Консультация нотариуса: можно ли отказаться от своей доли имущества при нерасторгнутом браке?

Общество

Можна адмовіцца ад уласнасці, але не ад права на яе. Што гэта азначае, хацелася б патлумачыць на прыкладзе з нядаўняй практыкі.

У кантору прыйшоў мужчына, каб скласці завяшчанне. Шчыранька, хоць і з падказкай, каб адпавядала нормам, напісаў яго, указаўшы ўсю сваю маёмасць на карысць пасынка. А пры развітанні высветлілася, што ў яго не скасаваны шлюб. “Мы даўно не жывём разам, гэта мой дом, а паколькі былая жонка з’ехала ажно ў Сібір, не можам развесціся. Папрашу, каб напісала адмову ад быццам бы сваёй долі – праблем не паўстане”.

Насамрэч яны ўжо паўсталі, і прычым немалыя. Уласнасць, набытая падчас шлюбу, лічыцца сумеснай мужа і жонкі. Значыць і палова дома, якую завяшчаў мужчына, таксама не яго. Памылковай з’яўляецца і ўпэўненасць, што жонка можа адмовіцца ад сваёй часткі. Гэта не так. Нават калі яна сапраўды не прэтэндуе на палову дома (хоць часцей бывае адваротнае), яна яе па законе, а ад права на ўласнасць адмовіцца нельга. Жанчына можа падарыць ці прадаць яе, аднак спачатку давядзецца аформіць усе дакументы. Калі б размова ішла пра завяшчанне, то так – можна не падаваць заяву аб прыняцці спадчыны і значыць не прэтэндаваць на яе.

Мужчына зразумеў, што найперш яму трэба скасаваць шлюб, бо і ўся іншая маёмасць, якую ён набудзе, таксама лічыцца сумеснай.

Калі б гэтыя нюансы не высветліліся зараз, праблемы паўсталі б потым. Бо пасля смерці завяшчальніка натарыус не бачыць яго пашпарта. Пасынак падаў бы заяву на атрыманне ўсёй спадчыны, магчыма, паспеў бы атрымаць, а потым прыехала б законная ўласніца паловы дома…

Мараль гэтай гісторыі наступная – не зацягвайце з афармленнем папер, не лічыце іх фармальнасцю, потым усё акажацца намнога складаней.

Жанна КАВАЛЕНКА, натарыус Ушацкай натарыяльнай канторы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *