Жители деревень Ушачского сельсовета довольны своевременным обмолотом своих участков

Личное подсобное хозяйство

Нервы старэйшыны вёскі Цялічына Галіны Ігнатаўны Косых (на здымку) ужо ў спакоі. Дзесяць мяхоў зерня стаяць у гаражы, і не трэба штодня з хваляваннем глядзець на неба. Так, жыхарам гэтай вёскі пашчасціла – іх палоскі абмалацілі нават раней, чым гаспадарка завяршыла жніво. Кіраўнікі “Райаграсэрвіса” і Ушацкага сельвыканкама выкарысталі час, неспрыяльны для масавага абмалоту хлябоў на плошчах гаспадаркі, для ўборкі палосак прыватнікаў.

Па кожнай вёсцы папрацавалі старэйшыны, абышлі ўладальнікаў, паведамілі расцэнкі і сабралі грошы. Яны былі патрэбны для таго, каб камбайны не прастойвалі, на іх загадзя куплялася паліва. Некаторыя гаспадары запасліся ім самастойна. І заставалася толькі жаць. У Лутаве Сяльцы працэсам кіраваў Васіль Васільевіч Пятроўскі, які на ўласным транспарце загадзя прывёз салярку, а потым суправаджаў камбайнера, паказваючы, дзе іх чакаюць прыватнікі.

У Цялічыне людзі, каб паспець паміж дажджоў абмалаціць збажыну, згуртаваліся, як мурашы. Дапамагалі адзін аднаму падкідваць пад жняярку сухую збажыну, трымалі плёнку, каб не прасыпаліся зярняты, падганялі прыватныя трактаркі, каб перавезці мяхі з поля да дому.

Камбайнер Руслан Апёнак як мясцовы выдатна ведаў, дзе размешчаны палоскі жыхароў Двор Пліна, аднак каб у вялікай вёсцы працэс не замаруджваўся, увесь дзень камбайнера суправаджаў Валерый Уладзіміравіч Літвін. А калі паступіў загад накіроўвацца на палі гаспадаркі на Завячэльскі бок, Руслан Алегавіч раніцай завітаў у Пушчу – адзіную вёску, што засталася неабмалочанай у гэтым баку. Занадта вялікая раскоша рабіць доўгія пераезды пры дэфіцыце паліва.

А вось жыхары Заазер’я, Салонца, Строктаў, Цялічына бязмерна ўдзячны за чуласць, цярпенне і прафесіяналізм зусім немясцоваму камбайнеру Генадзю Краснову. “Шчыра кажучы, хацеў ячмень ужо заараць, таму не касіў і не складаў, – кажа І.Н.Косых, – дзеля двух мяхоў не бачыў сэнсу марнаваць час. І не паверыў, калі засыпаў дзесяць з паловай мяхоў. Так вымалаціў Генадзь, так зрэзаў нізенькі ячмень сяміметровай жняяркай, што цырульнік так не зробіць. Я сам у былым камбайнер і магу сказаць, што ён сапраўдны прафесіянал і вялікі яму дзякуй”.

Генадзь Аляксандравіч – вадзіцель Дубраўскай бальніцы, не першы год прыходзіць на дапамогу як аграрыям, так і прыватнікам. У адзінаццатай гадзіне вечара пры святле фар заканчвалі абмалот у пятніцу ў Матырыне. Да гэтага часу ў кабіне разам з камбайнерам знаходзіўся і спецыяліст “Райаграсэрвіса” Ірына Пятроўна Кашыцкая, якая прымала ў людзей грошы. Ці трэба казаць, што расцэнкі 1,6 рубля за сотку – гэта сімвалічны кошт, накіраваны не на прыбытак гаспадаркі, а на частковае пакрыццё затрат. Абмалот палосак прыватнікаў быў і застаецца сацыяльнай паслугай, як і падтрымка асабістай гаспадаркі беларусаў – дзяржаўным клопатам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *