Общими усилиями можно сделать многое. В этом уверена депутат районного Совета депутатов Лидия Шкарубо

Общество

Працоўны дзень Л.М.Шкаруба ўключае мноства розных спраў – у загадчыка сектара культуры райвыканкама ў гэтыя снежаньскія дні шмат перадсвяточных клопатаў. Але Лідзія Міхайлаўна паспяхова спраўляецца не толькі з функцыямі кіраўніка, а і з дэпутацкай дзейнасцю.

Сустракаючыся з выбаршчыкамі па сваёй Кастрычніцкай выбарчай акрузе №7, ёй прадстаўляцца не трэба: усе яе добра ведаюць не толькі таму, што гэта зона яе пражывання, а і таму, што яна з імі пастаянна падтрымлівае сувязь. Дэпутатам раённага Савета Л.М.Шкаруба ў цяперашнім саставе была абрана ўпершыню, але актыўнасць і прынцыповасць дазволілі справіцца з дадатковай нагрузкай. Пастаянныя зносіны з выбаршчыкамі дазваляюць глыбей унікнуць у пытанні акругі. Лідзія Міхайлаўна лічыць, што трэба часцей “ісці ў народ”, сустракаецца з пажылымі і ветэранамі працы на доме і ведае, што хвалюе людзей: добраўпарадкаванне і асвятленне вуліц, падсыпка і рамонт дарог, выдаленне аварыйных дрэў.

Звярнуцца да Л.М.Шкаруба выбаршчыкі могуць не толькі падчас сустрэч, а і на асабістых прыёмах, якія праводзіць кожны першы панядзелак месяца з 17 да 18 гадзін у кабінеце 57 райвыканкама.

“Калі ў 2018-м была абрана ў састаў дэпутацкага корпуса, вельмі хвалявалася, бо ведала, што гэта надзвычай адказна. У адным з першых зваротаў ушачан прагучала просьба аб рамонце пешаходнага моста праз раку ў раёне вуліц Кастрычніцкай і Маладзёжнай, які стаў аварыйным. Канечне, ж у адзіночку я б яго не адрамантавала, удалося аднавіць такі патрэбны многім пераход дзякуючы сумесным намаганням органаў улады, падтрымцы прадпрыемстваў “ТэхнаКрас”, лясгаса, раённых арганізацый “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру”, – прыгадвае Лідзія Міхайлаўна. – Зразумела, што многія хвалюючыя праблемы немагчыма вырашыць імгненна, але яны выносяцца для абмеркавання на сесіі Савета, пасяджэнні прэзідыума. Напрыклад, зараз у мяне на кантролі знаходзіцца пытанне асвятлення па Кастрычніцкай, а грэйдзіраванне ў Ціханятах ці падсыпку Першамайскай удалося зрабіць аператыўна”.

Лідзія Міхайлаўна падтрымлівае цесную сувязь з усімі грамадскімі аб’яднаннямі і сама з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі Беларускага фонду міру. Сёлета прыняла актыўны ўдзел у набыцці і ўстаноўцы помніка тром партызанам у Селішчы. Да слова, тэма гісторыка-культурнай спадчыны, памяці загінуўшых у гады вайны ёй вельмі блізкая. А таму менавіта Лідзія Міхайлаўна выступіла ініцыятарам патрыятычнага праекта “У нашай памяці навечна”: выдадзены аднайменны зборнік, які ўключае ўспаміны ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Ачыннай вайны, вязняў канцлагераў. У цяперашні час рыхтуецца да выхаду ўжо другая кніга.

“Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць кіраўнікам арганізацый за дапамогу ў вырашэнні праблем нашых грамадзян. Звяртаючыся з тым ці іншым пытаннем, заўсёды знаходжу разуменне і падтрымку. Трэба падкрэсліць, што ў маёй акрузе жывуць сумленныя і працавітыя людзі, якія не толькі штосьці патрабуюць ці чакаюць дзеянняў ад улады і дэпутатаў, а і самі наводзяць парадак на асабістых і грамадскіх тэрыторыях, арганізуюць суботнікі. А агульнымі намаганнямі можна зрабіць многае”, – падкрэсліла Л.Шкаруба.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *