Лучшие биологи — в Ушачах! Екатерина Мартынюк и Ксения Борисёнок вернулись с республиканской олимпиады с дипломами 1 степени

Образование и молодежь

Прызнаемся: калі ў студзені даведаліся пра перамогу ўшацкіх школьніц на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, наўмысна адклалі да іх візіт. Былі ўпэўнены, што і на заключным вынік будзе не горшым. Дарэчы, не прагадалі – з Пінска, дзе на мінулым тыдні праходзілі такія інтэлектуальныя спаборніцтвы, Кацярына Мартынюк і Ксенія Барысёнак вярнуліся не проста з дыпломамі І ступені, але і ў статусе абсалютных лідараў у сваіх паралелях.

Як аказацца на галаву вышэй юных біёлагаў з усёй краіны, у пераважнай большасці гімназістаў ды ліцэістаў? Адказ на гэтае пытанне дакладна ведае настаўнік-метадыст Ушацкай школы В.А.Жыткая. Увесь сакрэт, кажа яна, не ў штудзіраванні падручнікаў, энцыклапедычных выданняў, не ў завучванні матэрыялу – неабходна шчыра любіць прадмет, авалодваць ім не таму, што “трэба”, а таму, што “хочацца”. І гэта характэрна для абедзвюх яе сёлетніх “зорачак”.

Сапраўды пераломным момантам у жыцці стала перамога на рэспубліцы для адзінаццацікласніцы Кацярыны Мартынюк – яе ўжо можна назваць студэнткай! Прадэманстраваны вынік гарантуе дзяўчыне без усялякіх экзаменаў месца па профілі ў любой ВНУ нашай краіны. Так што на аднаго медыка хутка стане больш – Каця марыць аб прафесіі стаматолага. Дарэчы, набываць такую спецыяльнасць гэтак жа без уступных іспытаў ёсць магчымасць і ў Расійскай Федэрацыі. Па выніках сёлетняй Сечанаўскай алімпіяды па біялогіі ў ліку 11 юных прадстаўнікоў краін СНД ушачанка заваявала квоту на бясплатнае навучанне ў Маскоўскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце імя І.Сечанава. На рахунку Каці таксама паспяховы ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе моладзі, якая праходзіла нядаўна ў Маскве. Па яе выніках дзяўчына мае права на безэкзаменацыйнае паступленне на факультэт біяінжынерыі Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта “Вышэйшая школа эканомікі”.

Пасля афіцыйнага аб’яўлення вынікаў алімпіяды мабільны В.А.Жыткай практычна не змаўкаў: калегі, сябры, знаёмыя віншавалі з феерычным вынікам абедзвюх яе выхаванак.

“Шчыра прызнаюся: хацела ўрэшце расслабіцца, адмовіўшыся ад удзелу ў алімпіядным руху, – кажа школьніца. – Аднак Вольга Анатольеўна і мая маці Вольга Аляксандраўна (яна хоць і выкладае ў школе англійскую мову, у юнацтве гэтак жа любіла біялогію і марыла стаць медыкам) знайшлі правільныя словы, адгаварылі, за што ім зараз вельмі ўдзячна”.
Між тым, на рэспубліканскай алімпіядзе асаблівых цяжкасцяў у Кацярыны не ўзнікла – заданні былі па тых жа тэмах, што і на вобласці. Нечаканымі для многіх сталі “падзабытыя” з 9 класа батаніка і заалогія. Ушачанка ж, якая рыхтавалася з дзевяцікласніцай К.Барысёнак, ад гэтага засталася толькі ў выйгрышы. Якраз напярэдадні вечарам Ксюша ўслых чытала пра ржаўныя грыбы – Каці заставалася толькі ўспомніць пачутае.
А вось малодшым удзельнікам алімпіяды арганізатары, наадварот, падабралі надзвычай складаныя заданні – за курс 11 класа. “З фізіялогіяй, біяхіміяй, генетыкай крыху напартачыла – ужо нават развіталася з надзеяй на дыплом, – расказвае Ксенія Барысёнак. – Аднак калі сталі вядомы вынікі ўсіх удзельнікаў, выдыхнула: мала хто справіўся лепш. Неўпершыню мяне “выцягнула” батаніка – не надта яе люблю, але заўсёды дасканала вучу. Ды і ў тэорыі адчувала сябе як рыба ў вадзе”. Вылучылася ўшачанка і падчас практычнай работы з лішайнікамі. Каб не атрымаць траўмаў, неабходна было ўмець працаваць з вострымі інструментамі для атрымання зрэзаў.

Ужо ў гэты панядзелак юныя “чэмпіёнкі” прымалі кветкі, падарункі ад усяго калектыву Ушацкай СШ. З цёплымі словамі да іх звярнулася дырэктар установы К.Р.Казакова. “Дзякуючы вашаму таленту пра нашу школу, яе высокі патэнцыял цяпер ведаюць, напэўна, усе”, – зазначыла Кацярына Рустамаўна.

Між тым, Ксенія, якая таксама марыць пра медыцыну, ужо ў панядзелак замест заслужанага адпачынку паспяшалася ў школу і, канечне, лабаранцкую – на сустрэчу з любімай камандай аднадумцаў. У яе складзе, дарэчы, з гэтага года яшчэ адна дзевяцікласніца Ушацкай школы Паліна Юркевіч (на здымку).


Біялогія – любімы прадмет дзяўчыны, сярод раздзелаў аддае перавагу заалогіі. Ведаючы пра мінулагоднія дасягненні Ксеніі, якая хоць і вучылася ў восьмым класе, дэманстравала на алімпіядзе высокія веды за курс дзявятага, таксама вырашыла паспрабаваць. Як вынік – трапленне ў лік пераможцаў на раённым этапе і дыплом ІІІ ступені на абласным. Дарэчы, была ўключана Паліна і ў рэзерв удзельнікаў заключнага – пад кіраўніцтвам В.А.Жыткай не спыняла падрыхтоўчы працэс, ездзіла на спецыяльныя курсы ў абласны цэнтр.

Што не атрымалася сёлета праверыць веды на рэспубліцы, дзяўчына не шкадуе. Для яе гэта добры шанс набрацца вопыту і ў наступным годзе праявіць сябе на поўную моц!

“Ну а я цяпер буду для дзяўчат кансультантам, – усміхаецца К.Мартынюк. – Без алімпіяд ужо не ўяўляю свайго жыцця, мару паўдзельнічаць у Міжнароднай біялагічнай, якая пройдзе летам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. У ліку ж наяўных дасягненняў, акрамя прыгаданых вышэй – абсалютная перамога на ўніверсіядзе, якая праводзілася Віцебскім медуніверсітэтам”.

Упэўнены: пра ўсіх гэтых дзяўчат пачуем з прыемнай нагоды яшчэ не раз. Так трымаць!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *