В центре Ушач появился мурал, посвященный Году мира и созидания

Общество

Цэнтр Ушач  упрыгожыў мурал, прысвечаны Году міру і стварэння. Ён з’явіўся на будынку раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сімвалічна, што роўна 17 муралаў да 17 верасня будуць створаны ў 17 раёнах Віцебшчыны.

Урачыстае адкрыццё маляўнічых аб’ёмных малюнкаў паэтапна праходзіць падчас абласнога грамадзянска-патрыятычнага марафону “#Адзіны”, арганізатарамі якога сталі Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, абласная арганізацыя “Беларускага саюза жанчын” і абкам БРСМ. Папярэднічаў гэтай падзеі конкурс малюнкаў “Фарбы міру”. У ім прыняло ўдзел больш за 200 жыхароў вобласці ад 7 да 25 гадоў. Самыя яркія і сімвалічныя малюнкі і сталі ўпрыгожваннем населеных пунктаў. У ліку пераможцаў аказалася і работа нашай зямлячкі Валерыі Касцючэнкі, а ўвасобіла яе малюнак у жыццё педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ганна Бабянок.
Права адкрыць новы арт-аб’ект было дадзена старшыням райвыканкама і райсавета С.Садоўскаму, Н.Марковіч і ўдзельнікам аўтамарафону “#Адзіны”.

На мурале выява ўшачанкі, якая беражліва трымае ў руках зямны шар з краявідамі малой радзімы. Дапаўняе кампазіцыю ўсім вядомы выраз: “Нам гэты свет завешчана берагчы!”
“Кожны мурал унікальны, адлюстроўвае наш нацыянальны каларыт. Дзякуй Ушацкаму райвыканкаму за падтрымку гэтай маладзёжнай ініцыятывы. Прыемна, што работы конкурсу застануцца не проста на паперы, а будуць аб’ектам агульнай увагі,” – адзначыў першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў.

“Прыцягвае ўвагу, прымушае задумацца, што толькі аб’яднаўшыся, мы зможам зберагчы мір і дабарабыт на нашай зямлі”, – падкрэсліў С.Садоўскі. Такую думку раздзялілі і ўдзельнікі ўрачыстасці – ушачане, прадстаўнікі калектываў. Тым часам каля мурала ўжо зроблены сотні фотаздымкаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *