайго гледача, адкрыла сярод вяскоўцаў не адну сотню талентаў.

Дарэчы, прыгаданы зварот быў для ўраджэнкі Сенненскага раёна агульнапрынятым. Так яе называлі школьнікі, якія прыходзілі ў клуб. Так звярталіся малодшыя калегі. І нават былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Гарбачоў, калі дазваляла сітуацыя, “афіцыйнае” Надзея Уладзіміраўна гэтак жа замяняў на цёплае “цёця Надзя”.

Між тым, трапіць у сферу культуры жанчына не меркавала. Пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута яна прыехала ў Касары, уладкавалася галоўным заатэхнікам у мясцовую гаспадарку. Шчыравала на славу. Але праз колькі год па сямейных абставінах была вымушана шукаць новае месца – з больш “гібкім” графікам і каб да дому бліжэй. Паспрабаваць сябе ў новай ролі – загадчыцы клуба – угаварыў муж Генадзь, знатны гарманіст на вёсцы. Дарэчы, і сам дапамагаў другой палавіне ў арганізацыі канцэртаў, стаў акампаніятарам вакальнай групы, якую стварылі мясцовыя пявунні. Выступалі не толькі ў Касарах – нярэдка выязджалі з нумарамі ў райцэнтр.

Падтрымалі культработніка і мясцовыя педагогі. Практычна ўсе школьныя мерапрыемствы “перакачавалі” ў памяшканне клуба. Падчас адной з рэпетыцый, калі на сцэну выйшлі некалькі вучняў, а ў зале сабраліся дзясяткі зацікаўленых, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лідзія Ільюшэвіч агучыла цікавую прапанову: “А давайце паспрабуем усе разам!” Атрымалася весела і цікава – масавы падыход загадчыца клуба ўзяла на ўзбраенне. Неяк сацыяльны педагог Алена Волах папрасіла правесці мерапрыемства з сем’ямі – так у работу ўключыліся дарослыя. Дарэчы, непасрэдны ўдзел у сцэнках прымалі і самі настаўнікі.

“А якой цікавай была наша справа па адраджэнні побытавых танцаў! – расказвае Н.Азаронак. – З цяперашнім начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пятром Алексяёнкам, а тады хлапчуком гадоў 12-ці хадзілі па мясцовых бабулях, збіраючы фальклорны матэрыял. Танцаваць “кракавяк”, “падэспань”, “нарэчаньку” нас вучыла Лізавета Лазараўна Баратынская, “жаніць Цярэшку” – Раіса Сцяпанаўна Губін. Вось толькі ўзнікла пытанне: як гэтыя навыкі перадаць іншым? Рашэнне дапамаглі знайсці дырэктар школы Міхаіл Хоміч і яго намеснік Рыма Аніскевіч – выдзелілі для рэпетыцый прасторную спартзалу. Адначасова прыходзілі сюды вучні 5-11 класаў, часам – звыш 100 юнакоў і дзяўчат. Я ж абавязкова апранала сукенку, абувала чаравікі на абцасіках – і разам з П.Алексяёнкам паказвалі ўсім “клас”. Тыя, у каго не надта атрымлівалася, паступова “адсейваліся”. Самыя ж спрытныя танцоры ўвайшлі ў склад фальклорнага клуба, на рахунку якога пазней было нямала творчых перамог, у тым ліку абласнога ўзроўню”.

Не менш іх было і ва ўдзельнікаў касарскога клуба вясёлых і знаходлівых. “Ну ўсё, раз прыехалі Раманоўскія, значыць, перамогі нам не відаць”, – казалі сапернікі. Дарэчы, старэйшы з братоў Дзмітрый валодаў і выдатнай памяццю – ужо пасля адной рэпетыцыі ведаў словы ўсіх удзельнікаў каманды і мог лёгка падказаць.

Набліжаецца свята – і да Надзеі Уладзіміраўны бягуць школьнікі, дарослае насельніцтва. Трэба ж высветліць, чым на гэты раз будуць здзіўляць публіку. Завадную “Марачку”, падчас выканання якой Юлія Алексяёнак ледзь спадніцу не згубіла, навагодняе прадстаўленне “Карнавальная ноч на новы лад” касаране ўспамінаюць дагэтуль. Ну а на “Вяселлі ў Малінаўцы” ў зале быў сапраўдны аншлаг – на пастаноўку прыехалі і з суседніх вёсак. Яўген Фледжынскі ў ролі Папандопалы стаў сапраўдным кумірам многіх. Артыстычныя здольнасці адкрыла ў сабе тэхнічка культустановы Вольга Бычынская, якая пераўвасобілася ў Гапусю.

“Не злічыць выпадкаў, калі маіх артыстаў пасля выступлення выклікалі “на біс”, – з гонарам расказвае Н.Азаронак. – Памятаю, як выдатна спявалі пад гітару цяперашнія старшыні сельвыканкамаў Міхаіл Хоміч і Алег Сыс. Як спрабавалі сябе на сцэне мае дачка з сынам. Як праводзілі Дні вёсак, куды з немалым багажом – гармонікам ды рознымі ўборамі – ездзілі на веласіпедах. Як да нас у Касары для вывучэння вопыту работы прыязджаў сам Іван Крук, беларускі фалькларыст, кандыдат філалагічных навук. І як мае калегі з іншых рэгіёнаў, калі падчас праходжання курсаў павышэння кваліфікацыі дзялілася сцэнарнымі распрацоўкамі, запісвалі ўсё ад “а” да “я”, прасілі прыйсці назаўтра як мага раней”.

…Надзея Уладзіміраўна любіць перабраць узнагароды ўласныя і сваіх падапечных, перагледзець фотаздымкі з праведзеных мерапрыемстваў – і зноў акунуцца ў цікавыя, насычаныя культурныя будні, якімі жыла сама і доўгі час дарыла вяскоўцам. Традыцыйна падзякуюць за гэта ў прафесійнае свята жанчыны яе шматлікія самадзейныя артысты, удзячныя гледачы. Пачнецца ж такая размова з прывычнага для ўсіх “Добры дзень, цёця Надзя!”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 

Да прафесійнага свята Падзякай міністра культуры за шматгадовую і добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм адзначаны начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.Алексяёнак. Ганаровай граматай упраўлення культуры аблвыканкама ўзнагароджана рэжысёр цэнтра культуры І.Клачок. Грамата Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ўручана загадчыку аддзела метадычнай работы М.В.Дрозд. Учора на ўрачыстым мерапрыемстве граматы аддзела за добрую работу атрымалі Г.Мялешка, М.Хвошч, І.Коршун, А.Іўліева, В.Чумакова, А.Грыневіч, В.Лягчыліна. Традыцыйна ўшаноўвалі і тых, хто ў гэтым годзе адзначае юбілей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *