Свой профессиональный праздник отмечают медики

К профессиональному празднику

Штогод у кожную трэцюю нядзелю чэрвеня адзначаецца Дзень медыцынскіх работнікаў. Напярэдадні прафесійнага свята галоўны ўрач установы аховы здароўя “Ушацкая ЦРБ” М.М.Каспіровіч расказаў пра развіццё медустаноў раёна і пра людзей, якія прысвяцілі сябе служэнню гэтай высакароднай прафесіі.

На сённяшні дзень у лячэбна-прафілактычных установах раёна працуюць 380 работнікаў, з іх 37 урачоў.
У тым, што з году ў год паляпшаецца якасць аказання медыцынскай дапамогі хворым, вялікая заслуга ўсяго калектыву. Нашы спецыялісты ўзброены не толькі выдатнымі ведамі, сучасным абсталяваннем, але і тым, што свята і каштоўна – міласэрнасцю, здольнасцю адгукацца на чужы боль.
У гэтым годзе Граматамі Упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны правізар ЦРБ Таццяна Мікалаеўна Падворная, галоўная медсястра бальніцы, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Роза Генадзьеўна Шарстакова і медсястра Вялікадолецкай бальніцы Наталля Іванаўна Цімашкова. Прадставілі на занясенне на раённую Дошку гонару кандыдатуру медсястры Глыбачэнскай бальніцы сястрынскага догляду Шастаковай Вольгі Анатольеўны.
– Мікалай Мікалаевіч, цяжка ўявіць наша жыццё без інавацыйных тэхналогій. Як яны выкарыстоўваюцца ў медустановах раёна?
– Сёння ўстановы аховы здароўя раёна забяспечваюцца новым медыцынскім абсталяваннем, удасканальваюцца метады лячэння і дыягностыкі, укараняюцца ўнікальныя распрацоўкі і інавацыйныя тэхналогіі. У платных стаматалагічных кабінетах выкарыстоўваюцца самыя новыя матэрыялы высокай якасці. Нядаўна ў кабінет ЛОР-урача набылі спецыяльны ЛОР-камбайн. Набыты таксама сучасныя біяхімічны і гематалагічны аналізатары, прызначаныя для правядзення аналізу крыві. Яны аснашчаны камп’ютарамі, што, безумоўна, аблягчае работу лабарантаў, дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць час урача.
– Ці ёсць праблема з недахопам кадраў?
– Яшчэ год назад у раёне не было сваіх хірургаў і гінеколагаў. На шчасце, зараз сітуацыя змянілася: на сённяшні дзень у бальніцы працуюць два маладыя хірургі і адзін гінеколаг. Гэта вельмі адказныя людзі, прафе-сіяналы сваёй справы – у прынцыпе, як і ўсе астатнія нашы медыкі. У жніўні 2011 года да нас прыйдуць на працу яшчэ два маладыя спецыялісты: урач-інфекцыяніст і ўрач-тэрапеўт. А на наступны год штат папоўняць трое медыкаў: гінеколаг, тэрапеўт і стаматолаг. Так што без кадраў не застанёмся!
– Што б хацелі сказаць сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Прыміце шчырыя словы падзякі за ваша майстэрства, душэўную шчодрасць і міласэрнаць. Няхай самай вялікай узнагародай для вас будуць прызнанне, павага, удзячныя і шчаслівыя твары пацыентаў, якім вы дапамагаеце захаваць здароўе, жыццёвыя сілы, упэўненасць у сабе і ў заўтрашнім дні! Са святам!

Прафесіянал — гэта назаўсёды

Дваццаць сем гадоў у тандэме з любімай прафесіяй… Дваццаць сем гадоў самаадданай працы і днём, і ноччу. Пра Вольгу Аляксееўну Шаўчэнка з упэўненасцю можна сказаць: яна – прыклад таго, якім павінен быць медыцынскі работнік. Добрая, уважлівая, спагадлівая, заўсёды ведае, як і чым дапамагчы сваім пацыентам, калегам па рабоце.  
Медыцыну намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце лічыць не прафесіяй, а спосабам і сэнсам жыцця. Яшчэ ў дзяцінстве Вольга Аляксееўна цвёрда вырашыла, што будзе дапамагаць людзям. Нават калі яшчэ не ўмела добра размаўляць, на пытанне дарослых “Кім хочаш стаць?” рашуча вымаўляла “Доктарам!” Жаданне звязаць сваё жыццё з медыцынай з цягам часу не знікла, а таму пасля заканчэння Ушацкай школы дзяўчына паступіла ў Віцебскі медыцынскі інстытут. І, як цяпер прызнаецца, ніколі не пашкадавала аб гэтым.
Гады вучобы праляцелі хутка. У 1984 годзе В.А.Шаўчэнка прыехала на сваю малую радзіму – ва Ушачы, стала працаваць у тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы. Тут яе сустрэлі цёпла, а таму хутка прывыкла да работы, умацавалася ў тым, што правільна выбрала прафесію. Пэўны час Вольга Аляксееўна была ўчастковым тэрапеўтам, а з 1997 года стала намеснікам галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце.
– Я шчаслівая, што лёс мяне прывёў ва Ушачы, – расказвае жанчына. – Наш гарпасёлак ва ўсіх адносінах прывабны. Не вялікі і не малы, утульны. Людзі, калегі па рабоце добразычлівыя, прыязныя. Работа цікавая. Жыллё. Чаго яшчэ хацець?
Вольга Аляксееўна заўсёды ў курсе ўсіх бальнічных спраў. Кожны яе дзень насычаны клопатам пра людзей. Імкнецца арганізаваць работу медработнікаў так, каб гэта было зручна для пацыентаў, не ўтвараліся чэргі. А за змену ў паліклініку прыходзіць каля 300 наведвальнікаў! За кансультацыяй і парадай у кабінет да жанчыны пастаянна заходзяць калегі па рабоце. На пасадзе намесніка В.А. Шаўчэнка застаецца перш за ўсё ўрачом, а толькі потым – адміністратарам.
На маё пытанне “Што ў вашых абавязках дастаўляе вам задавальненне, а што ў рабоце самае складанае?” Вольга Аляксееўна адказала:
– Вось калі паступае хворы ў вельмі цяжкім стане, і мы ўсёй бальніцай “выцягваем” яго, і потым у чалавека жыццё складваецца нармальна – гэта, безумоўна, самая вялікая радасць для любога ўрача. А складана… калі дапамагчы не можам. На жаль, не ўсё залежыць ад медыкаў.
З году ў год Вольга Аляксееўна Шаўчэнка спраўна выконвае свае прафесійныя абавязкі. Заслужыла прызнанне, павагу пацыентаў і калег па рабоце. Безумоўна, бывае складана. Сілы доктару дапамагаюць аднавіць яе блізкія. Увогуле яна лічыць, што ў жыцці трэба заставацца аптымістам, радавацца кожнаму дню.
Ёсць у гэтай жанчыне нейкі асаблівы агеньчык, незвычайная душэўная цеплыня, шчырасць, прага да жыцця, якія прыцягваюць, не пакідаюць абыякавым, якімі хочацца зарадзіцца самому.
Як і ў мінулыя гады, Вольга Аляксееўна ў пастаянным руху. Па-ранейшаму гараць дабрынёй яе шчырыя вочы. І сэрца такое ж спагадлівае, клапатлівае, адкрытае.



1 комментарий по теме “Свой профессиональный праздник отмечают медики

  1. Дай Бог здоровья нашим дорогим медицинским работникам!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *