Молодой педагог Анастасия Гатовская рассказывает о своей работе в детском саду

Образование и молодежь

Гераіня нашага аповеду – пастаянна ў кампаніі прадстаўнікоў моцнага полу. Не з кавалерамі ці калегамімужчынамі (іх у сістэме адукацыі нямнога) – ужо трэці год, што працуе выхавацелем у дзіцячым садзе №4 г.п.Ушачы, вядзе пераважна хлапчуковыя групы. Зараз, напрыклад, сярод яе 12 падапечных толькі дзве дзяўчынкі.

З выбарам прафесіі Анастасія Васільеўна вызначылася яшчэ ў дзяцінстве. Прыбягала на работу да сваёй маці Наталлі Уладзіміраўны Гатаўскай, памочніка выхавацеля гэтага ж садка, з захапленнем назірала, як цягнуцца да яе малышы. У Полацкім педкаледжы атрымала спецыяльнасць“дашкольная адукацыя”, цяпер завочна вучыцца ў ВДУ імя П.М.Машэрава.

“У садку мне далі адразу старэйшую групу, – кажа малады педагог. – Усе хлопчыкі – “з характарам”, доўга да мяне прыглядаліся. Трэба было заваяваць аўтарытэт”. З гэтым яна справілася – і ўжо ў маі на “выпускным” слёз ва ўсіх было нямала. Зрэшты, і зараз, убачыўшы на вуліцы сваю Анастасію Васільеўну, другакласнікі спяшаюцца з ёй абняцца, падзяліцца навінамі.

Цяперашнія яе падапечныя – з рознаўзроставай спецыялізаванай групы. Дзецям – ад трох і да васьмі, таму заняткі праводзяцца па падгрупах. Самым маленькім, напрыклад,
выхавацель прапануе штосьці намаляваць па тэме, сярэднім – расказаць пра гэта, ну а старэйшым – падрыхтаваць міні-сцэнку. Усе маюць парушэнні маўлення: хтосьці картавіць, а нехта ўвогуле не гаворыць. Асобным патрэбны спецыяльныя заданні: пакуль астатнія малююць вавёрку, прапанаваць знайсці яе сярод іншых звяркоў, жэстам паказаць, дзе нос, хвосцік… З дзецьмі працуе лагапед, а Анастасія, якая таксама вывучала гэту спецыфіку ў каледжы, сур’ёзна дапамагае.

Сваю работу яна вельмі любіць. Можна пастаянна гуляць з дзецьмі вакол садка – і заўсёды прыкмячаць штосьці асаблівае: дружную чародку птушак, пераапрананне дрэў у восеньскія колеры… І гэтаму, упэўнена Насця, у малых варта павучыцца многім дарослым. Сама яна гэтак жа ў пастаянным “пошукавым” рэжыме: ідзе па вуліцы – і абавязкова заўважыць лісточак для будучай аплікацыі, каштан для падзелкі.

Яе заняткі – заўсёды цікавыя. Нядаўна, напрыклад, з дзецьмі мачылі рабінавыя лісты ў фарбу, адбівалі на паперы, ватнымі палачкамі малявалі ягадкі, пэндзалем злучалі ўсё ў галінку. Даспадобы малым манатопія: на палавінку папяровага ліста наносіцца гуашшу выява, адціскаецца на другой – і заўсёды атрымліваецца штосьці арыгінальнае, а ў дзіцячым дызайне ў ход ідуць ракавінкі, пясок, іншы матэрыял, які прыклейваецца на палатно.

Актыўна супрацоўнічае А.В.Гатаўская з Паркам высокіх тэхналогій, праходзіць анлайн-курсы і зараз вядзе са старэйшымі заняткі ў рамках адукацыйнага праекта “Інфарматыка без разеткі” па развіцці матэматычнага, лагічнага мыслення. Праяўляе сябе ў грамадскім жыцці: з’яўляецца членам маладзёжнай палаты Ушацкага раёна, БРСМ. Нядаўна прайшла адбор на абласны этап конкурсу прафесійнага майстэрства.

І ўсё ж галоўным сваім дасягненнем Анастасія Васільеўна называе любоў маленькіх выхаванцаў. Многія з іх па-свойску звяртаюцца да яе па імя – як да сябра і блізкага чалавека.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *