С 15 мая в Беларуси официально начался купальный сезон. Водоёмы в Ушачском районе уже обследовали водолазы

Общество

З 15 мая ў Беларусі афіцыйна пачаўся купальны сезон.

Як паведаміў старшыня раённага таварыства выратавання на водах Аляксандр Захараў, напярэдадні ўзгаданай даты вадаёмы Ушаччыны абследаваны вадалазамі (на здымку) – допуск спецыялістаў атрымалі пляжы на возеры Вечалле і ля санаторыя “Лясныя азёры” на Должыцы, месцы для купання на Чаравэччы і ля лагера “Турасполле” на рацэ Дзіва. У панядзелак на першым пачалі несці сваю вахту супрацоўнікі выратавальнага паста, з’явілася тут і сістэма відэаназірання. Камунальная служба працягвае работу па добраўпарадкаванні.

Прыступілі да работы і праваахоўнікі. З улікам сезоннага павелічэння інтэнсіўнасці руху да ўзгаданых месцаў максімальна набліжаны нарады ДАІ. На кантролі і захаванне грамадскага парадку на пляжах. Як нагадаў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксей Антуновіч, тут нельга распіваць алкагольныя напоі і піва – за такія дзеянні можна атрымаць штраф да 8 базавых велічынь. Адмоўцеся ад купання ў забароненых месцах (на возеры Лутава, рацэ Ушача ля разбуранай плаціны ў вёсцы Замошша, у кар’ерах, саджалках, меліярацыйных і тэхнічных каналах) – за гэта можна “зарабіць” ад 1 да 3 базавых. Не заходзьце ў ваду ў стане алкагольнага ап’янення. Не пакідайце ля вады без нагляду малалетніх дзяцей. Не знішчайце прадугледжаную для адпачынку маёмасць (альтанкі, лаўкі, кабінкі для пераапранання) – можаце пазбавіцца да 30 базавых.

Калі вы сталі сведкай супрацьпраўных дзеянняў у месцах масавага адпачынку грамадзян, паведаміце пра гэта ў райаддзел міліцыі па нумарах: 5-84-02, 8 (029) 599-48-02 (МТС) ці 102.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *