Экспериментатор с лёгкой рукой. Сливы со вкусом персика и поросят-кармалов можно увидеть у Леонида Сапеги из агрогородка Глыбочка

Личное подсобное хозяйство

Сядзіба сям’і Сапегаў на першы погляд асабліва не вылучаецца сярод даволі падобных адзін на аднаго дамоў вуліцы Лясной, што ў аграгарадку Глыбачка. Аднак трапіўшы на падворак Леаніда Мікалаевіча і Алены Леанідаўны, правялі тут не адну гадзіну: настолькі ўбачанае было цікавым і нечаканым. Па волі жыццёвых абставін гаспадар сядзібы ў цяперашні час не можа працаваць на вытворчасці, бо заняты доглядам сваіх састарэлых бацькоў. А таму час і сілы мужчына аддае на падсобную гаспадарку і падыходзіць да гэтай справы грунтоўна і творча.

Слівы са смакам персіка

– Я ж ніякі не прафесіянальны садавод, гэта так, крыху захапленне ці хутчэй нават неабходнасць, – сказаў, сустракаючы нас каля свайго падворка, Леанід Мікалаевіч, але паглядзець тут, безумоўна, было на што.

У 2009 годзе сям’я Сапегаў атрымала дом. Акрамя абсталявання прасторнага жылля гаспадар узяўся і за немалы прысядзібны ўчастак. Месца тут было вельмі вільготнае і, як расказвае Леанід Мікалаевіч, пастаянна стаяла вада. Вырашыць гэтую праблему мужчына змог з дапамогай… сада. Аказваецца, адно дрэва ў залежнасці ад віду і памеру за суткі спажывае 100­-200 літраў вады, такім чынам асушаючы ўчастак! Адначасова пачаў і эксперыментаваць з рознымі відамі, прывіваць дрэвы. Адзін з першых вопытаў – гібрыдныя слівы. Да звычайнай слівы прывіваў чаранкі персікаў і абрыкосаў. Ураджаю доўга чакаць не прыйшлося, ужо праз два гады дрэвы пачалі даваць плады. З выгляду яны падобныя на сінюю сліву, а па смаку нагадваюць персік ці абрыкос. Вельмі важны момант, што гэтыя насаджэнні зусім не баяцца холаду.

– Яны могуць у сакавіку пусціць пупышкі і нават зацвісці – у гэтым нічога страшнага. Лічу меркаванне аб тым, што персікі і абрыкосы цеплалюбівыя расліны, памылковым. Іх можна паспяхова вырошчваць і ў нашых шыротах. Наогул не прытрымліваюся ўсіх неабходных правілаў падчас такой работы, а добры вынік, напэўна, атрымліваецца з­за маёй лёгкай рукі,– з усмешкай выдае “садаводчыя сакрэты” Л.Сапега.

Нямала эксперыментаў правёў і з рознымі сартамі яблынь. Ёсць дрэвы, на якіх выдатна “ўжываюцца” разам і два сарты. Сярод любімых у садавода “беларуская салодкая” – не толькі смачная, але і ўстойлівая да розных хвароб. Ёсць на ўчастку і складаны міжвідавы гібрыд яблыні амерыканскай селекцыі “Фрыдам”, чаранок якой Леанід Мікалаевіч спецыяльна купляў у Мінску. Набыў неяк і чаранок грушы “Чыжоўскай”, праз два гады ўжо прывіваў яе на чорную рабіну. Вядома ж, не ўсё атрымліваецца з першай спробы: адразу не прыжываўся адзін з лепшых беларускіх сартоў грушы “Проста Марыя” (названы так, бо быў выведзены ў перыяд папулярнасці аднайменнага серыяла), а зараз ужо добра расце. Як гаворыць гаспадар, на яго спецыфічнай, месцамі пясчанай глебе далёка не ўсё хоча расці, а вось яблыні і грушы адчуваюць сябе добра. На ўчастку ёсць некалькі відаў вінаграду, чарнаплодная рабіна, а таксама каліна, якую гаспадар асабліва вылучае за карысныя для арганізму ўласцівасці.

Акрамя дрэў, зразумела, вырошчваюць Сапегі і нямала рознай агародніны, сярод якой ёсць і экзотыка – айва і кавуны. І калі сёлета сорт “агеньчык” з­за надвор’я не парадаваў дужа вялікімі памерамі, то летась асобныя экземпляры кавуноў дасягалі 17 кілаграмаў!

Паслухмяныя  і непераборлівыя

“Рыжы, выйдзі на вуліцу, пакажыся!” – пачаў зваць гаспадар з хлява парсюка, калі спыталіся, якую трымае жыўнасць акрамя шматлікіх курэй, што прагульваліся па двары. Аказалася, і тут Леанід Мікалаевіч з’яўляецца эксперыментатарам.

Чаканні, што зараз выскачыць неўтаймаваная жывёліна і пабяжыць, куды вочы глядзяць, не апраўдаліся. З хлява паказаўся парсюк рыжаватага колеру і павольна падышоў да ног свайго гаспадара. Калі ж у зачыненым засеку пачала хвалявацца сяброўка рыжага, то на прагулку выпусцілі і яе. Гаспадар таксама даў ёй мянушку – Чорная. Жывёліны прайшліся па двары, пакапаліся на ўчастку і нават выйшлі за агароджу на вуліцу, але пасля воклічу паслухмяна вярнуліся дамоў.

– Многія стараюцца пазбягаць гібрыдных ці незвычайных парод свіней. Склаўся стэрэатып, што гэта патрабавальныя жывёліны і іх цяжка даглядаць. Завёўшы такую пароду, як кармалы, упэўніўся ў адваротным. Гэта сумесь венгерскага мангальца і віслабрухай свінні. Яны зусім непатрабавальныя – ядуць практычна ўсё: траву, гарбузы, бульбу і іншае, прычым, у невялікай колькасці, таму пракарміць іх нескладана. Як бачыце, яны лёгка паддаюцца выхаванню, нават лепш, чым некаторыя сабакі! (Пад гэтыя словы Рыжы спраўна выканаў каманду “Стаяць!”) Вырастаюць жывёліны гэтай пароды да 200 кілаграмаў. Паколькі яны ў нас з’явіліся нядаўна, то яшчэ не паспелі паспрабаваць мяса, але па водгуках іншых людзей, яно падобнае на ялавічыну. Ды і не ў смаку справа – люблю спрабаваць штосьці новае: напэўна, гэта рыса характару.

Але нельга не адзначыць і яшчэ адну не менш важную рысу гэтага чалавека – вялікую працавітасць, без якой, канечне, нічога не атрымалася б.

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *