Аграрии ОАО «Агро-Селище» на финише посевной кампании

Сельское хозяйство

“Анатоль Жаваранак і Саша Бараўцоў у нас сёння на ўзворванні за Баяршчынай, Ілья Загародні – з дыскатарам, Генадзь Хадасевіч сее пшаніцу за Селішчам, а глебу яму рыхтуе новай бараной наш памочнік з лясгаса Аляксандр Ласкуноў”, – вычарпальна акрэслілі нам палявую абстаноўку ў селішчанскай дыспетчарскай, дзе мы пабывалі на мінулым тыдні.

А.Ласкуноў.

Па выніках “разведданых” абіраем для візіту апошнюю з прыгаданых пазіцый: заўсёды цікава паназіраць за фінальным этапам пасяўнога ланцуга, а тут яшчэ выпала нагода ўбачыць у справе тэхнічную навінку і незнаёмага нам работніка. Зрэшты, як высветлілася, Аляксандр Ласкуноў у аграрнай сферы зусім не навічок – дылетанту і не даверылі б энерганасычаны МТЗ-3022 і атрыманую напярэдадні сезона па леташнім прэзідэнцкім распараджэнні шыроказахопную барану БШГЗ-12. Ураджэнец Слабады пачынаў кар’еру яшчэ ў калгасе імя Леніна, потым уладкаваўся ў Полацку, працаваў на чыгунцы, у філіяле “Вясна-энерга”, а некалькі год таму далучыўся да калектыву Ушацкага лясгаса. Да неабходнасці дапамагчы работнікам “Агра-Селішча” аднёсся з разуменнем і сеў за руль “Беларуса”, якому сёлета правялі капрамонт рухавіка. Новую барану, якую вырабляе Ціраспальскі агратэхсэрвіс, асвоіў без праблем. “Тэхніка эфектыўная ў рабоце і зручная ў кіраванні. Гідраўлічная сістэма ў момант раскладае 12-метровы агрэгат, а вось такім чынам барану можна прыўзняць і стрэсці з зубоў камякі глебы”, – дэманструе механізатар яе вартасці.

І.Авезмамедаў.

А каб пагутарыць са штатным сейбітам Генадзем Хадасевічам, давялося ісці ў супрацьлеглы бок 25-гектарнага поля, якое сёлета вырашылі вылучыць пад эліту пшаніцы. Асноўную ж стаўку на яравой сяўбе тут зрабілі на авёс. “Як даецца сёлетняя пасяўная?” – задаём старажылу гаспадаркі рытарычнае пытанне. “Калі чакаеце адказу, што яна надзвычайная, то гэта не так. Позні пачатак для нас не ў навіну: летась я вывеў сеялку ў поле 10 красавіка – усяго на чатыры дні раней, чым сёлета. Але пры належнай арганізацыі работ усё рэальна навярстаць”, – разважае Генадзь Часлававіч. Да слова, у 2021-м селішчанцы стартавалі 28 сакавіка, аднак анамальна высокія тэмпературы ў перыяд вегетацыі зменшылі ўраджай, тады як летась ён быў прыкметна лепшым.

А вось што заўсёды застаецца нязменным, дык гэта руплівасць і прафесіяналізм работнікаў. Спыніць у полі трактар Г.Хадасевіча нават для кароткай гутаркі – справа маларэальная, але ў гэты раз нам пашанцавала: механізатар запраўляў агрэгат насеннем, якое падвёз яшчэ адзін памочнік – прадстаўнік Плінскага лясніцтва Ігар Авезмамедаў. “Бачыце, якога мне “асілка” даверылі, – з гумарам ахарактарызаваў трактарыст невялічкі МТЗ-622, на якім даставіў больш 6 тон пшаніцы. – Гэта ён толькі выглядае сціплым, а груз вязе ўтрая большы ўласнай вагі. За сваю багатую кар’еру вадзіў усё, што рухаецца, але за руль гэтай мадэлі сеў упершыню: зручная і манеўраная тэхніка, шкада, што незаўсёды ў полі ёй справа знаходзіцца… Асабіста я рады магчымасці далучыцца да пасяўной: хлеб жа мы ўсе ядзім, як можна не падставіць плячо аграрыям? Так што, калі паклічуць – прыбуду і на ўборачную”.

Да названага працэсу яшчэ далёка, а вось першы этап аграрнага цыклу блізкі да завяршэння. Гаспадаркі раёна ўжо справіліся з зерневымі і зернебабовымі – пад гэтыя культуры сёлета адведзена 3435 гектараў, а на бягучым тыдні прыступілі да сяўбы кукурузы і грэчкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *