Как развивать личные подсобные хозяйства граждан?

Личное подсобное хозяйство

У 2010 годзе ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян вырашчана 1052,4 тоны зерня, 10,9 тысячы тон бульбы, 3,9 тысячы тон агародніны, атрымана 4,6 тысячы тон малака, 4222,3 мільёна штук яек, вырошчванне жывёлы і птушкі склала 769,5 тоны. У мінулым годзе з асабістых падворкаў грамадзян сабрана 1156,9 тон малака. ПУП “Сарочына” рэалізавала насельніцтву 767 парасят (у гэтым годзе 485 галоў).

Прадукцыя, атрыманая насельніцтвам, складае каля 39 працэнтаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна і займае значную долю ў структуры спажывання.
Тэма развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян з’яўляецца актуальнай, менавіта гэтае пытанне разглядалася на апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
Па выніках работы за прайшоўшы год вытворчасць прадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян склала 104,6 працэнта пры заданні 110. Гэта абумоўлена перш за ўсё тым, што ўсё больш хуткімі тэмпамі змяншаецца колькасць асабістых гаспадарак. Так, напрыклад, калі ў 2010 годзе ў гаспадарках грамадзян нашага раёна налічвалася 1089 кароў, то ўжо сёння іх колькасць скарацілася да 878. Мінімум агародніны імкнуліся пасадзіць на сваіх прысядзібных участках грамадзяне. Сёлета, калі цэннікі на многія віды агародніны рэзка падскочылі, людзі зрабілі большы акцэнт на атрыманне прадукцыі са сваіх сотак.
Трымаць падсобную гаспадарку складана ва ўсе часы, і для таго, каб людзі імкнуліся гэта рабіць, неабходны пэўны стымул і выгада. І, нягледзячы на тыя мерапрыемствы, якія накіраваны на падтрымку асабістых гаспадарак, некаторыя праблемы ўсё ж існуюць.
Лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі грамадзяне могуць здаць у каапнарыхтпрам. Аднак ці выгадна гэта зрабіць? Ці каштуе гэта затрачаных сіл? Сітуацыю на пасяджэнні аналізаваў дырэктар каапнарыхтпрама І.В.Полазаў. Прадпрыемства з задавальненнем закупляе ў грамадзян прадукцыю з асабістых падсобных гаспадарак, аднак людзі не вельмі актыўна яе здаюць. І на гэта ёсць пэўныя прычыны. Па-першае, насельніцтва раёна старэе, і сярод тых, хто вырошчвае сёння агародніну, большасць людзей перадпенсіённага і пенсіённага ўзросту, якія садзяць выключна для ўласных патрэб. Па-другое, самы ключавы момант у гэтым пытанні – кошт. Тыя закупачныя цэны, якія фарміруюцца каапнарыхтпрамам на прадукцыю, не заўсёды адпавядаюць яе рыначнаму кошту. А таму іншы раз свае лішкі чалавек імкнецца здаць структурам ці прадпрымальнікам, якія больш плацяць. Напрыклад, цяпер каапнарыхтпрам закупляе ў насельніцтва цыбулю, але хто, захоўваючы яе ўсю зіму, сёння здасць за тысячу рублёў, калі на паліцах магазінаў і рынка яна каштуе трох тысяч. Пытанне рытарычнае. І, як адзначыў І.В.Полазаў, якасць вырашчанай прадукцыі часта пакідае жадаць лепшага.
Збоку каапнарыхтпрама ў гэтым накірунку многае робіцца для зручнасці і выгады грамадзян. Заключаюцца дагаворы на вырошчванне агародніны, у якіх усё прадугледжана для таго, каб чалавек быў упэўнены ў збыце сваіх лішкаў. І для многіх гэта важна, не ў кожнага ёсць магчымасць вывезці яе на рынак і прадаць. А тут – самі прыедуць, забяруць і заплацяць грошы. Ужо заключана 50 такіх дагавораў на пастаўку 13 тон бульбы, 40 тон яблыкаў, каля 10 тон агародніны. Аднак гэта нязначныя аб’ёмы адносна таго, колькі неабходна нарыхтаваць і могуць закупіць.
Асобная тэма – вырошчванне жывёлы. Насельніцтва ў большасці сваёй пры здачы жывёлу аддае перавагу камерсантам, а ў каапнарыхтпрам звяртаюцца нячаста. Зразумела чаму – першыя закупляюць па рыначных цэнах, у другім выпадку дзейнічаюць дзяржаўныя закупачныя.
Старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў засяродзілі ўвагу на яшчэ адным праблемным моманце. Калі ў вас ёсць, напрыклад, вядро парэчак, кілаграм 10 агуркоў ці мех лішняй бульбы, то перш чым здаць вырашчанае, неабходна звярнуцца ў сельсавет і атрымаць адпаведную даведку, што ў вас ёсць уласны прысядзібны ўчастак. На гэта затрачваецца нямала часу, асабліва, калі сельсавет знаходзіцца ў іншым населеным пункце.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч сказала, што пытанне адмены такіх даведак ужо падымалася на абласной сесіі Савета дэпутатаў, але пакуль што рашэнне аб іх адмене не прынята.
Тыя, хто трымае кароў, маюць магчымасць здаваць малако дзяржаве і без затрымак атрымліваць грошы. Два прыватныя прадпрыемствы – “Ставр” і “Сямёныч” – ажыццяўляюць збор малака ў насельніцтва. На сённяшні дзень літр малака каштуе ўжо 1060 рублёў, і гэта адчувальны дадатковы заробак. За студзень-красавік насельніцтвам здадзена 210 тон малака, – прагучала ў дакладзе галоўнага спецыяліста райсельгасхарча Л.М.Міхаль. Пастаянна праводзяцца праверкі якасці здаваемай прадукцыі. Ёсць і праблемныя моманты, напрыклад, скаргі наконт неадпаведнасці тлустасці малака. У такіх выпадках выязджае камісія, і робіцца кантрольны адбор малака на вызначэнне тлустасці.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК П.М.Хвашчэўскі прааналізаваў работу сельгаспрадпрыемстваў па ўключэнні ў калектыўныя дагаворы мерапрыемстваў па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак сваіх работнікаў.
Свае меркаванні і перспектывы па тэме, што разглядалася, выказалі таксама члены прэзідыума, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.М.Падаляк, якая таксама прыняла ўдзел у рабоце прэзідыума.
Пытанне падтрымкі і развіцця асабістых падсобных гаспадарак знаходзіцца на пастаянным кантролі ў райвыканкаме і Савеце дэпутатаў. І гэта работа прынясе вынікі тады, калі будзе насіць сістэмны і мэтанакіраваны характар, калі інтарэсы дзяржавы і прыватніка супадуць.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *