Любые спиртные напитки пагубно действуют на организм человека

Здравоохранение

Сёлета ў рэанімацыйнае аддзяленне Ушацкай ЦРБ з алкагольнай інтаксікацыяй трапіла шэсць жыхароў раёна. Ніхто з іх заўзятым прапойцам не быў – цалкам прыстойныя людзі проста не змаглі своечасова спыніцца… Хочацца спадзявацца: перажытае “ацвярозіць” іх розум і не дасць у перспектыве “пазнаёміцца” з цяжкай хранічнай хваробай пад назвай алкагалізм. Сёння пра яе небяспеку, сітуацыю з распаўсюджаннем расказвае ўрач псіхіятр­-нарколаг райбальніцы Паліна Генадзьеўна ПУГАЧ:

– Любыя спіртныя напоі згубна ўздзейнічаюць на  жыццёва важныя органы: печань, сардэчна-­сасудзістую, нервовую сістэмы і асабліва галаўны мозг. Ужыванне алкаголю правакуе развіццё гастрыту, язвы, выклікае ўзмоцненую работу нырак і эндакрынныя парушэнні, павышае згусальнасць крыві, прыводзіць да ўтварэння тромбаў, павялічвае раздражняльнасць, агрэсіўнасць, зніжае памяць. Узрастае колькасць няшчасных выпадкаў, траўм, самазабойстваў. У 18 разоў павялічваецца рызыка з’яўлення рака гартані, у п’яніц­-бацькоў часта нараджаюцца непаўнацэнныя дзеці. Аматары зялёнага змея жывуць на 15­-20 гадоў менш, чым прыхільнікі здаровага ладу жыцця. З п’янствам і алкагалізмам звязана да 50 працэнтаў выпадкаў злачынстваў, а злоўжыванне спіртным адным з членаў сям’і забірае ад 40 да 70 працэнтаў бюджэту. З гэтай з’явай звязана таксама палова разводаў і абсалютная большасць выпадкаў сацыяльнага сіроцтва.

У людзей, якія працуюць 50 і больш гадзін за тыдзень, у 3,3 разы павялічваецца верагоднасць стаць алкаголікамі – да такога вываду прыйшлі навукоўцы. Вынікі іх даследаванняў паказалі, што працаголікі знаходзяць у выпіўцы спосаб расслабіцца. Аднак гэта якраз той варыянт, які прыводзіць да залежнасці. Спецыялісты раяць займацца спортам, вандраваць, наведваць лазню – шукаць сапраўды карысныя спосабы зняць напружанне.

На жаль, ужыванне спіртных напояў у апошні час ператварылася ў адзін з самых распаўсюджаных відаў “адпачынку”, калектыўнага і індывідуальнага баўлення часу, спосаб зняць нагрузку, стрэс. Па даных праведзенага нядаўна апытання, толькі 15 працэнтаў беларусаў цалкам устрымліваюцца ад ужывання алкаголю, 43 – ужываюць яго рэдка і ў невялікіх дозах, 31 – эпізадычна “балуецца” спіртным, а 11 – робіць гэта сістэматычна.

У апошнія гады ва Ушацкім раёне колькасць людзей з алкагольнай залежнасцю змяншаецца. І ўсё ж аптымізму пакуль мала: на ўліку ўрача­-нарколага ў сувязі з алкагалізмам зараз знаходзіцца 523 чалавекі, з іх 22 трапілі ў “чорны спіс” сёлета.

Пры першай стадыі  алкагалізму чалавек не адчувае прынятай дозы спіртнога. У яго могуць быць запоі, але раніцай ён не пахмяляецца. Калі ж жаданне ўзяцца за чарку з’яўляецца, а на наступны дзень зноў дрэнна, гэта можна лічыць ужо другой стадыяй алкагалізму – такіх людзей медыкі ставяць на ўлік.

Хачу нагадаць, што на базе наркалагічнага кабінета Ушацкай ЦРБ праводзіцца ананімная кансультацыя дарослых і непаўналетніх. Мы рады дапамагчы тым, хто выявіў у сябе ці блізкіх трывожныя сімптомы захворвання. На платнай аснове можна прайсці кадзіроўку. Дадатковая інфармацыя – па тэлефоне 5-03-94.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *