26 апреля — Международный день памяти о Чернобыльской катастрофе

Общество

37 лет назад, 26 апреля 1986 года, произошла катастрофа на Чернобыльской АЭС. ЧАЭС расположена на территории Украины, в 18 км от города Чернобыль, в 150 км от Киева и в 16 км от границы Беларуси. В 80-е годы XX века это была самая мощная в СССР атомная электростанция. Последствия затронули многие страны Европы, но в наибольшей степени пострадали Украина, Россия и особенно Беларусь. На территориях радиоактивного загрязнения в Беларуси оказалось 3678 населенных пунктов, в которых проживали 2,2 млн человек; 479 населенных пунктов прекратили существование. С пострадавших от чернобыльской катастрофы территорий отселены 137,7 тыс. человек, из которых 75% — жители Гомельской области.

Былы начальнік аддзела ДРБУ-105, а зараз спецыяліст сектара архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Наталля Мікалаеўна Круцёнак санаторыі наведвае з месячнага ўзросту. Равесніца “Чарнобыля”, канечне, нічога не памятае пра тагачасную здраўніцу “Лётцы”. Але гэтае месца так і стала летняй рэзідэнцыяй для сям’і Паўленка – колькі існавалі льготы – столькі ездзілі толькі туды. Хаця лепш бы жылі дома без курортаў і вымушанага аздараўлення.

Іх прозвішча ў афіцыйных спісах перасяленцаў не значыцца. Ліквідатар Мікалай Уладзіміравіч чысты населены пункт для новага месца жыхарства шукаў сам. Непасрэдна з Хойнікаў тады не адсялялі, толькі з вёсак 30-кіламетровай зоны. Такім чынам прыкладна праз тыдзень пасля трагедыі да іх “у чым былі” прыехалі родныя з малой радзімы – вёскі Пагоннае. Ці перадалася паніка, ці ўсвядомілі небяспеку, але ўжо ў маі ў Тульскую вобласць да сястры Тамары Міхайлаўны ехалі назаўсёды. Мікалаю Уладзіміравічу заставалася толькі адчыніць дзверы дырэктара гаспадаркі… але не змог. Так захацелася на радзіму. Вярнуліся ў чэрвені, пялёнкі перамылі і назаўтра ў новае падарожжа. Матулям з дзецьмі, а ў Паўленкаў іх было чацвёра, на ўсё лета выдавалі пуцёўкі ў санаторыі. Старэйшыя ў наступныя гады накіроўваліся ў Крым, іншыя лагеры, па сем’ях у Польшчу. Летам жа 1986 у Хойніках наогул не гучалі дзіцячыя галасы – усіх вывезлі пад наглядам настаўнікаў, а ў верасні вучні пайшлі ў школу. Усю гаспадарку, пакуль жонка з дзецьмі вандравала, Мікалай Уладзіміравіч распрадаў. Пакінулі толькі курэй ды парсюкоў.

“Бульбу мы садзілі на маёй малой радзіме, у чыстай зоне. У магазінах усяго ў дастатку было, розных фруктаў і па танным кошце, – прыгадвае Тамара Міхайлаўна. – У школе і садку, дзе я працавала бухгалтарам, таксама ўзмоцненае харчаванне. Нам жа плацілі падвоены заробак. Але сем’і масава раз’язджаліся, выхаванцаў станавілася ўсё меней. Калі да трагедыі ў групах было за 30 дзяцей, то хутка наш сад ад торфабрыкетнага завода наогул зачынілі, а застаўшыхся малых расфарміравалі па іншых садках горада”.

Мабыць так бы і засталіся Паўленкі ў Хойніках, але ў Мікалая Уладзіміравіча развілася алергія, якую напрамую звязвалі з радыяцыяй. Ён па-ранейшаму працаваў у меліярацыі, акрамя абслугоўвання звычайных аб’ектаў дзяжурыў непасрэдна ў зоне на дамбе. Яе пабудавалі, каб забруджаныя воды не траплялі ў Прыпяць, вось і рэгулявалі пазменна падчас павадкаў узровень. Калі ж медыкі параілі перамену месца жыхарства, ён паехаў “на агледзіны” ў Верхнядзвінск, дзе ўжо працаваў іх інжынер і было раўназначнае вялікае жыллё. Аднак не даехаў. “Як мінулі Лепель, нікуды болей не захацеў – павярнуў ва Ушачы: кругом вада і лясы – прырода зусім як у нас. Так і застаўся. З дырэктарам ПМК-50 В.П.Кароткім раней у адной арганізацыі працавалі, ён прапанаваў работу і паабяцаў, што хутка пабудуюць і яшчэ катэдж. Хлопцы добра прынялі, ды і пераехалі мы разам з Аляксандрам Лук’яненкам. А ў 1991-м перавёз сям’ю. Раней кожны тыдзень накіроўваўся на малую радзіму, жонка цяжка пераносіла пераезд, а зараз дом тут, – расказвае работнік ДРБУ-105 М.У.Паўленка. – Складана было: нікога не ведаем, тавары па талонах, а яшчэ і машына, што перавозіла нашы рэчы, перакулілася, усё паламалася, халадзільніка нават не было. У галодныя гады перабудовы дапамагла ўласная гаспадарка. А наогул самае страшнае мы перажылі ў 1986-м. Неяк у пачатку каранавіруса дзяўчаты ў бальніцы панікавалі. Як напэўна і ўсе, толькі не чарнобыльцы. Малюнак запоўненага людзьмі вакзала Гомеля, якія сядзяць на чамаданах і не могуць узяць білетаў, і зараз стаіць перад вачыма. Як у кадрах ваеннай хронікі”.

Зараз родная вёска М.У.Паўленкі ў зоне запаведніка, па пропусках прыязджаюць на Радаўніцу на могілкі. А вось алергія ў Мікалая Уладзіміравіча знікла без медыцынскай дапамогі – нездарма ўсё ж завярнуў 33 гады таму на Ушаччыну.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *