Легко ли быть аниматором? Рассказываем об этом в очередном выпуске проекта «Один день с …»

Калейдоскоп

Цёплы сезон ужо на фінішы, і хутка нам давядзецца з настальгіяй гартаць у сваіх тэлефонах кадры яркіх летніх падзей. Відавочна, што ў многіх архівах знойдуцца здымкі з фестывалю “Экстрым-Прарыў”, у тым ліку фота з талісманам ушацкага спарткомплексу – абаяльнай вавёркай. Без яе ўжо нельга ўявіць ні наш брэндавы фэст, ні іншыя масавыя святы. Калі бачыш гэтую гарэзу, міжвольна пачынаеш усміхацца! А яшчэ задаешся пытаннямі – хто хаваецца пад рыжанькім футрам і ўвогуле як сябе адчуваюць людзі ўнутры роставых лялек? Калі ж мы даведаліся, што арганізатары сёлетняга фестывалю шукаюць валанцёраў для “ажыўлення” маскота (гэта адна з прынятых у свеце назваў падобных талісманаў), не ўпусцілі магчымасць задаволіць сваю цікаўнасць, а заадно і зрабіць дадатак у наш новы журналісцкі праект.

Зараз лічы што кожная прыстойная фірма мае сваіх роставых лялек, якія забаўляюць людзей падчас святаў, спаборніцтваў і прэзентацый. “Пару год таму мы нагледзелі, як на абласных “Сельскіх гульнях” з гэтай функцыяй выдатна спраўляўся вялізны Мішка, і вырашылі займець свайго маскота, – расказвае дырэктар Ушацкай СДЮШАР Сяргей Кіслы. – Перш чым абраць сімвал, перагарталі шмат інтэрнэт-старонак з прапановамі. Рашэнне прымалі калектыўна: сімпатыі большасці работнікаў заваявала вавёрка з “Ледніковага перыяду” – у мульціку гэты персанаж быў яшчэ тым экстрэмалам, а таму выдатна падыходзіў на ролю талісмана “Экстрым-Прарыву”.

Першым, як і мае быць, махнаты камбінезон, галаву і лапы прымерыў дырэктар РФСК Андрэй Жыткоў. Правёў у касцюме некаторы час, застаўся жывы – і даў “дабро” на эксплуатацыю! Дэбют вавёркі адбыўся на мінулагоднім фестывалі. Восенню “рыжуха” ўзначальвала ветэранскі марафон па скандынаўскай хадзьбе, а зімой феерыла на адкрыцці навагодняй ёлкі. “Выступіць у якасці аніматара згадзілася ахвотна: і цёпла было ў вавёрчыным футры, і весела! – расказвае інструктар ФСК па фітнесе Юлія Казак. – На “ёлцы” давялося апынуцца ў звышнатуральнай сітуацыі: мала таго што была ўнутры вавёркі, дык мяне яшчэ і схавалі ў кораб-падарунак, які прывезлі на снегаходзе – стаяла задача эфектна выскачыць з “упакоўкі” ля сцэны – і думаю, я з гэтым справілася! Увогуле новы талісман дазволіў нам расквечваць сцэнарыі выступленняў, менавіта вакол вавёркі разгортваем цяпер “візітоўку” ўшацкай каманды на абласных спартакіядах, рэкламуем наш фестываль і зарабляем высокія балы”.

Калі Юлія адказвае за “зімовае жыццё” персанажа, то ў час яго летніх прыгод гэту місію бяруць на свае плечы прадстаўнікі моцнага полу, бо патрабуе яна грунтоўнай фізічнай загартоўкі. Пра гэта мяне шчыра папярэдзілі арганізатары, выдаваючы амуніцыю. А малады настаўнік Віталь Дзямідаў, які ў асноўным і выконвае аніматарскую ролю на фестывалях, пазнаёміў з вытворчымі сакрэтамі: напрыклад, як перастаўляць лапы, каб не страціць раўнавагу, пад якім вуглом праз адтуліну ў мордачцы зручна разглядаць людзей, а яшчэ паказаў кнопачку маленькага вентылятара, замацаванага на макушцы, – у гарачыя змены гэты прыборчык служыць хоць нейкім паратункам. Яшчэ адну “фішку” я вынайшла сама: калі ўнутры становіцца зусім спякотна, варта падысці да вады – ветрык з возера прынясе глыток свежага паветра.

Мая валанцёрская змена прыпала на момант, калі ля Вечалля было асабліва мнагалюдна: нядзельным поўднем пачыналіся спаборніцтвы па сілавым экстрыме. Такой увагі і папулярнасці, скажу я вам, за ўсё жыццё не адчувала! Напэўна, пад сотню разоў давялося пазіраваць перад камерамі ў абдымках з радаснай дзятвой. А яшчэ наш маскот дае “пяцюню” ўсім, хто ідзе міма: гэта значыць, трэба хлопнуць яго далонню па лапе. Кантакт з вавёркай аказаўся своеасаблівым тэстам на смеласць малышоў: былі такія, хто падысці не рашаўся – жывёла хоць і вясёлая, ды зубы навідавоку! Але пераважная большасць старалася і абняцца, і пагладзіць, і за хвост пацягнуць. Не абміналі ўвагай і дарослыя: нехта дзякаваў і запрашаў разам патанцаваць, хтосьці сыпаў дзяжурнымі жартамі кшталту “ўсё, пара завязваць”. Ну а самы няўрымслівы мужчына ўхапіў маскота на рукі і закруціў у паветры… Каб сабраць сябе “ў фокус” пасля прызямлення, давялося беднай вавёрцы некалькі імгненняў пастаяць з заплюшчанымі вачыма, але калі ідзеш “запальваць” на фестываль экстрыму, варта быць гатовым да ўсяго! І яшчэ: калі ў заапарках карміць жывёлу звычайна забараняюць, то фестывальны звярок на вечальскім пляжы не адмаўляўся ад кавалачкаў марожанага і нават піў праз саломінку халодны ліманад.

Прынамсі, для праекта “Адзін дзень з…” гэты вопыт, напэўна, крыху нефарматны. Па-першае, пад нашу ўвагу трапіла дзейнасць не прафесіяналаў, а валанцёраў. А па-другое, адпрацаваць цэлую змену ў вобліку аніматара аказалася задачай непасільнай. Нават тыя дзве гадзіны, што правяла ў вавёрчынай скуры, былі выпрабаваннем: майку з шортамі – хоць выкручвай, і каб не кросы да Арэхаўна, якія мы бегалі ў юнацтве з трэнерам лёгкаатлетычнага аддзялення Ушацкай спартшколы Таццянай Леанідаўнай Клопавай, то выйшла б з вобразу і значна раней. А таму проста найвялікшай павагай праніклася да вытрымкі і мужнасці Віталя Дзямідава, які змяніў мяне на “вахце” і фарсіў у касцюме рыжага талісмана на працягу ўсёй вячэрняй праграмы. “Дык я ж турыст са стажам! Мы ўсе да нагрузак звыклыя”, – сціпла зазначыў на гэты конт малады чалавек…

Можа і неабавязкова ведаць такія нюансы тым, хто прыходзіць на свята, але няхай гэты артыкул будзе рэверансам у бок усіх арганізатараў масавых мерапрыемстваў, якія забаўляюць людзей і ў лютую сцюжу, і ў летнюю спякоту. Бо менавіта дзякуючы ім нашы фотагалерэі пярэсцяць запамінальнымі яркімі кадрамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *