Знаменитый баянист Трофим Антипов преподает в Ушачской детской школе искусств

Общество

У кожнай сферы дзейнасці ёсць прызнаныя карыфеі. Калі размова заходзіць пра беларускі баян, то ў іх ліку абавязкова будзе ўзгаданы Трафім Анціпаў – адзін з лепшых выканаўцаў не толькі айчыннай, а і міжнароднай сцэны. Пералічваць яго дасягненні можна доўга: гэта і высокія дзяржаўныя ўзнагроды, і шматлікія трыумфы на прэстыжных музычных форумах (у скарбонцы маэстра 36 конкурсных трафеяў), і гастрольныя туры па розных кантынентах. Пры гэтым баяніст-віртуоз знаходзіць час і для плённай выкладчыцкай дзейнасці – дае майстар-класы і вядзе заняткі для юных баяністаў. Днямі мы атрымалі прыемную і даволі сенсацыйную інфармацыю: у гэтым навучальным годзе Трафім Аляксандравіч будзе выкладаць баян ва Ушацкай школе мастацтваў. Вядома ж, нам захацелася пазнаёміць чытачоў “Патрыёта” з гэтым неардынарным чалавекам.

Пачалася ж наша гутарка з прадказальнага пытання – якія шляхі прывялі маэстра ў невялікі райцэнтр Прыдзвіння? “Ва Ушачах я ўжо бываў раней – прыязджаў з канцэртамі. І застаўся ў захапленні ад прыгажосці тутэйшых мясцін. Мяне, заўзятага рыбака, моцна ўразілі незлічоныя азёры. І, канечне, асаблівых слоў заслугоўвае ваша новая школа мастацтваў – за два дзесяцігоддзі актыўнай дзейнасці аб’ехаў літаральна ўсе райцэнтры краіны і магу засведчыць, што падобныя прасторныя сучасныя будынкі ДШМ можна пералічыць па пальцах. Падабаецца добразычлівасць ушачан, ну а пра таленты мясцовых вучняў і педагогаў ведаю не па чутках: добра знаёмы з выдатнай акардэаністкай Наташай Шах, парадаваўся і поспеху юных баяністаў на сёлетнім Вішнёвым фестывалі”, – патлумачыў Трафім Аляксандравіч. А яшчэ прызнаўся, што ніколі не імкнуўся жыць і працаваць у мегаполісах, бо правінцыя мае свой непаўторны, натуральны каларыт.

Нарадзіўся будучы музыкант у Казахстане, дзе бацька-афіцэр праходзіў ваенную службу. А першым яго педагогам стала мама Валянціна Рыгораўна, якая выкладала баян у музычнай школе. Хлопчык быў настолькі адораны, што апроч прыгаданага аддзялення скончыў яшчэ чатыры: акардэона, скрыпкі, фортэпіяна і гітары! Але баян быў па-за канкурэнцыяй: па меркаванні музыканта, гэты інструмент мае самыя неабмежаваныя магчымасці, таму на ім можна выканаць літаральна любы твор.

Тым часам прыйшлі і першыя поспехі. Пра тое ж, як яны дасягаліся, сведчыць такі эпізод: у Санкт-Пецярбургу праходзіў прэстыжны конкурс імя Андрэева, і 14-гадовы юнак настолькі моцна жадаў у ім перамагчы, што напярэдадні рэпеціраваў 13 гадзін запар! Цікава, што баян быў не адзіным захапленнем Трафіма. Шмат часу ён прысвячаў любімаму віду спорту – боксу, дзе таксама дасягнуў значных вынікаў.

Трафім Аляксандравіч з’яўляецца арганізатарам многіх творчых праектаў, уваходзіць у журы самага прэстыжнага конкурсу сярод баяністаў і акардэаністаў “Трафей Свету”, які штогод праходзіць у розных краінах.

Аднак музыка пераважыла – малады чалавек стаў студэнтам Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, дзе займаўся ў класе заслужанага артыста Расіі, прафесара Аляксандра Іванавіча Дзмітрыева. Працягнуў адукацыю ў магістратуры Беларускай акадэміі музыкі ў класе заслужанага артыста Беларусі, прафесара Мікалая Іванавіча Сеўрукова.

Канечне, перспектыўны баяніст мог застацца ў Расіі, аднак вярнуўся ў Беларусь – на радзіму сваіх продкаў, бо менавіта для росквіту роднай культуры жадаў прыкладаць свае сілы і таленты. Зрэшты, у расійскія гарады ён пазней вяртаўся ў рамках гастрольных тураў. Беларускаму віртуозу апладзіравалі таксама ў Германіі, Францыі, Італіі, Аўстрыі, Партугаліі, Кітаі і шэрагу іншых краін. На пытанне ж, якая з іх асабліва ўразіла, Трафім адказвае: “Японія! Гэта зусім іншы свет, быт, культура. Памятаю, як аднойчы ў наш нумар зайшоў засмучаны імпрэсарыо, каб паведаміць, што не здолеў своечасова забраніраваць зваротныя білеты і нам давядзецца затрымацца ў горадзе Осака на пару дзён. Мы ж толькі ўзрадаваліся яго прамашцы!”

Павандраваўшы па свеце, Т.Анціпаў вырашыў, што надышоў час запрасіць лепшых баяністаў і акардэаністаў у Беларусь. Так быў створаны міжнародны конкурс “AccoPremium”, які вось ужо пяты год праходзіць у нашай краіне.

І вось зараз гэты чалавек будзе ў вольны ад гастроляў час адкрываць сакрэты выканаўчага майстэрства юным ушачанам (дарэчы, прагляд у клас, які набірае маэстра, могуць прайсці дзяўчынкі і хлопчыкі з 6-і год). А напрыканцы нашай размовы Трафім Аляксандравіч на поўным сур’ёзе зазначыў: “Будзем працаваць над тым, каб Ушачы сталі цэнтрам беларускага баяна і акардэона”. Заява амбіцыйная, але мы толькі за тое, каб яна ператварылася ў жыццё!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *