На базе ФОК «Юность-Ушачи» прошел открытый турнир по мини-футболу среди юношей 2009-2010 годов рождения

Cпорт

Юнацкі міні-футбол апошнім часам нярэдка з’яўляецца на старонках нашай газеты, што цалкам абгрунтавана: менавіта каманды падлеткаў 2009-2010 гадоў нараджэння даюць нашым балельшчыкам магчымасць правесці вольны час на трыбунах спарткомплексу і пахварэць за землякоў. У гэтыя ж выхадныя Ушачы ў чарговы раз выйшлі на міжнародную футбольную арбіту – на наш турнір прыехалі дзве расійскія каманды з горада Вялікія Лукі. З задавальненнем вярнуліся на пляцоўку “Юнацтва-Ушачы” пераможцы папярэдняга турніру з аршанскага клуба “Вітэн-Юні”, прыбылі ігракі і з самага футбольнага беларускага горада Барысава.

Ва ўшацкіх хлопцаў была няпростая задача – даць бой фаварытам і не расчараваць гледачоў. Напэўна, напрошвалася рашэнне выставіць адну нашу каманду, але трэнер Раман Фядосенка абраў смелы варыянт: даў рэзервістам і больш юным ігракам шанс таксама згуляць з моцнымі сапернікамі. І няхай нашы дублёры не разжыліся ачкамі, але атрымалі каштоўны вопыт. Вельмі стараўся праявіць сябе лідарам Мацвей Краўчанка, які не так часта выходзіць на пляцоўку ў асноўным складзе – і забіў некалькі прыгожых галоў! А як адчайна змагаўся з куды больш фактурнымі праціўнікамі зусім юны Мацвей Кандрацкі, які і быў прызнаны лепшым іграком другой ушацкай каманды.

Асноўны ж наш калектыў правёў адзін са сваіх лепшых турніраў – не па выніку, бо ў актыў запісалі толькі дзве вікторыі, а па якасці футбола. Шчыра кажучы, нервы балельшчыкам хлопцы паматалі добра: бясконцыя штангі і перекладзіны, упушчаная з перавагі 5:1 перамога ў матчы з барысаўчанамі і літаральна некалькі хвілін, якіх не хапіла, каб адолець аршанцаў. Трэба сказаць, што ўшачане гулялі амаль без замен, таму напрыканцы таймаў моцна стамляліся – у нашага трэнера зусім невялікі выбар футбалістаў. Але менавіта за вострыя эмоцыі мы любім футбол! Пасля турніру трэнеры іншых каманд зазначалі, што першая ўшацкая зборная па стварэнні галявых момантаў і ўзроўні гульні пераўзышла ўсіх – і дзіўна, што пры гэтым умудрылася застацца без медалёў. Мацвей Жаваранак быў прызнаны лепшым галкіперам, а Глеб Седзін з 10 забітымі галамі апярэдзіў усіх бамбардзіраў. Званне лепшага іграка каманды атрымаў Мікіта Жалейка.

А вось якімі меркаваннямі падзяліліся з намі ўдзельнікі і балельшчыкі.

Канстанцін Смірноў, трэнер каманды “Вялікія Лукі”: “Ва Ушачах я ўпершыню. Уражанні самыя станоўчыя: дабротныя каманды, добрая арганізацыя. Усё адпавядае міжнароднаму статусу!”

Дзмітрый Каршакевіч, капітан каманды г.Барысава: “Футбол – гэта маё жыццё, займаюся ім 7 год і аднойчы ўжо гуляў на ўшацкім турніры. Быў рады зноў вярнуцца ў гэты цудоўны зал. І, канечне, шчаслівы, што нам удалося атрымаць перамогу ў барацьбе з вельмі моцнымі камандамі!”

Марына і Лена, вялікалукскія балельшчыцы: “Разам з нашымі сынамі штомесяц адпраўляемся на турніры ў іншыя гарады, таму ёсць, з чым параўноўваць. У Беларусь прыехалі на ўласных машынах, але пра выдаткі не шкадуем, бо ва Ушачах вельмі спадабалася: цудоўныя ўмовы пражывання ў інтэрнаце, смачна і нядорага кормяць у кафэ, ды і футбол захапляльны. Вялікі дзякуй арганізатарам!”

Ксюша Лазарава, Паліна Скрыпко і Ульяна Сукорская, ушацкія балельшчыцы: “Стварылі свой невялікі фан-сектар і на кожным дамашнім турніры падтрымліваем хлопцаў, з якімі вучымся ў адной школе. Не шкадуем голасу! Ушачы – лепшыя!!!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *