Вокальная группа «Ушачаночка» завоевала диплом второй степени в номинации «Вокал» на международном фестивале-конкурсе «Арт-парад» в Витебске

Культура Творчество наших земляков

У першыя дні года Віцебск зноў жыў мастацтвам: у пяты раз тут праходзіў міжнародны фестываль-конкурс “Арт-парад”, яго ўдзельнікамі сталі артысты з 16 краін свету.

Ужо па традыцыі ён быў арганізаваны як на сцэне канцэртнай залы “Віцебск”, так і анлайн – гэткім чынам ёсць магчымасць пашырыць геаграфію ўдзельнікаў і даць большай колькасці творчых людзей паказаць свае таленты.

У дыстанцыйным рэжыме вырашылі заявіць аб сабе і нашы землякі. Вакальны гурт “Ушачаначка” прадставіў на суд журы відэапрэзентацыю песні “Чатыры двары”. Прыемна адзначыць, што выступленне не засталося непрыкмечаным і ўшацкія артысты адзначаны дыпломам лаўрэата другой ступені ў намінацыі “Вакал”. Справядліва будзе адзначыць, што ў анлайн-фармаце на фестывалі выступіла каля дзвюх соцен канкурсантаў.

Адлік творчай дзейнасці гурт вядзе з 2016 года і за гэты час на яго рахунку больш 20 розных узнагарод. Нязменнымі вакалісткамі “Ушачаначкі” з’яўляюцца Валянціна Грыневіч і Святлана Муша. Дапоўнілі іх галасы і прадстаўнікі моцнай паловы Аляксандр Грыневіч і Канстанцін Тарасеня, больш эфектна выглядаюць канцэртныя нумары з падтанцоўкай Дзіны Пенкальскай і Ірыны Байрамавай. Такім моцным саставам удзельнікі гурта зараз актыўна працуюць над новым рэпертуарам, у асноўным у народным стылі, ёсць і эстрадныя нумары. Выдатна глядзяцца і цудоўныя новыя касцюмы, якія былі пашыты спецыяльна для “Ушачаначкі” восенню 2023-га. Хоць і выступалі яшчэ без іх на абласных “Дажынках” у Шаркаўшчыне, атрымалі падзяку ад ўпраўлення культуры аблвыканкама.

Сёлета нашы артысты плануюць радаваць не толькі землякоў, а і пакарыць гледачоў на “Вішнёвым фэсце” ў Глыбокім, “Фестывалі дзвюх рэк” у Докшыцах і, канечне, выступіць на пляцоўках “Славянскага базару”. У бліжэйшай перспектыве 10 творчых калектываў вобласці будуць прэтэндаваць на званне народных, у іх ліку і “Ушачаначка”. Жадаем гурту поспехаў і новых узнагарод!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *