Профессиональный праздник отметили специалисты социальной сферы Ушаччины

Общество

Штодзённая праца і міласэрная дапамога людзям. У мінулую пятніцу прафесійнае свята адзначылі спецыялісты сацыяльнай сферы, якіх зараз на Ушаччыне 150. На ўрачыстасць з нагоды 105-годдзя ўтварэння органаў па працы і сацабароне ў цэнтр культуры завіталі таксама раённае кіраўніцтва, ветэраны, партнёры службы.

Завочна вітаў ушацкіх калег у зале старшыня камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Б.С.Яфрэмаў. У сваім відэазвароце ён пажадаў у Год якасці, якім аб’яўлены 2024-ы, справіцца з усімі прафесійнымі задачамі нават не на 100, а на сімвалічныя 105 – па “ўзросце” службы – працэнтаў. У тым жа, што гэта для нашых землякоў пад сілу, выказала ўпэўненасць намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова. Шэрагу спецыялістаў сацслужбы Анжаліка Анатольеўна ўручыла ўзнагароды раённага ўзроўню, а калектыў ТЦСАН адзначыла памятным падарункам ад Ушацкай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, кіраўніком якой з’яўляецца.

Шмат цёплых слоў за вернасць справе прагучала ў гэты дзень у адрас ветэранаў галіны. Практычна ўсё жыццё адпрацавалі ва ўпраўленні Ірына Якаўлеўна Полазава і Алена Фёдараўна Шлёнская, немалы прафесійны стаж – у Аляксандры Фёдараўны Гарадзецкай, Ірыны Леанідаўны Дунік. Сярод спецыялістаў ТЦСАН самы вялікі працоўны вопыт – каля 40 гадоў – у Валянціны Іванаўны Лабецкай. Больш за два дзесяцігоддзі аддалі службе Тамара Іванаўна Юркевіч, Галіна Аляксандраўна Чарнышова, амаль 30 – Віктар Пятровіч Долгі, дачка якога Анастасія Шаўчэнка цяпер гэтак жа працуе ў цэнтры. Прыйшла сюды па прыкладзе матулі Валянціны Яфімаўны Цар, за плячыма якой каля 15 гадоў работы ў сістэме, і Таццяна Коршун. “Размянялі” 10-гадовы стаж Ларыса Леанідаўна Карабань, Зоя Мікалаеўна Праннік, Наталля Аляксандраўна Спірыдовіч. Але і ўсіх тых, хто шчыраваў менш часу, зала шчыра вітала апладысментамі.

З гісторыі:

  • Гісторыя сацслужбы ў нашай краіне вядзе адлік са студзеня 1919 года, калі пры Часовым рабоча-сялянскім праўленні быў створаны Камісарыят сацыяльнага забеспячэння. У суверэннай Беларусі Дзень работнікаў сацабароны пачалі штогод адзначаць 5 студзеня ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 26 сакавіка 1998-га. З сярэдзіны 90-х актыўна фарміравалася нацыянальная заканадаўча-нарматыўная база, што рэгламентавала правы і гарантыі пажылых людзей, інвалідаў, сямей з дзецьмі, укараняліся новыя формы сацабслугоўвання насельніцтва.
  • Аддзел сацзабеспячэння Ушацкага райвыканкама ў 1995-м перайменаваны ў аддзел сацыяльнай абароны, у 2001-м створана ўпраўленне па працы і сацабароне, якое ў 2006-м уключыла ў сваю назву і занятасць. Кіраўніком службы зараз з’яўляецца Святлана Пятроўна Васілеўская.
  • Днём нараджэння тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, узначальвае які Марыя Пятроўна Антуновіч, лічыцца 5 сакавіка 2002-га, калі па рашэнні №110 Віцебскага аблвыканкама была зарэгістравана дзяржустанова. Дагэтуль жа з 1988-га пры аддзеле сацыяльнага забеспячэння дзейнічала аддзяленне сацыяльнай дапамогі на доме – на абслугоўванне прымаліся спачатку толькі адзінокія пенсіянеры і інваліды, паслугі аказваліся на бясплатнай аснове.

Падзякі за плённае супрацоўніцтва ад упраўлення і ТЦСАН уручаны ў гэты дзень кіраўнікам многіх прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны. Дарэчы, і яны прыйшлі на ўрачыстасць з прэзентамі. Начальнік РАНС Д.В.Дахін нездарма назваў сацработнікаў сваімі калегамі – бо яны па сваёй спецыфіцы таксама штодня ратуюць жыцці людзей.

Да ведама:

  • Розныя віды пенсій атрымліваюць зараз на Ушаччыне 4107 чалавек. Сацыяльная дапамога на доме аказваецца 625 пенсіянерам і інвалідам, 30 непрацаздольных грамадзян знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН у Веркудах. Працягваецца рэалізацыя мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця сямей з дзецьмі: у 2023 годзе больш за 500 чалавек (у большасці сваёй з мнагадзетных і няпоўных сямей) атрымалі дзяржаўную адрасную дапамогу.

Пры гэтым многія паспяваюць і творчасцю займацца: спецыяльна да свята падрыхтавалі фотапрэзентацыю пра свае працоўныя будні, вакальныя даныя прадэманстравалі Валянціна Струй і Таццяна Гардзіёнак, якія выканалі “Гімн работнікаў сацыяльнай абароны”. Не шкадавалі музычных віншаванняў і артысты цэнтра культуры, родныя, сябры галоўных віноўнікаў урачыстасці. Парадаваць іх у гэты святочны дзень завітаў таксама экс-саліст легендарнага Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, наш зямляк Валерый Скаражонак.

Віктар Пятровіч Долгі:
– Калектыў ТЦСАН ва ўсе часы быў пераважна жаночым, што лічу галоўнай цяжкасцю ў сваёй колішняй рабоце. З транспартам у мяне як у вадзіцеля праблем не ўзнікала – працаваў спраўна, а вось знайсці агульную мову з усімі прадстаўніцамі прыгожай паловы трэба было павучыцца. За амаль 30 гадоў майго стажу ў цэнтры змянілася 6 кіраўнікоў – з усімі былі добрыя адносіны.

Ірына Леанідаўна Дунік:
– Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама адпрацавала 17,5 года, пэўную частку з якіх – на пасадзе загадчыка сектара. Работу сваю вельмі любіла, хаця цяжкасці – найперш са знаходжаннем агульнай мовы з людзьмі – канечне, былі. Хоць ужо і на пенсіі, справамі сацслужбы цікаўлюся. Ды і 5 студзеня традыцыйна пачынаю з віншавальнага наведвання былых калег. Рада была сустрэцца з усімі і на святочнай урачыстасці, якая атрымалася па-сапраўднаму сяброўскай. Двойчы давялося выходзіць на сцэну – не хвалявалася, наадварот, радавалася, што помняць і цэняць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *