28 января — День белорусской науки: собрали факты об уроженцах Ушаччины, которые носят почетные звания кандидатов и докторов наук

Общество

На гэтым тыдні сваё прафесійнае свята будуць адзначаць людзі самых розных спецыяльнасцяў. Як такое можа быць? Можа, паколькі размова ідзе пра навуку, якая аб’ядноўвае фізікаў і біёлагаў, медыкаў і мовазнаўцаў. Сёння мы зрабілі невялікі дайджэст пра ўшачан, якія па праве носяць пачэсныя званні кандыдатаў і дактароў навук.

Амелія і ўнікальныя водарасці

Мікалай Уладзіміравіч Шалыга – навуковец ад зямлі. І не толькі таму, што нарадзіўся ў вёсцы Краснае. Член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат прэміі НАН Беларусі (2013)
займаецца малекулярнай біяфізікай і біяхіміяй. Хоць назвы яго работ мала нам аб чым скажуць, аднак маюць самае непасрэднае дачыненне да Ушаччыны. М.Шалыга спрыяе павышэнню ўраджайнасці: вядзе адбор перспектыўных сартоў збожжавых культур з павышанай устойлівасцю да экстрэмальных фактараў навакольнага асяроддзя. Ён сааўтар новага гатунку азімай пшаніцы Амелія, які культывуецца на нашых палетках. Пры яго ўдзеле распрацавана энергазберагальная тэхналогія атрымання кармавой дабаўкі на аснове водарасцяў. А пад кіраўніцтвам Мікалая Уладзіміравіча створана адзіная ў Рэспубліцы Беларусь калекцыя жывых гаспадарча-карысных водарасцяў, у якіх ёсць штамы ўнікальных антыаксідантаў.


Беларускія крэветкі – не міф

Унёсак нашага земляка са Скачых Міхаіла Ігнатавіча Саўчанкі ў беларускую навуку можна лічыць унікальным, паколькі ён стаяў у вытокаў зараджэння беларускага марфлоту – з’явы парадаксальнай, паколькі наша краіна не мае выхаду да мора. Капітан далёкага плавання, член беларускай і расійскай асацыяцый марскога права, кандыдат юрыдычных навук працаваў галоўным спецыялістам па марскіх пытаннях Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1991 годзе выступіў з абгрунтаваннем неабходнасці стварэння беларускага неваеннага марскога флоту. Арганізаваў і ўзначаліў кампанію “Белфлот”. Шмат яго навуковых работ прысвечана міжнародна-прававому рэгуляванню марскога рыбалоўства і вельмі актуальныя зараз. Беларускія крэветкі – таксама не міф. Наша краіна вядзе здабычу рыбы і морапрадуктаў, судны ходзяць па міравых артэрыях, маецца намер пабудаваць у Расіі і свой порт.


Стварыць зямное “сонца”

Сонца нас грэе, бо ў ім пастаянна ідзе тэрмаядзерны сінтэз, і паўтарэнне гэтага працэсу ў рэактары дало б людзям практычна невычарпальную крыніцу чыстай энергіі. Але як яго пабудаваць? Ніводны матэрыял не вытрымае тэмпературы ў некалькі мільёнаў градусаў… Аднак савецкія навукоўцы ў 60-х гадах прыдумалі “такамак” – камеру ў форме бубліка, у якой распаленая плазма ўтрымліваецца магнітным полем і не датыкаецца да сценак. Адметна, што дачыненне да гэтай распрацоўкі меў і наш зямляк – ураджэнец Забалацця Віктар Сямёнавіч Буракоў – доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік НАН Беларусі. Сумесна з расійскімі калегамі ён ствараў дыягнастычныя комплексы для назірання за станам плазмы ў такіх устаноўках. Спатрэбіліся дзесяцігоддзі, каб атрымаць станоўчыя вынікі. І вось зараз у свеце будуюць некалькі такамакаў, а мара аб тэрмаядзернай энергетыцы ўсё больш набліжаецца да рэчаіснасці.


З гаворак Ушаччыны

З раёна выйшла шмат навукоўцаў, якія прысвяцілі жыццё вывучэнню роднай мовы, а свае даследчыя работы будавалі на мясцовым матэрыяле. Больш 3 тысяч песень, паданняў, замоў запісаў у нашым раёне Анатоль Серафімавіч Емяльянаў. Доктар педагагічных навук Людміла Сяргееўна Васюковіч абараніла кандыдацкую дысертацыю і вучыла дыялектычным фразеалагізмам на падставе ўшацкіх гаворак, шмат якіх чула з дзяцінства ў сваёй Старыне. Яе маладзейшую калегу, былога прарэктара Віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава Ірыну Васільеўну Бондал (на здымку) з Немірова ведаюць многія выпускнікі гэтай навучальнай установы. Яе вучаніцы – і дзве супрацоўніцы газеты “Патрыёт”, якія прыгадвалі, як цікава праходзілі заняткі. Нават на канцэртах “Песняроў” – Ірына Васільеўна вучыла чуць прыгажосць роднага слова.


Узрост дрэў вылічаў “з космасу”

Памочнікам ляснічага пачынаў працоўны шлях ураджэнец Ушач Пётр Аляксандравіч Кропаў. А заканчваў дацэнтам кафедры Санкт-Пецярбургскай лясной акадэміі. Дзейнасць кандыдата сельскагаспадарчых навук, звязаная з дэшыфраваннем лясоў па самалётных і аэракасмічных здымках, і зараз прымяняецца па ўсім былым Савецкім Саюзе пры інвентарызацыі лясоў. А для ўшачан ён праліў святло на гісторыю пасёлка. У народзе бытавала меркаванне, што могілкі па Кастрычніцкай утварыліся на месцы напалеонаўскіх пахаванняў. Пётр Аляксандравіч яго абверг: у канцы мінулага стагоддзя прыслаў у рэдакцыю ліст, у якім пісаў, што соснам на могілках не меней 300 гадоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *