«Работаю не ради прибыли, а для души»: Татьяна Михейко о своём хобби — изготовлении мыла

Калейдоскоп Мир увлечений

Як набыць да свята падарункі – бюджэтныя, арыгінальныя ды яшчэ і карысныя? Асабіста я гэтую “навагоднюю задачу” вырашыла сёлета дзякуючы знаёмству з навічком народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Адраджэнне” Таццянай Міхейка: яе сімпатычныя дракончыкі, адзінарожкі і іншыя чароўныя істоты, якімі можна яшчэ і мыць рукі, адпавядалі ўсім прыгаданым вышэй крытэрыям.

Вырабам мыла жанчына займаецца трэці год. Сцвярджае, што працуе не дзеля прыбытку, а для душы: падабаецца сам працэс стварэння прыгожых рэчаў. Свае творы ў асноўным дорыць сябрам і знаёмым, а ўступленне ў аб’яднанне дкоазволіла дэманстраваць іх на выставах-продажах. “Мы заўсёды рады далучэнню новых майстроў, якія пашыраюць нашу творчую палітру. Калісьці выраб мыла ўручную быў вымушанай неабходнасцю, зараз жа гэтае рамяство ператварылася ў мастацтва, якое дастаўляе людзям радасць”, – зазначае кіраўнік “Адраджэння” Святлана Гарыслаўка.

Цікавыя факты

  • Гісторыкі лічаць, што мыла ўзнікла больш чым 6000 год таму. Пры раскопках у даліне Ніла знойдзены папірусы з рэцэптамі яго вырабу.

  • На гербе горада Шуя намаляваны кусок мыла – менавіта гэтае месца лічылася цэнтрам мылаварнага промыслу на Русі. У ХVIII стагоддзі тут было 11 адпаведных заводаў, а ў цяперашні час праходзіць фестываль, прысвечаны мылу.

  • Самае дарагое ў свеце – “Каралеўскае мыла катара”. Брусок вагой 100 грамаў каштуе 3800 долараў, а ў яго складзе – аліўкавы алей, мёд, дробныя фракцыі золата і нават брыльянты для інкрустацыі.

Трэба сказаць, што захапленне гэта не з самых танных. Для кожнай фігуркі неабходна набыць спецыяльную форму – зараз у арсенале майстрыхі некалькі дзясяткаў сіліконавых (а каштуе кожная, між іншым, каля 27-30 рублёў) і больш за сотню пластыкавых. Як правіла, творцы – людзі апантаныя, да такіх належыць і Таццяна. Прызнаецца, што калі зэканоміць нейкую капейку, дык пускае яе не на новы ўбор ці касметыку, а на чарговае абсталяванне. “Тваё мыла хутка выцесніць нас з кватэры!” – прыгаворваюць дамашнія, ківаючы на застаўленыя ім палічкі, сталы ды падаконнікі, але, канечне, па-добраму, з разуменнем. Калі ж мы пачынаем гартаць старонкі фотагалерэі (у якой, між іншым, паўтары сотні работ), кожнаму вырабу Таццяна дае “анатацыю”: ружы і вадзяная лілея выраблены да 8 Сакавіка, бравы салдат пры ўсёй амуніцыі – да свята нашых абаронцаў, мудрая сава – да Дня настаўніка, ёсць тут ёлкі і снегавічкі, анёлы і велікодныя яйкі, вясёлкавы мятлік, гарэзлівая свінка, сямейства зайцаў і безліч іншай фаўны, а яшчэ мяшок з валютай, як знак матэрыяльнага дабрабыту, і раскрытая кніга – сімвал духоўнага.

Апошняя форма, дарэчы, адна з любімых, што і нядзіўна для прадстаўніка дынастыі бібліятэкараў. Атрымаўшы дзве вышэйшыя адукацыі (юрыдычную ў ВДУ імя Машэрава і бібліятэкарскую ў сталічным дзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў), Таццяна працягнула справу матулі, якая ў свой час узначальвала раённую бібліятэку. Гераіня ж аповеду працуе тут з 2013-га, а нядаўна заняла пасаду загадчыка сектара фарміравання бібліятэчнага фонду. Канечне, няпроста ўсё паспяваць: удзяляць час сям’і, выхоўваць 3-х сыноў, малодшаму з якіх толькі тры годзікі, ды яшчэ і нетрывіяльным рукадзеллем займацца. Але Таццяна да ўсіх жыццёвых выпрабаванняў стараецца ставіцца з пазітывам – і дарыць яго іншым.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *