«Радость возвращения — не передать». Воспоминания Николая Савченко, участника боевых действий в Афганистане

Общество

Пра службу ў Афганістане з Мікалаем Аляксандравічам Саўчанкам размаўлялі ў знакавы для яго дзень – 13 лютага. Ён пакінуў чужую краіну роўна трыццаць чатыры гады таму, за два дні да афіцыйнага вываду савецкіх войскаў з ДРА. Зноў пашчасціла – гэта паслужыла датэрміноваму дэмбелю. Яшчэ два месяцы пасля прылёту ў СССР “адпачывалі” ва ўзбекскім Тэрмезе, а 6 красавіка, роўна праз 23 месяцы службы, спецрэйс прызямліўся ў Мінску. Усё скончылася – спраўдзілася адзінае жаданне, якое Мікалай загадваў на 1988 і 1989 Новы год, што сустракаў там не з шампанскім, а баявымі ста грамамі.

Радасць вяртання – не перадаць. У родным Матырыне ён быў героем нават сярод служыўшых таварышаў, бо той жа марфлот губляў прэстыжнасць пры іх, хлопцах, абстраляных сапраўднай вайной. Толькі эйфарыю сустрэчы з малой радзімай ён добраахвотна азмрочыў наведваннем могілак у Мажуйках. І нават стоячы на магіле Мікалая Ключонка, усё роўна не верыў – прыгадваў сябра жывым і вясёлым, такім, як пры развітанні ў Кушке.

У самы паўднёвы горад СССР цёзкі прыляцелі разам. Наогул, як прызваліся ва Ушачах у адзін дзень 6 мая, так і былі неразлучнымі ўсю вучэбку. У Віцебску атрымалі летнюю форму з пілоткамі, у Барысаве, дзе доўга стаялі, відаць, у вырашэнні лёсу, мяняліся ёю на цывільную вопратку такіх жа як і самі навабранцаў. Куды ляцяць – не ведалі, але пачалі здагадвацца па тым, як павышаўся градус за бортам у гарадах, у якіх самалёт рабіў дазапраўку. А ў Кушке атрымалі зусім іншую форму – паўднёвую з панамамі. У вучэбцы іх ложкі стаялі побач, хлопцы дзяліліся адзін з адным гасцінцамі з пасылак, што прыходзілі з Ушаччыны, і яшчэ часцей – весткамі з атрыманых лістоў. Вось толькі вайсковыя спецыяльнасці разышліся: Мікола Ключонак стаў зарадчыкам акумулятараў, а Мікола Саўчанка – сапёрам. І, здаецца, апошні меў больш шанцаў вярнуцца на радзіму ў цынкавай труне.

Часць 88870, куды трапіў Мікалай Аляксандравіч, вядома як 45 асобны інжынерна-сапёрны полк, што выконваў асаблівыя задачы: размініраваў дарогі для праходжання нашых войскаў, разбіраў завалы, пракладаў масты. Таму былі ў палку і сапёры, і пантоннікі, і мінёры – нават тыя, што хадзілі ўглыб караванных шляхоў. Дыслацыраваўся ён у так званай Чарыкарскай “зялёнцы” – нізіне з вінаграднікамі і іншымі насаджэннямі. Толькі прыгажосць тая не была мірнай. Менавіта там юнак з хуліганістым норавам, які думаў, што не баіцца нічога, адчуў сапраўдны страх.

– Звычайна абстрэльвалі з цёмным. А тут толькі вечарэла, я збіраўся перад нарадам у сталовую, і раптам – выбухі. Ні адзін і ні два “эрэсы” (рэактыўныя снарады) прыляцелі. Узброілі нас аўтаматамі хутка, толькі што імі можна зрабіць. Адпор давалі нашы танкі. Затое другі раз, калі пачалося падобнае, спужацца нават не паспеў. Снарад разарваўся ля фанернай сцяны кінатэатра, які быў запоўнены ваеннаслужачымі. Якую стужку глядзелі – не памятаю. Пару метраў… і выбух аказаўся б у цэнтры залы, а так толькі дваіх кантузіла”.

Яшчэ адзін парадокс – самыя страшныя эпізоды ў Мікалая звязаны з непрацяглым знаходжаннем у палку, а не з легендарным тунелем Саланг, дзе праходзіла асноўная служба. Але менавіта таму што аб’ект з’яўляўся стратэгічным: 3,5 кіламетра адзінай дарогі праз горы, якая звязвала два бакі краіны, ахоўваўся ён узмоцнена. Паспрыялі таму і ранейшыя надзвычайныя здарэнні: пры ўзрыве ў тунэлі бензавоза загінула 160 салдат, з-за сутыкнення тэхнікі ваеннаслужачыя задыхнуліся выхлапнымі газамі. Электрычнасць і выцяжка былі пракладзены ў 1980 годзе, ну а грамадзянскі транспарт і груз пачалі правяраць яшчэ больш дасканала. Знаходзіліся на службе і сапёры-сабакі. Мікалай Саўчанка разам са сваімі таварышамі кантраляваў праезд з паўднёвага боку тунэлю.

Атрыманыя ў вучэбцы веды па ўстройстве замежных мін, дзякуй Богу, не спатрэбіліся. Але сачылі не толькі за наяўнасцю выбуховых прадметаў. Забаранялася правозіць зброю, у тым ліку і халодную, кантрабанду, якой лічылася і савецкая гарэлка, а таксама паштовых галубоў. Канфіскат, безумоўна, быў, а вось надзвычайных здарэнняў за час службы М.Саўчанкі – ніводнага, калі не лічыць гібелі вайскоўцаў, якія да “ЧП” на вайне не адносіліся.

– У 1989-м, калі ў Саюзе ўжо намячаўся развал, на радзіму датэрмінова пачалі вяртаць прыбалтаў. Дваіх нашых сапёраў адправілі, а вадзіцеля бензавоза – таксама латыша – не знайшлі кім замяніць. А на апошнім рэйсе ён згарэў пры абстрэле. Страшна, наш жа прызыў. Але куды большым для мяне быў стрэс ад атрыманага з дому ліста… Я ні плакаў, ні крычаў, аднак, убачыўшы мой стан, ад нараду мяне ў той дзень адхілілі. Сястра напісала, што пахавалі Мікалая Ключонка… Мы ж не проста аднагодкі, што разам прызываліся і лісты адзін аднаму пісалі, яшчэ бацькі нашы дзецьмі сябравалі, – з сумам расказвае Мікалай.

Хоць і дамаўляліся з Мікалаем Аляксандравічам, цяпер – жывёлаводам комплексу “Маяк”, што ён прыхопіць пінжак з узнагародамі, пры сустрэчы папярэдзіў, што медалі не чапляў. “Чатыры згарэла пры пажары бацькоўскага дома, столькі ж засталося, але сярод іх толькі “За баявыя заслугі” – не юбілейны. Ды і давалі яго ўсім, хто прайшоў Саланг. Ваенкам У.Зыранаў уручаў ужо дома”, – тлумачыў сваё нежаданне “свяціцца” мой суразмоўца. Аднак, проста так медалёў, мяркую, не давалі, а адносна бяспечнай служба атрымалася толькі з-за сціпласці Мікалая. Яму быццам няёмка перад загінуўшым цёзкам, што застаўся жывы. Што пашчасціла за іх дваіх.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *