Поддержка личных подсобных граждан

Личное подсобное хозяйство

Якіх сіл і сродкаў сёння каштуе вясковаму чалавеку вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі? Атрымаць прадукцыю, вырасціць добры ўраджай не так і проста. І чалавек ахвотней бярэцца за справу, калі адчувае матэрыяльную выгаду і падтрымку дзяржавы. У апошні час развіццю асабістых падсобных гаспадарак удзяляецца асаблівая ўвага і гэта невыпадкова, бо імі вырабляецца 39 працэнтаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна, у тым ліку зерня – 8 працэнтаў, бульбы – 89, агародніны – 96, пладоў і ягад – 99, малака – 23,7, яек – 100. Акрамя гэтага, прадукцыя ўласнай вытворчасці займае значную долю ў структуры спажывання насельніцтва.
Развіццё і падтрымка асабістых падсобных гаспадарак грамадзян абмяркоўвалася і на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў. Як адзначыў у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянкоў, гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі райвыканкама.
Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна і сельскія выканаўчыя камітэты пастаянна аказваюць дапамогу ў развіцці падсобных гаспадарак грамадзян. Так, за 9 месяцаў бягучага года аказана паслуг насельніцтву на 65,1 мільёна рублёў, у тым ліку па апрацоўцы прысядзібных участкаў – 27,2 мільёна рублёў, асемяненні кароў – 4,6. Акрамя гэтага, рэалізавана насельніцтву 370 тон зерня па сярэднім кошце 600 рублёў за кілаграм (сярэдні кошт камбікармоў – ад 1500 да 3000 рублёў за кілаграм), 1649 тон сена, 201 галава маладняку буйной рагатай жывёлы для вырошчвання, каля тысячы тон арганічных угнаенняў. Выдзелена 457 гектараў пашаў, з іх на плошчы 83 гектары праведзена перазалужэнне. ПУП “Сарочына” за 9 месяцаў рэалізавала насельніцтву 924 галавы парасят, што на 157 галоў больш, чым за ўвесь (!) мінулы год.
Трэба адзначыць, што ў бягучым годзе намецілася станоўчая тэндэнцыя па закупцы малака ў насельніцтва. Збор малака з асабістых падворкаў грамадзян за студзень-жнівень склаў 674,8 тоны, што на адну карову — 769 кілаграмаў, а гэта 110 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года.
Разам з тым існуюць праблемы, якія негатыўна ўплываюць на развіццё асабістых падсобных гаспадарак. Адна з такіх – адсутнасць або малы асартымент у магазінах раёна камбікорму, мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслін. Так, напрыклад, у ходзе выбарачнай праверкі ў верасні выяўлена поўная адсутнасць камбікармоў у магазінах вёсак Казімірова і Глыбачка, толькі адзін яго від меўся ў магазіне аграгарадка Вялікія Дольцы. У вясенне-летні перыяд грамадзяне гарпасёлка не маглі набыць камбікорм для маладняку птушкі. На працягу восені адсутнічалі мінеральныя ўгнаенні ў Арэхаўне, Вялікіх Дольцах, Казімірове.
Згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2010г. №302 “Аб прадастаўленні крэдытаў грамадзянам, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку”, можна атрымаць крэдыт на льготных умовах – пад 5 працэнтаў гадавых на тэрмін ад аднаго да сямі гадоў (у залежнасці ад крэдытуемых мерапрыемстваў – набыццё ўгнаенняў, насення, саджанцаў, жывёлы, сельскагаспадарчай тэхнікі і іншае), мінімальная сума крэдыту – 500 тысяч рублёў, максімальная – 60 мільёнаў рублёў. Аднак, у нашым раёне толькі адзін чалавек пакуль скарыстаўся ўказаным крэдытам.
Па-ранейшаму праблемным пытаннем застаецца і ўключэнне зямельных участкаў грамадзян у агульны севазварот сельгаспрадпрыемстваў. Калі пасеяць зерневыя на невялікім кавалку зямлі можна малагабарытнай тэхнікай або ўручную, то сабраць ураджай магчыма толькі камбайнам, а развярнуцца сучаснай зернеўборачнай тэхніцы на ўчастку ў некалькі сотак вельмі складана. Больш таго, перагоны тэхнікі па ўчастках грамадзян кладуцца прамымі стратамі на гаспадаркі.
На сесіі дэталёва разгледжаны ход выканання рашэння Ушацкага раённага Савета дэпутатаў ад 25 чэрвеня 2010г. №14 “Аб развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян”. Прынята рашэнне, у якім перад сельскімі Саветамі дэпутатаў, сельгаспрадпрыемствамі, райспажыўтаварыствам пастаўлена задача працягваць мэтанакіраваную работу па аказанні дапамогі грамадзянам, якія займаюцца вядзеннем асабістай падсобнай гаспадаркі, бо гэта спрыяе ўмацаванню аграрнай эканомікі, развіццю сельскіх тэрыторый, падтрымцы харчовай бяспекі дзяржавы, павышэнню даходаў і паляпшэнню сацыяльных і эканамічных умоў жыцця насельніцтва.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *