Вельмі цікавай аказалася сустрэча камсамольцаў розных пакаленняў і членаў БРСМ. На базе аддзялення дзённага прабывання пажылых грамадзян ТЦСАН тры каманды адгадвалі на пытанні інтэлектуальнай віктарыны, якая была пададзена ў сучасным відэафармаце і датычылася як гісторыі маладзёжнай арганізацыі, так і сучаснасці.
Ці нада казаць, што ветэраны працы з лёгкасцю расшыфроўвалі абрывіятуры БАМ, ВЛКСМ – членамі Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі яны ўсе былі, а на будоўлю веку – Байкала-Амурскую магістраль ахвотна ехалі актывісты з розных куткоў СССР. Трэба дадаць, што адразу пасля заканчэння вайны ў Беларусі па камсамольскіх пуцёўках накіроўвалі на аднаўленне народнай гаспадаркі, у прыватнасці ў Мінск на Белтрактарбуд.
Удзельнікі сустрэчы па фотаздымках называлі імёны юных герояў Вялікай Айчыннай, дапісвалі фразы кшталту “Партыя сказала трэба…”. Канечне, для моладзі гэта далёкая гісторыя, таму і выклікала цяжкасці. А вось ветэраны ўразілі – назвалі нават сённяшняга лідара БРСМ Аляксандра Лук’янава.
Практычна на ўсе пытанні адказала каманда ў складзе Тамары Каваленкі, Ірыны Дунік, Алены Шлёнскай і Жанны Літвін, заняўшы І месца. Ну а за салодкім сталом і моладзь і старэйшыя дзяліліся гісторыямі са свайго юнацтва, і ў многім яны былі падобныя.
Тамара КАВАЛЕНКА:
“Я была як старшынёй піянерскай дружыны, так і сакратаром камсамольскай арганізацыі ў сваёй Плінскай школе. Толькі наш выпуск 1978-1979 года чамусьці аказаўся маленькім – 26 чалавек, звычайна ж па два класы ў паралелі. І жыццё ў школе кіпела. Памятаю, як гарэла даручаным абавязкам мая папярэдніца Таццяна Шчэрбік – нават камсамольскія сходы былі вельмі цікавымі. А якія “Зарніцы” і “Арляняты” на беразе Пескаваткі, з палаткамі, палосамі перашкод. Мы ўдзельнічалі практычна ва ўсіх мерапрыемствах, што праходзілі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, памятаю, як падыходзіла за аўтографам да Еўдакіі Лось і стаялі ўздоўж дарогі з кветкамі падчас адкрыцця. Ну а паездка ў райкам камсамола, дзе прымалі ў члены ВЛКСМ, была вельмі хвалюючай, сапраўдны іспыт, які не ўсе праходзілі. Былі нават адтэрміноўкі, калі маім равеснікам даводзілася лепш вучыць статут і пераздаваць экзамен”.Марына ШЧАРБАКОВА:
“Камсамол расквеціў яркімі падзеямі наша школьнае юнацтва, якое прыйшлося на першую палову 80-х. Мне і маім аднакласнікам дакладна ёсць што прыгадаць! Так, летам пасля сёмага класа нам с сяброўкай выпала магчымасць пабываць у абласным лагеры камсамольскага і піянерскага актыву “Арляня”. Цікавыя лекцыі і практыкумы, дзе нас вучылі арганізоўваць, весці за сабой равеснікаў, вечары ля вогнішча і песні пад гітару, новыя сябры з усяго Прыдзвіння – гэты жнівень зрабіў нас больш дарослымі, крэатыўнымі, а на закрыцці лагера мала хто мог стрымаць слёзы…
Адметнай была паездка ў горад Ульянаўск, якой старшакласнікаў прэміравалі за плённую работу ў лагеры працы і адпачынку, што дзейнічаў пры Ушацкай школе. Большасць з нас тады ўпершыню пабывалі ў Маскве, а якім уражлівым момантам стала наведванне маўзалея У.І.Леніна: каб трапіць туды раніцай, чаргу занялі яшчэ ноччу, а калі праходзілі міма салдат ганаровага каравула, нават дыхаць ад хвалявання стараліся цішэй… Цэлы тыдзень мы гасцявалі на радзіме Ільіча, наведалі шэраг музеяў, славутасцяў, у тым ліку ўсесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю – Ульянаўскі авіяцыйны завод. Усё гэта і зараз прыгадваем з настальгіяй”.