В деревне Селище открыли памятник погибшим в годы Великой Отечественной войны партизанам I-й Антифашистской партизанской бригады

Общество

Святы абавязак кожнага беларуса – аднаўляць і ўвекавечваць імёны герояў, што аддалі сваё жыццё за Перамогу. Бо хоць і аддзяляюць нас ад падзей Вялікай Айчыннай ужо амаль восем дзесяцігоддзяў, але, як зазначаў Аляксандр Сувораў, вайна не скончана, пакуль не пахаваны яе апошні салдат. Гэты крылаты выраз славутага палкаводца гучаў у мінулую пятніцу на селішчанскіх могілках, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты помнік тром партызанам І-й Антыфашысцкай партызанскай брыгады, якія загінулі ў пачатку 1944-га.

 

Ураджэнец расійскага горада Востраў Мікалай Ізотаў і татарын Салім Зарынаў памерлі ад ран, а беларус Алег Сташкевіч, які нарадзіўся на Быхаўшчыне, быў забіты ў баі. Хлопцаў пахавалі на тутэйшых могілках, а ў 1965 годзе на іх брацкай магіле быў устаноўлены помнік. Але з цягам часу ён састарэў і страціў належны выгляд, таму мясцовыя жыхары і Кубліцкі сельскі Савет дэпутатаў на чале са старшынёй Марыяй Васільеўнай Ярмош выступілі з ініцыятывай устаноўкі новага манумента. Ажыццявіць намер дапамог Фонд міру, з якога было выдзелена тры тысячы рублёў. Сваю лепту ўнеслі і вяскоўцы, якія займаліся добраўпарадкаваннем.

І вось на брацкай магіле з’явіўся новы сучасны помнік. “Падзея, дзеля якой мы тут сабраліся, нікога не можа пакінуць абыякавым… Сёння мы аднаўляем сувязь часоў і пакаленняў”, – падкрэсліў у сваёй прамове старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі.

Пасля асвячэння помніка і хвіліны маўчання ўсе прысутныя панеслі да брацкай магілы жывыя кветкі. Былі тут не толькі чырвоныя гваздзікі, набытыя ў крамах, а і познія хрызантэмы з вясковых палісадаў. З асаблівым пачуццём схіляўся да пастаменту грамадскі актывіст з Рыбакоў Віктар Пятровіч Мялешка, які дапамог падрыхтаваць падмурак для помніка. “Калі даведалася аб сённяшнім мерапрыемстве, спецыяльна прыехала з Дарошкавічаў”, – прызналася Святлана Іванаўна Судак. “Нашы мясціны шчодра паліты салдацкай крывёю і тут як нідзе разумеюць, што памяць – гэта святое”, – не хаваў усхваляванасці селішчанец Іван Мікалаевіч Падгол. А яго аднавясковец Уладзімір Уладзіміравіч Дуброўскі зазначыў, што ён тут па закліку сэрца, а яшчэ прыгадаў, што ў свой час служыў у дэсанце і пры патрэбе заўсёды гатовы ўстаць на абарону Айчыны. І яшчэ ў адной выснове сыходзіліся ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці: няхай вайна для беларусаў застаецца толькі ва ўспамінах і абелісках…

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *