«Служить было интересно». Владимир Бутовский о службе в армии

Общество

Навабранцы, якія падчас восеньскага прызыву папоўнілі вайсковыя часці краіны, зараз актыўна рыхтуюцца да прыняцця воінскай прысягі – пройдзе гэта ўрачыстая падзея ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь 25 лістапада. Бацькі ж маладых вайскоўцаў, безумоўна, перажываюць, як адаптуюцца сыны ў нязвыклай абстаноўцы. Але ці ёсць сур’ёзныя падставы для хвалявання? Мы вырашылі даведацца пра гэта, як кажуць, з першых вуснаў – і сустрэліся з нашым земляком Уладзімірам Бутоўскім, які днямі завяршыў тэрміновую службу і вярнуўся дадому. Праходзіў ён яе ў пагранічных войсках на паўднёвых рубяжах нашай краіны.

“Калі ў ваенкамаце высвятлялі нашы прыхільнасці, у мяне запыталіся, ці люблю сабак. Адказаў станоўча – і атрымаў прапанову стаць кінолагам-важатым у Гомельскім пагранатрадзе. Рыхтавалі нас у Смаргоні, дзе маецца кіналагічны цэнтр. Трэба сказаць, што самым нялёгкім момантам для большасці навічкоў былі заняткі па фізпадрыхтоўцы, і маё сяброўства са спортам тут аказалася вельмі дарэчы, – расказвае Уладзімір. – Вядома ж, шмат часу мы праводзілі ў пітомніку: кармілі і вычэсвалі сабак, прыбіралі вальеры. Для вышуку тут трэніруюць аўчарак – бельгійскіх, нямецкіх, далёкаўсходніх. Іх задача – знайсці па слядах і затрымаць парушальніка. А вось для спецкурса дрэсіроўкі (пошуку наркотыкаў, выбуховых рэчываў на прапускных пунктах) добра падыходзяць лабрадоры. Мне ж дастаўся, напэўна, самы прыгожы сабака – чорная, як смоль, “немка” па мянушцы Фурыя. Агульную мову мы знайшлі хутка, але ўжо праз пару месяцаў давялося развітвацца – вучоба скончылася, і я накіраваўся ў Лоеў – на водную пагранзаставу, што праходзіць па Дняпры.

Напэўна, залішне казаць, што абстаноўка мінулым летам на другім беразе ракі была трывожная. Мы па чарзе неслі дзяжурствы на пасту назірання, і з украінскага боку перыядычна даносіліся стрэлы, былі бачны выбухі – пра ўсё мы дакладвалі кіраўніцтву. Але пры гэтым ніякага панічнага ці нават нервовага настрою на нашай заставе не адчувалася, была цвёрдая ўпэўненасць, што ўсё пад кантролем.

Маёй напарніцай тут таксама стала нямецкая аўчарка, якую звалі Цэнзі. Перадаць яе мне быў павінны стараслужачы, які правёў з гэтым сабакам 8 месяцаў, і натуральна, што ў першыя дні знаёмства мае каманды Цэнзі выконваць зусім не спяшалася. Кантакт мы знайшлі не адразу, затое потым так пасябравалі, што на працягу года службы яна ад мяне проста не адыходзіла. Колькі кіламетраў мы прайшлі поруч, калі я заступаў у нарады… Дарэчы, у час маёй службы на нашай заставе пазаштатных сітуацый не было, спроб перасячэння мяжы не фіксавалі. А вось парушальнікі пагранічнага рэжыму трапляліся: імі пераважна аказваліся мясцовыя грыбнікі, якія заварочвалі не туды, куды трэба.
Паралельна мы з нашымі гадаванцамі праходзілі агульны курс дрэсіроўкі. Усё адбывалася прыкладна так, як у кіно: напарнік кінолага апранае “ватнік” (спецкасцюм вагой пад 30 кіло з устаўкамі, якія нельга пракусіць) і ідзе ў лес, пакідаючы на шляху свае рэчы, па якіх сабака павінен яго высачыць і затрымаць. Мая Цэнзі звычайна ў гэтых практыкаваннях была выдатніцай! Даводзілася гуляць у “ватніку” і мне – не скажу, што гэта вельмі прыемна, але ж цікава і цалкам бяспечна: ніякіх траўм падчас такіх заняткаў ніхто не атрымліваў. А яшчэ мы с нашымі чатырохлапымі сябрамі бралі ўздел у паказальных выступленнях, якія ладзіліся падчас святаў у Лоеве. Так што і ў ролі артыстаў сябе паспрабавалі.

Не ведаю, як іншыя, але я дні на каляндарыку да даты ад’езду дамоў не закрэсліваў. Служыць было цікава, вось толькі вельмі сумным аказалася наша развітанне з Цэнзі – настолькі я да яе прывязаўся… Каб не родныя і блізкія людзі, якія вельмі чакалі ва Ушачах майго вяртання, дык, мабыць, падумаў бы і аб кантракце. Але зараз я задаволены тым, што годна прайшоў армейскі этап свайго жыцця, і ўжо будую “цывільныя” планы. Хачу працягнуць вучобу і атрымаць вышэйшую адукацыю. Мяркую завесці сабаку – відавочна, што гэта будзе аўчарка! І, канечне, мару хутчэй убачыцца з братам Яўгенам, які зараз таксама праходзіць тэрміновую службу ў Гомельскім пагранатрадзе”.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *