25 июля — День пожарной службы Беларуси

Cлужба-101 К профессиональному празднику

Дзень пажарнай службы – прафесійнае свята тых, каго лёс штодня выпрабоўвае на трываласць. Патушыць касцёр або ручнік, які па неасцярожнасці загарэўся на кухні, можа кожны, а вось уступіць у барацьбу з вогненнай стыхіяй адважацца далёка не ўсе. Гэта задача і прызванне пажарных, якія абавязаны абараняць і выратоўваць іншых. Таму і цяжка ўявіць наша жыццё без выратавальнікаў, супрацоўнікаў пажарнай службы, прафесійнае свята якіх адзначаецца ў нашай краіне 25 ліпеня з 1994 года, ну а пажарнай службе Беларусі сёлета спаўняецца 158 гадоў.

Аб тым, што ў пажарныя ідуць самыя смелыя і рашучыя людзі, сведчаць і дзеянні супрацоўнікаў Ушацкага аддзела па надзвычайных сітуацыях, на рахунку якіх не адно выратаванае жыццё і матэрыяльныя каштоўнасці на вялікія грашовыя сумы. Толькі за паўгода на пажарах выратавана 2 чалавекі і матэрыяльных каштоўнасцей на агульную суму каля 600 мільёнаў рублёў.
Няма ў аддзеле цякучасці кадраў і з 51 супрацоўніка кіраўніцтва аддзела не можа адназначна вылучыць лепшага, абсалютна ўсе – як маладыя, так і ўжо вопытныя работнікі вызначаюцца аператыўнасцю, прафесіяналізмам, веданнем сваёй справы.
– У нас дружны і згуртаваны калектыў, кожны работнік па-свойму незаменны, усё грунтуецца на даверы і выручцы, – гаворыць начальнік аддзела А.І.Станько.
Каб трапіць на службу або паступіць у навучальныя ўстановы МНС, неабходны не толькі валоданне пэўным багажом ведаў, але і высокая фізічная падрыхтоўка, маральная вынослівасць, таму прэтэндэнты заўсёды праходзяць строгі адбор і ў выніку застаюцца самыя з самых. 
У структуру аддзела ўваходзяць пажарная аварыйна-выратавальная часць №1 ва Ушачах, а таксама пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты ў Вялікіх Дольцах, Глыбачцы, Двор Пліне.
Яны ў пастаяннай гатоўнасці нумар адзін, у любую хвіліну можа паступіць выклік, і выратавальнікі неадкладна накіруюцца да месца надзвычайнага здарэння. У такіх выпадках кожная хвіліна дарагая, таму і адводзіцца на зборы і выезд толькі 30 секунд.
Вядома ж, работа выратавальнікаў заключаецца не толькі ў ліквідацыі пажараў, але і ў іх папярэджанні. За мінулы год праведзена абследаванне звыш васьмі тысяч домаўладанняў, праверана 19 суб’ектаў гаспадарання, праведзена 136 сельскіх сходаў па пажарнай бяспецы, 127 лекцый ва ўстановах адукацыі, 57 рэйдаў сумесна з зацікаўленымі службамі, выдадзена 25 памятак на супрацьпажарную тэматыку агульным тыражом 8600 экзэмпляраў, устаноўлена 175 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Удумайцеся ў гэтыя лічбы і вы зразумееце, што народны афарызм “спіць, як пажарны” зусім не адпавядае рэчаіснасці.  
Акрамя гэтага яшчэ і вядуць барацьбу з п’янствам, змагаюцца з нядбайнымі бацькамі, бо п’яны ў доме – патэнцыяльная небяспека. У мінулым годзе ў аддзел унутраных спраў было накіравана 11 прапаноў аб накіраванні на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, 4 прапановы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Выпіў, закурыў, заснуў у ложку з непатушанай цыгарэтай… Па такім сцэнарыі звычайна развіваюцца падзеі ў вышэй названых асоб. Так адбылося, напрыклад, і ў вёсцы Гвазды, дзе нядаўна выратавальнікі тушылі пажар. Наогул аналіз пажараў за апошнія пяць гадоў паказаў, што менавіта па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, у тым ліку пры курэнні ў нецвярозым стане, адбылося большасць пажараў – 61 працэнт.
Нягледзячы на напружаную работу, супрацоўнікі аддзела заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна. Неаднаразовыя пераможцы “Беларускай лыжні” і раённай спартакіяды, пастаянныя ўдзельнікі абласных спаборніцтваў “Лепшы па прафесіі”.
Са святам вас, паважаныя выратавальнікі, дабрабыту вам і поспехаў у нялёгкай справе!
В.ПОЛАЗАВА.

На снимках: ушачские спасатели Т.В.Медведев, А.Ю.Жерносек, А.В.Жуков, К.Л.Галай; В.В.Лапёнок; во время тушения пожара в деревне Гвозды.



1 комментарий по теме “25 июля — День пожарной службы Беларуси

  1. Спасибо за статью нашему верному кореспонденту:-))

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *