Зарплата два раза, день на здоровье и отказ от обеда: что изменилось в Трудовом кодексе?

Общество

З 1 студзеня 2024 года ўступіў у сілу абноўлены Працоўны кодэкс. Змены закранулі больш за 80 артыкулаў: некаторыя з іх прывялі дакумент у адпаведнасць з іншымі прававымі актамі, а нешта падкарэкціравана па просьбе работнікаў і наймальнікаў. Асноўныя змены для чытачоў “Патрыёта” пракаменціравала галоўны прававы інспектар працы Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Галіна Антонаўна ЗУБРЫЦКАЯ.

Дзень на здароўе

Цяпер работнікі маюць права на аплачваемы выхадны для праходжання дыспансерызацыі. Колькасць іх вызначаецца, зыходзячы з узросту: работнікам да 40 гадоў даецца для правядзення дыспансерызацыі адзін дзень у тры гады, ад 40 гадоў да перадпенсійнага ўзросту (53 і 58 гадоў) – адзін дзень у год. А калі супрацоўнік дасягнуў перадпенсійнага ўзросту ці ўжо перасягнуў гэты парог – два дні на год.

Зарплата два разы на месяц

З 1 студзеня выплата зарплаты павінна ажыццяўляцца не радзей двух разоў у месяц незалежна ад формы і тэрміну дзеяння працоўнага дагавора (кантракта). Сума часткі заробку, якую прынята называць авансам, тэрміны выплаты рэгулююцца ўнутры арганізацыі лакальным прававым актам.

Водпуск на тры часці

Цяпер можна дзяліць працоўны адпачынак на больш чым дзве часткі. Аднак адна з іх па-ранейшаму павінна быць не менш за 14 каляндарных дзён. Удакладнена норма ў дачыненні да тэрміну выплаты адпускных. Яны выплачваюцца за два дні да адпачынка работніка. Калі водпуск прадастаўляцца па-за графікам, наймальніку дазволена выплачваць адпускныя на працягу двух дзён пасля яго пачатку.

Выплата на аздараўленне

Артыкул 182 зведаў карэкціроўку на карысць работніка. Раней аднаразовая выплата давалася, як правіла, калі супрацоўніку непасрэдна прадастаўляўся працоўны адпачынак або яго частка. Цяпер матэрыяльную дапамогу не абавязкова браць выключна перад працоўным адпачынкам. Гэта будзе рэгулявацца калектыўным дагаворам ці іншымі лакальнымі прававымі актамі арганізацыі.

Льготы шматдзетным

Новыя падыходы ў прадастаўленні дадатковага выхаднога для шматдзетных бацькоў і тых, хто выхоўвае дзіця-інваліда. Раней даваўся аплачваемы свабодны ад працы дзень. Цяпер работнік можа ісці дадому на гадзіну раней кожны дзень замест таго, каб узяць поўны выхадны раз на тыдзень.

Сацыяльны адпачынак

Працягласць сацыяльнага водпуску без захавання зарплаты застанецца не больш за 30 каляндарных дзён, але сумарна не больш за тры месяцы ў каляндарным годзе. З’явілася магчымасць у выпадку нараджэння дзіцяці, шлюбу, смерці блізкага сваяка і іншых падзей узяць адпачынак тры каляндарныя дні з захаваннем зарплаты.

Адпачынак студэнтам

Раней наймальнік быў абавязаны прадастаўляць адпачынак свайму супрацоўніку для здачы экзаменаў, але толькі ў тым выпадку, калі ён сам накіроўваў яго на вучобу. Цяпер працадаўца абавязаны даць студэнту дадатковы водпуск без захавання зарплаты на час сесіі. Акрамя таго, у артыкуле 219 з’явілася норма, якая ўстанаўлівае абавязак (а не права) прадастаўляць навучальны адпачынак будучаму аспіранту (праўда, таксама без захавання заработнай платы).

Дублікат працоўнай кніжкі

Калі чалавек губляе працоўную кніжку, то наймальнік абавязаны аформіць яму дублікат. Але ў такіх выпадках узнікаў нюанс: нярэдка ў працоўную кніжку запісы аб папярэдніх месцах працы ўносіліся са слоў работніка. Каб не дапусціць недакладнасцяў, цяпер наймальнік абавязаны звяраць атрыманую інфармацыю пачынаючы з 2003 года са звесткамі ў базе ФСАН.

Дыстанцыйная работа

Пасля пандэміі фармат дыстанцыйнай працы палюбіўся многім. Раней, калі работнік хацеў выбраць падобны варыянт, у яго было такое права, але гэта прапісвалася ў дагаворы так, што ён мог працаваць толькі на “ўдалёнцы”. Цяпер прадугледжана, што работа можа быць камбінаванай, некалькі дзён на выбар у любым фармаце, напрыклад, 2-3 дні ў офісе і 1-2 – дома. Можна накіроўваць на дыстанцыйную работу супрацоўніка часова, рэгулюючы ўсё гэта загадам, без унясення змяненняў у асноўны дагавор.

Адмова ад перапынку

Абноўлены артыкул 134 ПК дазваляе супрацоўнікам, якія працуюць не больш за 4 гадзіны ў дзень, адмаўляцца ад часу на адпачынак і абед. Па законе, працадаўца абавязаны даць перапынак ад 20 хвілін да 2 гадзін усім супрацоўнікам незалежна ад часу іх працы. Але работнік, заняты няпоўны час, можа ад перапынку адмовіцца, каб, напрыклад, хутчэй вызваліцца.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *