Ученица Глыбочанской школы Елизавета Козлова успевает все и знает ответы на все вопросы

Образование и молодежь

Пераможца шматлікіх інтэлектуальных конкурсаў, удзельніца тэлепраекта “Я знаю!”, дыпламант рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры – усё гэта пра юную жыхарку Вяркуд, адзінаццацікласніцу Глыбачанскай школы Лізавету Казлову. Дарэчы, назваць яе можна і без пяці хвілін залатой медалісткай: у дзённіку дзяўчыны – выключна дзясяткі, гадавыя ж аўтаматычна будуць выстаўлены ў якасці экзаменацыйных.

А.Герцык і Л.Казлова ў школьным музеі.

Не здаваць выніковыя іспыты Лізавеце дазваляюць вынікі сёлетняй алімпіяды – на заключным этапе, які праходзіў нядаўна ў Гомелі, наша зямлячка заваявала дыплом ІІІ ступені. Варта ўдакладніць: удзел у такіх спаборніцтвах прымалі найперш ліцэісты ды гімназісты, прадстаўнікоў жа сельскіх устаноў адукацыі з усіх трох паралеляў можна было пералічыць на пальцах адной рукі.

“Не скажу, што нейкія заданні збілі з толку, аднак яны былі больш складанымі, чым сёлета на вобласці і на рэспубліцы летась, – прызналася дзяўчына. – Нічога “для разгону” – ужо з першага пытання было зразумела, што школьных ведаў недастаткова, неабходна ўключаць усе мазгавыя рэзервы”. І гэта ў Лізы атрымалася – у комплексным заданні, якое змяшчае тэорыю і практыку, яна паказала адзін з лепшых вынікаў.

А вось з напісаннем водгуку, а дакладней – суб’ектыўнасцю яго ацэнкі, узніклі праблемы. Для аналізу адзінаццацікласнікам прапанавалі малавядомы твор Мар’яна Дуксы. Перачытаўшы некалькі разоў, Л.Казлова граматна расклала ўсе тэзісы, аргументы па палічках – вось толькі журы палічыла водгук занадта “аўтарскім” – маўляў, ён прыкметна адхіляецца ад задумы самаго літаратара. Атрыманы 31 бал з 40 магчымых за заданне зменшыў шансы на прызавое месца. Дарэчы, калі думаеце, што школьнікі, якія не адзін год прымаюць удзел у алімпіядзе і настойліва ідуць да перамогі, успрымаюць гэта як простую няўдачу, глыбока памыляецеся – настолькі балючыя эмоцыі імі авалодваюць!

Паглядзець тэлеперадачу “Я знаю!” з удзелам Лізаветы (6 сезон, 23 выпуск) можна ў інтэрнэце ці непасрэдна на YouTube-канале “Патрыёта”.

Трывогай і сумненнямі напярэдадні падвядзення вынікаў алімпіяды Лізавета падзялілася са сваёй настаўніцай, намеснікам дырэктара школы А.С.Герцык. А ўжо на наступны дзень тэлефанавала ёй з прыемнай навіной – на дыплом прадэманстраваных ведаў усё ж хапіла!

Калі б меркавала стаць філолагам, магла б не думаць пра ўступную кампанію: перамога на рэспубліцы гарантуе безэкзаменацыйнае паступленне па спецыяльнасці ў любую ВНУ нашай краіны. Вось толькі Лізавета лёгкіх шляхоў не шукае – паколькі марыць пра Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і непасрэдна практычную псіхалогію ў вайсковай справе, ва ўсю рыхтуецца зараз да цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы, гісторыі Беларусі. Блізкія ад такога выбару не адгаворвалі: захопленыя аповеды пра форму, пагоны чулі ад дзяўчыны не раз. Насустрач пайшлі і педагогі – разам з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Арцёмам Іванавічам Церашкаўцом склалі ў райваенкамаце заяўку на паступленне, вызначылі асобны вучэбны графік на час праходжання Лізай амаль двухтыднёвай медкамісіі.

Па выніках сёлетняга заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ўсе 4 ўдзельніцы ад Віцебскай вобласці вярнуліся дамоў з узнагародамі.

Дзіву даешся, як дзяўчына ўсё паспявае! У гэтым навучальным годзе стала пераможцай абласнога этапу алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, раённай алімпіяды па фінансавай адукацыі. За дзень да нашай сустрэчы яна толькі вярнулася з абласных спаборніцтваў “Здароўе”, на якіх дэманстравала спрыт у стральбе, плаванні і іншых відах. У мінулую суботу паўдзельнічала ў раённым этапе фестывалю міжкультурных камунікацый – выступіла з водгукам на літаратурны твор (дарэчы, летась на вобласці было другое месца). На бягучым тыдні разам з Ксеніяй Церашкавец і Анастасіяй Сяліцкай выступіць на раённай навукова-практычнай канферэнцыі, а 27 красавіка пакажа веды ў рэспубліканскай кантрольнай рабоце па гісторыі Беларусі (адным з любімых яе прадметаў) сярод адзінаццацікласнікаў.

“На ўсё жыццё запомніцца і сёлетні ўдзел у тэлепраекце для школьнікаў “Я знаю!”, – расказвае Л.Казлова. – Абласны адборачны тур прайшла без праблем, у сталіцу ж паехала з настаўніцай нямецкай мовы Таісай Ігараўнай Церашкавец. Канечне, у святле сафітаў, пад пільным “позіркам” відэакамер хвалявалася. Тым больш, што тлумачэнні па першым жа пытанні вядучы Георгій Калдун прапанаваў даць менавіта мне. І хоць па-добраму спрабаваў заблытаць, у правільнасці напісання прапанаванага сказа, а значыць, і свайго адказа, не сумнявалася. Парадавала, што былі і іншыя пытанні па мове, літаратуры – у іх адчувала сябе як рыба ў вадзе. Спадабаўся і непасрэдна здымачны працэс – з карыснымі інструктажамі, вясёлымі момантамі. Сысці ж з “дыстанцыі” давялося пасля другога тура: дзесьці не хапіла хуткасці рэакцыі, часам выпадкова націскала не на тую кнопку. У любым выпадку гэта для мяне цудоўны вопыт”.

“Працаваць з Лізай – адно задавальненне, паспявай толькі патрэбны накірунак задаць, – сцвярджае А.С.Герцык. – У школу ніколі не прыходзіць непадрыхтаваная, на любое пытанне ведае адказ. Памяць у яе фенаменальная, што дапамагае ў вучобе. У сваёй актыўнасці яна добры прыклад іншым школьнікам – нават не ўспомню мерапрыемства, у якім адмовілася б паўдзельнічаць”. І хай наперадзе новых адкрыццяў, высокіх дасягненняў у нашай таленавітай зямлячкі будзе не менш!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *