Психолог Ушачской ЦРБ Наталья Лисиченок поможет найти простое решение в сложной ситуации

Общество

Чацвёрты кабінет паліклінікі Ушацкай ЦРБ многія прынцыпова абмінаюць – я ж не псіх, навошта мне сюды?! Не ўсе разумеюць, што да псіхіятрыі з пастаноўкай дыягназаў работа псіхолага дачынення не мае. Не патрэбны нават талончык з рэгістратуры – можна проста ці па запісе прыйсці і пагутарыць. Зрэшты, пацыентамі такіх людзей не называюць – хутчэй кліентамі.

Пра работу ў сферы медыцыны наша зямлячка Н.Лісічонак марыла з дзяцінства. Ад паступлення ва ўстанову такога профілю адгаварыла бабуля – фельчар Вяркудскага ФАПа Т.А.Крупская: маўляў, у прафесіі патрэбна ўседлівасць, а на дзяўчыне “ўсё гарыць”. Падумвала пра настаўніцтва, а калі даведалася пра наяўную ў ВДУ імя П.М.Машэрава спецыяльнасць педагога-псіхолага, паімчала падаваць дакументы.

Прафесійную дзейнасць Наталля пачынала ў сацыяльна-педагагічным цэнтры г.п.Ушачы. Работа з дзецьмі, бацькамі падабалася, але ж чаканай “медыцыны” ў ёй не было. “Неяк набралася нахабства, прыйшла ў райбальніцу да Наталіі Васільеўны Дрозд і сама папрасілася на пасаду псіхолага, – расказвае Н.Лісічонак. – А тут якраз разглядалі кандыдатуры на ўпершыню адкрытую спецыяльнасць. І мне пашанцавала – у ЦРБ я ўжо чатыры гады”.

Калі думаеце, што кабінет псіхолага звычайна пустуе, памыляецеся! Так, зрэдку бываюць вольныя ад зносін гадзіны – іх Наталля Сяргееўна выкарыстоўвае для падрыхтоўкі дыягностык, справаздачнасці. Пераважную ж большасць часу працуе з кліентамі, прычым, як з дарослымі, так і дзецьмі. Дарэчы, з дня ў дзень яны прыходзяць усё часцей – проста пазнаёміцца, паспрабаваць вырашыць праблему ці па накіраванні іншых спецыялістаў. Калі, напрыклад, пры разглядзе дакументаў вадзіцельскай камісіі ў псіхіятра ўзікаюць сумненні наконт кагнітыўных функцый чалавека ва ўзросце 60+, “падстраховачнае” тэсціраванне з ім праходзіць псіхолаг. Пасля 70 гадоў такая праверка становіцца абавязковай, як і для ўсіх зарэгістраваных у раёне ўладальнікаў агнястрэльнай зброі (новаўвядзенне мінулага года).

“Не так даўно ад Паліны Генадзьеўны Пугач да мяне прыйшоў мужчына, які не мог справіцца з алкагалізмам, – расказвае Н.Лісічонак. – Як высветлілася, прычынай узяцца за чарку сталі сямейныя праблемы, стрэс – над іх вырашэннем і працавалі. Прыемна, што чалавек зразумеў важнасць працэсу – на аўтобусе, спадарожным транспарце кожны тыдзень прыязджаў у райцэнтр – і ў выніку праблему сваю перамог”.

На сённяшні дзень каля 3,7 працэнта жыхароў Ушаччыны маюць пэўныя псіхічныя засмучэнні. І калі колькасць пацыентаў урача-псіхіятра паступова змяншаецца, паслугі псіхолага, наадварот, становяцца ўсё больш папулярнымі.

Асаблівы боль псіхолага райбальніцы – так званыя перадабортныя гутаркі. На пытанне, чаму рашыліся на такі крок, часта даводзіцца чуць неразумнае “муж загадаў”, “каханага дзіцем не ўтрымаю”, “фінансава не пацягну”. І ў кожным выпадку трэба знайсці правільныя словы, не адгаворваць ці ўшчуваць – дапамагчы разабрацца ў сабе, жыццёвых абставінах. “Часта будучыя мамачкі не думаюць, што іх блізкія, якія яшчэ не ведаюць пра цяжарнасць, не проста могуць, але і хочуць падтрымаць; што такое важнае рашэнне павінна прымацца на сямейным савеце, а не мужам ці самой жанчынай у стрэсе, – кажа Н.Лісічонак. – Памятаю, як прыйшла маладая ўшачанка, у якой ужо было дзіця. Баялася грамадскага асуджэння і ад нараджэння другога збіралася адмовіцца. Больш гадзіны гутарылі з ёй пра жыццё-быццё… А праз 9 месяцаў яна зайшла да мяне з сапячым скрутачкам на руках – падзякаваць за дапамогу ў прыняцці правільнага рашэння”.

Пасля знаёмства з Наталляй Сяргееўнай на лекцыях, практычных занятках, якія яна праводзіць у школах, нярэдка прыходзяць да яе бацькі вучняў ці яны самі – раяцца, як наладзіць адносіны ў сям’і, пазбегнуць здзекаў, насмешак ад равеснікаў. Рашэнне праблем шукаюць праз гутаркі, тэсты, творчыя заданні: да кожнага ў Н.Лісічонак свой падыход – аднаго трэба разгаварыць, з другім пасмяяцца, трэцяга чымсьці зацікавіць. Ну а камфортныя крэслы, акварыум з рыбкамі, жывыя кветкі і мілыя дзіцячыя малюнкі на сцяне неабходнаму для гэтага расслабленню адназначна спрыяюць.

“Спецыфіка маёй работы такая, што міжволі ўвабіраеш у сябе праблемы кліентаў, “прымяраеш” іх стрэсы, і зняць гэты груз мне дапамагаюць творчыя захапленні: алмазная вышыўка, стварэнне карцін па нумарах, розных сувеніраў. Дарэчы, раю такія заняткі ўсім, хто хоча аднавіць душэўную раўнавагу, – зазначае наша гераіня. – Адкрыла ў сабе і арганізатарскія здольнасці – рыхтавала да раённага мерапрыемства выступленне нашых дзяўчат-прыпевачніц, здымаю відэа, раблю фота медработнікаў для прэзентацый, праводжу многія бальнічныя мерапрыемствы. Калі б не муж, напэўна, і жыла б на рабоце. Зрэшты, планаў наконт яе таксама шмат. Мару, напрыклад, практыкаваць пясочную тэрапію і групавыя заняткі, атрымаць спецыяльнасць псіхатэрапеўта. Так што чакаю ўсіх у будныя дні з 8.00 да 16.20 (перапынак з 13.00 да 13.20). Інфармацыя за сцены кабінета, упэўніваю, не выйдзе!”

“Калі б ведала, што ўсё так складзецца, і слова б не сказала ўнучцы супраць медыцыны”, – прызнаецца зараз Таіса Аляксандраўна. Станоўчыя водгукі пра сваю Наташу яна чуе вельмі часта.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *