«Если дело по душе, иначе и быть не может!». Таисия и Артём Терешковцы о работе учителем в Глыбочанах

Общество

Герояў нашага аповеду дырэктар Глыбачанскай школы З.І.Жогаль называе ўніверсальнымі спецыялістамі, першымі сваімі памочнікамі. Яны не проста вядуць урокі – “закрываюць” пытанні па краязнаўчай, даследчай рабоце, ваенна-патрыятычным выхаванні, удзельнічаюць у конкурсах і семінарах, наводзяць бляск на прышкольным участку. “Калі справа па душы, інакш і быць не можа!” – сцвярджаюць Таіса і Арцём Церашкаўцы. 


Таіса Ігараўна – мясцовая, вучылася ў гэтай школе. Марыла стаць банкірам, бацькі ўгаворвалі на музыку (школу мастацтваў па фартэпіяна на выдатна скончыла), аднак у старэйшых класах прыслухалася да дырэктара Галіны Леанідаўны Кляпец, якая параіла дзяўчыне ВДУ імя П.М.Машэрава, дзе была спецыяльнасць “пачатковая адукацыя, замежная мова”. Пра гэта Таіса не пашкадавала, бо знайшла не толькі сваё прызванне, а і другую палавіну.

Арцём Іванавіч родам з Ветрына. У дзяцінстве займаўся маляваннем, разьбой па дрэве, наведваў секцыю па боксе, праз вучэбна-вытворчы камбінат атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Але ж па прыкладзе бацькі хацеў быць вайскоўцам, таму пасля службы ў арміі застаўся на кантракт.

Пазнаёміцца з Таісай дапамог саслужывец, знаёмы дзяўчыны. Абжывацца Церашкаўцы вырашылі ў Глыбачцы. Галава сям’і кінуў службу, працаваў рамшчыкам у “Ніксілбудзе” і завочна атрымліваў вышэйшую адукацыю – каб стаць настаўнікам і быць бліжэй да каханай.

Такая сямейнасць у рабоце дапамагае абаім. Нярэдка Церашкаўцы выконваюць даручаныя справы разам. З нядаўніх іх перамог – дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак. Таіса Ігараўна акрамя выкладання нямецкай мовы займаецца напаўненнем школьнага сайта (раім зайсці на яго – знойдзеце шмат цікавага), вядзе краязнаўчую работу, удзельнічала ў “мадэрнізацыі” музея ўстановы, стварэнні віртуальнага. Распрацоўвала квест-экскурсію “Партызанскімі сцежкамі”, сайт са звесткамі пра вучняў Глыбачанскай школы і аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. “Разам з дачкой Ксюшай, якая цікавіцца даследчай работай, летам вывучалі архівы, а гэта звыш 200 біяграфій, усё адлічбоўвалі, – расказвае Т.І.Церашкавец. – І ўжо трэці год наша “Сцяна памяці” – праект, які на слыху”.

Дарэчы, дапамагаюць яе прэзентаваць і вучні Арцёма Іванавіча, які выкладае фізкультуру, дапрызыўную падрыхтоўку і з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Двое яго падапечных – Андрэй Брыцік і Лізавета Казлова – сталі студэнтамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, яшчэ двое мяркуюць паступаць летам. Настаўнік падтрымлівае цесную сувязь са старшынёй сельвыканкама В.В.Шаршнёвым – нядаўна, напрыклад, на месцы шасці спаленых вёсак устанавілі памятныя таблічкі. Паспявае весці спартыўна-аздараўленчыя гурткі, шчыруе на прышкольным участку: летась зрабіў тут новую цяпліцу, а нядаўна зварыў калітку на ўваходзе, абсталяваў у школе інвентарны пакой. “Хачу і металакаванне асвоіць – буду калег, вучняў здзіўляць!” – кажа майстар-самавучка, які любіць у вольны час у пабудаваным сваімі рукамі гаражы што-небудзь падрамантаваць. Яго ж другая палавіна шмат чытае, займаецца рукадзеллем.

На дваіх у Церашкаўцоў ужо 18 гадоў прафесійнага стажу. “У школе праводзім увесь дзень, – кажуць нашы суразмоўцы. – Добра, што сын з дачкой заўсёды пад бокам (Ксенія вучыцца ў восьмым класе, Лёша наведвае садок). Увечары збіраемся разам і дружна ідзём дамоў”. Дарэчы, Глыбачку сваёй малой радзімай называе не толькі Таіса, а і Арцём. Зразумела, што пакідаць гэтыя мясціны і любімую прафесію яны не збіраюцца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *