Праект “50 пытанняў даросламу” сектара дзіцячай і юнацкай кнігі Ушацкай раённай бібліятэкі ўжо паспеў знайсці водгук у сэрцах удзельнікаў і нашых чытачоў. Працягнуў яго чарговы госць – галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Валянцінавіч Пацёмкін.
У раёне госць праекта нядаўна – на пасаду галоўнага ўрача ён прыйшоў у жніўні 2023 года. І напачатку размовы са школьнікамі 9 і 11 класаў Ушацкай СШ крыху распавёў пра сябе. Нарадзіўся ён у Валагодскай вобласці, але ў раннім дзяцінстве сям’я пераехала ў Беларусь. Бацькі Юрыя Валянцінавіча – медыкі, дзядзька – ваенны ўрач. Вось і хлопец вырашыў працягнуць сямейную дынастыю. Скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Лячэбна-прафілактычная справа”. Пачынаў свой кар’ерны шлях у часці Бароўка Лепельскага раёна. Да прызначэння на цяперашнюю пасаду быў начальнікам медыцынскай службы Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Адметна, што ва Ушачах ён упершыню працуе ў грамадзянскай установе.
У дзяцей узнікла пытанне, як часта Юрый Валянцінавіч носіць ваенную форму. “У асноўным па галоўных дзяржаўных святах – 9 Мая, 3 ліпеня, 23 лютага”, – падзяліўся госць праекта. Зразумела, што хлопцаў цікавіла тэма вайсковай службы: напрыклад, ці можна “адкасіць” ад арміі? Жаргонны тэрмін Юрый Валянцінавіч не прымае, бо лічыць нявартым, калі людзі спрабуюць абмінуць армію без законных падстаў. У адкрытым доступе ёсць пералік патрабаванняў да здароўя, па якіх чалавек прызнаецца непрыгодны да службы. Але ён пажадаў, каб удзельнікам сустрэчы гэтая інфармацыя не спатрэбілася.
“Што для Вас паняцце Радзіма?” – прагучала пытанне з залы. “Гэта месца, дзе я нарадзіўся, нацыя, краіна. Беларусь – самая лепшая ў свеце. Калі ездзіў на мора, то ўсё роўна цягнула дадому, лічыў дні да вяртання. Як бы ні было там добра – у нас лепш. Калі атрымаў прапанову ўзначаліць Ушацкую ЦРБ – узрадаваўся, бо раён такі прыгожы, столькі азёр! Так уразіўся гэтым месцам, што вырашыў пабудаваць тут дом у вёсцы”, – падзяліўся Юрый Валянцінавіч.
Школьнікаў цікавіла, што было лепшым падарункам у жыцці госця праекта. “Нараджэнне дачкі, – прагучаў імгненны адказ. – Днямі ёй споўнілася 18 гадоў, яна студэнтка першага курса педуніверсітэта”. А на пытанне, як шмат часу ён праводзіць у інтэрнэце, адказ быў, што наогул бы не праводзіў, калі была б такая магчымасць. Падпісак на тэлеграм-каналы няшмат: гэта грамадска-палітычныя, медыцынскія, вядома ж, “Патрыёт”, ну і практычныя парады па будаўніцтве. Як медык, параіў і школьнікам менш часу праводзіць у інтэрнэце, бо гэта згубна ўплывае на псіхіку і зрок.
Як у чалавека, які ўзначальвае вялікую арганізацыю, пацікавіліся, што важней для паспяховага кіраўніцтва – строгая дысцыпліна або цёплая, дружалюбная атмасфера ў калектыве? Галоўны ўрач з усмешкай і шчырасцю сказаў, што гэтыя два аспекты не супрацьпастаўляюцца, а, наадварот, выдатна дапаўняюць адзін аднаго. “Дысцыпліна – гэта аснова, на якой будуецца ўсё астатняе, але без сяброўскай атмасферы, без падтрымкі і ўзаемаразумення яна можа аказацца занадта халоднай”, – падзяліўся ён. Што тычыцца жартоўнага пытання – ці падобныя хатнія жывёлы на сваіх гаспадароў – Юрый Валянцінавіч сказаў так: “Калі меркаваць па маім каце Леа, то гэта так. Ён спакойны, разважлівы, міралюбівы, не стварае мітусні. Думаю, што і мне ўласцівыя гэтыя якасці”. Пацікавіліся падлеткі, як Юрыю Валянцінавічу жывецца з прозвішчам Пацёмкін. “Лёгка, з гонарам, бо яго ў свой час праславіў вялікі дзяржаўны і ваенны дзеяч. У школьныя гады фізрук з гумарам казаў: “Ну, што, “князь”, ідзі на турнік”. Дарэчы, фізкультуру я заўсёды любіў”. Гэта прыкметна і цяпер: Юрый Валянцінавіч удзельнічае ў многіх раённых спаборніцтвах Ушаччыны. Да слова, за гэтае пытанне, як за самае цікавае, прыз атрымаў Яўген Талмачоў.
Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, з гумарам і шчырасцю, а Юрый Валянцінавіч стаў для падлеткаў больш блізкім і зразумелым.
Караліна КЛАЧОК.