Семья Хадан из агрогородка Великие Дольцы работает не покладая рук, чтобы справиться с большим подсобным хозяйством

Личное подсобное хозяйство

Іх гісторыя жыцця падобна на тысячы лёсаў равеснікаў – нарадзіліся ў “эпоху застою” ў невялічкіх вёсачках, стварыўшы сям’ю, з цягам часу перабраліся ў цэнтр гаспадаркі. Зажываліся ўласным мазалём, а гадаваць дзяцей ва ўсе часы дапамагала вялікая падсобная гаспадарка. А вось тут падабенства і заканчваецца, бо Рыгор Васільевіч і Тамара Мікалаеўна Хадан нягледзячы на тое, што жывуць зараз, па іх словах, “у аграгорадзе”, у адрозненні ад большасці вяскоўцаў ад традыцыйнага ўкладу сялянскага жыцця не адышлі.

Застаць гаспадароў дома вельмі цяжка. Рыгор Васільевіч працуе механізатарам у КУСГП “Вялікадолецкае”, а на абслугоўванні сацыяльнага работніка Тамары Мікалаеўны знаходзіцца 9 адзінокіх бабуль не толькі ў аграгарадку, а і ў суседняй Старыне і не вельмі блізкім Замошшы. Мне пашчасціла літаральна “злавіць” яе ля новай сядзібы, выдзеленай некалькі год таму гаспадаркай – спякотным поўднем у перапынку паміж візітамі да сваіх падапечных жанчына заскочыла на некаторы час дадому, каб пакарміць і напаіць жывёлу. Колькасць яе зараз знізілася – акрамя курэй і кабаноў трымаюць Хаданы толькі дзве каровы. “Толькі”, бо калі ў сям’і падрастала трое дзяцей, “рагуль” было і тры, і чатыры! Зрэшты, пагалоўе буйной рагатай жывёлы зараз усё роўна ўражвае – разам з дойнымі каровамі гаспадыню чакалі ў хлявах яшчэ падцёлак і дзве цялушкі!

– Спякотна, вось і перайшлі на начное ўтрыманне, каб не мучыць жывёлу – тлумачыць Тамара Мікалаеўна. – Гадзін у восем вечара навязваем, а раніцай запіраем.

Жывёлу гаспадары пасвяць на ўзятай у арэнду зямлі – за 5 гектараў угоддзяў выплачваюць больш за паўтара мільёна рублёў падатку. На прысядзібным участку вырошчваецца звыклы для вяскоўцаў набор раслін, але памеры плошчаў пад імі наўрад ці назавеш стандартнымі – паўгектара бульбы, каля 10 сотак буракоў, доўгія шарэнгі перцаў і іншых культур.

– Змалку да такой працы прывыклі, – з уласцівай вяскоўцам адкрытасцю расказвае аб сабе Т.М.Хадан. – У сям’і мужа, што жыла ў Есяновіках, было шасцёра дзяцей. Рана таты не стала, і Рыгор працаваць пачаў з 16 гадоў. Мае бацькі, вясковыя інтэлігенты, нарадзілі чатыры дзяўчыны. Мама настаўніцай у Судзілавічах працавала, бацька – у сельвыканкаме, а жылі ў Забалацці. 10 класаў скончыла без троек, хацела паступаць у інстытут або тэхнікум – туды мяне прымалі без экзаменаў. Але сястра – мы двайняты – не прайшла па конкурсе. Разлучацца не хацелася, таму і аддалі разам дакументы ў Віцебскае вучылішча №16, дзе атрымалі прафесію повара. Потым працавала ў Віцебску, Полацку, але так сталася, што трэба было дапамагаць бацькам і я вярнулася на радзіму. Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася – уладкавалася ў школьнай сталовай. Пасля закрыцця школы ў Судзілавічах, ужо 17 год сацыяльным работнікам працую. Ні ў мужа, ні ў мяне ніколі не было высокіх заробкаў, а жыць хацелася не горш за іншых. Таму і трымалі заўсёды шмат жывёлы, уцягнуліся.

Менавіта ў працы і меншых дзецях, якіх трэба было ставіць на ногі, яна знайшла выратаванне, калі сям’я перажыла трагедыю – заўчасна загінуў старэйшы сын. “Спаць не магла, таму працавала да такой ступені стомы, што валілася з ног… Тады прыходзіла чаканае забыццё!” – з болем успамінае жанчына. Гадавалі і здавалі быкоў, лішкі малака, яшчэ не так даўно былі ў гаспадарцы кныр і свінаматкі. Каб пракарміць такую жыўнасць, ніякіх рук не хопіць, таму набылі спачатку трактар, а потым яшчэ і мотаблок. Гэта патрабавала вялікіх укладанняў, але гаспадарка вельмі выручала, калі, напрыклад, куплялі за ўласныя сродкі дом, ці не так даўно для будаўніцтва кватэры ў Віцебску сыну была патрэбна вельмі вялікая сума грошай.

Наогул, Тамара Мікалаеўна лічыць, што толькі лянівы скардзіцца на недахоп часу, а чалавек працавіты заўсёды знойдзе яго для любой справы. Падымацца гаспадары прывыклі вельмі рана, узімку яшчэ няма святла ні ў адным акне суседзяў па вуліцы. З жаночай работай спраўляцца цяпер прасцей – пральная машына, мікрахвалевая печ і іншыя “разумныя” прылады эканомяць час. Нягледзячы на ўсе клопаты знаходзіць яго Тамара Мікалаеўна і для простых жаночых радасцей, любіць увечары пачытаць, хаця і прыходзіцца з­за гэтага парадкаваць агуркі ў гадзіну ночы. Гатаваць жа стравы для яе не абуза, а задавальненне. “Спецыяльнасць абавязвае!” – усміхаецца жанчына.

І зараз, калі Тамара Мікалаеўна ўжо на пенсіі, а Рыгор Васільевіч хутка збіраецца на заслужаны адпачынак, іх хата поўніцца звонам дзіцячых галасоў – побач жыве дачка з зяцем і двума маленькімі дзецьмі.

– Для іх у большай ступені і стараемся, – тлумачыць гаспадыня прычыну таго, што памер асабістай гаспадаркі не змяншаецца прапарцыянальна пражытым гадам. – Здароўе пакуль дазваляе, дзеці дапамагаюць, ды і ім капейка ніколі не лішняя. Мяне гады не палохаюць – сын з дачкой бачаць усё, Алеся кажа: “Я, мама, вас з бацькам даглядаць буду!” А сын вось пад Віцебскам дачу пачаў будаваць, у сваю чаргу сцвярджае: “Гэта і ваш дом – бліжэй да старасці да мяне пераедзеце”. Андрэй мой ужо сапраўдным гараджанінам стаў, а ў нявесткі манікюр такі, што кароўку маю наўрад ці падаіла б, нават каб захацела. Але гэта я так, да жарту – яна гаспадыня добрая, сына майго шануе і дзіцё даглядае. Ведаеце, мне ў маладосці вельмі горад падабаўся, але аб тым, што вярнулася да вясковага жыцця, ніколі не шкадавала – кожнаму сваё…

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *