Работники потребкооперации в первую субботу июля отмечают профессиональный праздник

Общество

Ва Ушацкім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства зараз нялепшыя часы, з-за затрымак з пастаўкамі замінкі адбываюцца ў рабоце усіх падраздзяленняў. Але заўсёды на паліцах магазінаў у асартыменце ўласная прадукцыя філіяла – і вялікая заслуга ў гэтым аддзела грамадскага харчавання.

Н.Сіротка, Н.Чабатар, Т.Белая.

Хоць летам у іх традыцыйна больш наведвальнікаў, яны ўхітраюцца яшчэ і павялічваць выпуск тавараў для гандлёвых кропак.

Піражкі, чабурэкі, златкі… Гэта самая свежая ранняя прадукцыя. Але ўбачыць разам тысячы штук рознай выпечкі кулінарнага цэху можна толькі на світанні. У 6 гадзін ужо пачынаецца першая адгрузка і “пахучыя” машыны едуць на Полацк, Дзісну, Глыбокае – літаральна ва ўсе магазіны і кафэ філіяла. “Недахоп асартыменту прадаўцы перакрываюць нашым таварам, таму адных толькі піражкоў з павідлам тры повары начной змены брыгады Таццяны Белай выпякаюць па 600 штук. Вельмі вялікая нагрузка, – тлумачыць начальнік аддзела грамадскага харчавання Наталля Васільеўна Чабатар. – І не толькі на іх ці кандытарах, якімі кіруе Алена Мацвеева. На руках Ніны Балаган, што працуе толькі з адной памочніцай, уся раздзелка і перапрацоўка туш: фаршы, мяса ў продаж і для повараў, засолка сала. Наогул адмянялі графік чаргавання для повараў рэстарана Галіны Грыневіч і Ніны Сіроткі, паколькі немагчыма адной накарміць сто чалавек, як было на 4-5 мая, калі задзейнічанымі аказаліся ўсе кафэ і рэстаран”.

У сакавіку грамадскім харчаваннем выпушчана ўласнай прадукцыі на 216 тысяч рублёў, а ў маі – на 257. Рост назіраецца як у параўнанні з халоднымі месяцамі гэтага года – 107 працэнтаў, так і з летнім перыядам мінулага года – 103,4 працэнта.

Яны ж гатуюць сняданкі, абеды і адвячоркі для кафе “ТаймАўт”. Летам з’яўляецца памочнік і ў яго бармена Сняжаны Філіпавай. Фізкультурна-аздараўленчы комплекс толькі што пакінула група юных плыўцоў, і ўжо прыехала 45 барцоў, для якіх заказана ўзмоцненае харчаванне. Улічваюць повары і пажаданні спартсменаў, ну а нядаўна ляпілі дамашнюю лапшу, каб акрамя клёцак і юшкі пачаставаць кітайскую дэлегацыю і іх нацыянальнай стравай. І здзівілі заморскіх гасцей. Многае значаць дробязі – тыя ж запраўкі, і ў кожнага повара свае сакрэты. Сама ж Н.Чабатар вось ужо паўтара года як замяняе маянэз у салатах з агароднінай фірменнай запраўкай Н.Грыневіч – з французскай гарчыцай.

Прафесійнае свята кааператараў амаль заўсёды супадае з Днём незалежнасці, а сёлета яшчэ і з правядзеннем фестывалю”ЭкстрымПрарыў”. Акрамя гатовай выпечкі, салатаў, шашлыкоў, непасрэдна на месцы будуць гатаваць бульбу-фры, нагетсы, бліны. Лічы, як падчас “Славянскага базару”.

За 27 дзён чэрвеня кандытарскі цэх выпусціў 2,3 тоны выпечкі, кулінарны – 3,5, 1,3 – адных пельменяў.

Наталля Васільеўна хоць спакойна ўспрыняла яшчэ і падрыхтоўку матэрыяла пра сваю службу, многія прадстаўнікі якой адзначаны ад абласнога ўзроўню да Дошкі гонару філіяла, але прызналася – святы яна не любіць. Бо ўжо шукае людзей для абслугоўвання дадатковых кропак, думае над рацыянальным размяшчэннем абсталявання, падвозам. Ды і за прылавак хутчэй за ўсё давядзецца станавіцца самой, каб дапамагчы абслугоўваць чаргу. Але калі яна стаіць, як штодня ў “Кулінарыі”, дзе прадстаўлены асартымент усіх цэхаў грамадскага харчавання, значыць іх прадукцыя падабаецца, і трэба здзіўляць ушачан дадатковымі навінкамі. А яны, нягледзячы на і так павялічаную нагрузку, з’яўляюцца кожны месяц.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *