Премьер-министр Республики Беларусь Роман Головченко с рабочим визитом посетил Ушачский район

Общество

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка з рабочым візітам у пятніцу наведаў Ушацкі раён. Галоўнай мэтай паездкі было знаёмства з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёну, становішчам спраў на месцы і перспектывамі. Суправаджалі кіраўніка Урада не толькі яго памочнікі, а і міністры фінансаў і сельскай гаспадаркі Юрый Селіверстаў і Сяргей Барташ, намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля і іншыя прадстаўнікі ўлады. На пасяджэнні ў райвыканкаме кіраўнікі вобласці і раёна Аляксандр Субоцін і Сяргей Садоўскі далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці, прадоўжылася абмеркаванне непасрэдна на наведаных аб’ектах.

Стаўка на спорт

Адным з такіх стала наша візітная картка – фізкультурна-аздараўленчы комплекс, побач з якім будуецца новы інтэрнат для спартсменаў. Ход работ ідзе з апярэджаннем графіка: узвядзенне аб’екта пачалося летам мінулага года, нарматыўны тэрмін работ абмяжоўваўся жніўнем 2024-га, аднак тэмпы набраны высокія, таму яго здача намечана на май.
Кошт праекта – 9,3 мільёна рублёў – крэдытныя рэсурсы і бюджэтныя сродкі. У трохпавярховым будынку размесціцца не толькі нумарны фонд на 60 чалавек, а і кафэ на 30 пасадачных месцаў, стралковы цір, спа-комплекс і пральня, якая будзе аказваць паслугі ў тым ліку і насельніцтву. У перспектыве плануецца пабудаваць на прылеглай тэрыторыі спартыўны шматфункцыянальны гарадок з тэніснымі кортамі, якія зімой будуць залівацца пад каток, лыжаролернай трасай, вейкбордам.

На першы погляд здзіўляе размах будоўлі і ўзнікае пытанне аб неабходнасці інтэрната. Аднак загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак не стамляецца абазначаць, што новая гасцініца проста жыццёва неабходна “Юнацтву-Ушачы”. Ушацкі комплекс вельмі прываблівае як нацыянальныя зборныя, так і замежных спартсменаў для трэніровак, але многім прыходзіцца адмаўляць па прычыне адсутнасці магчымасцей размяшчэння. Запуск інтэрната дазволіць вывесці акупнасць комплексу на 100 працэнтаў. У 2023-м тут прайшло 9 вучэбна-спартыўных збораў, а ў студзені гэтага года ўжо заяўлена 14. Інтэрнат цалкам загружаны на другое паўгоддзе. Акрамя таго, у перапынках паміж навучальнымі зборамі тут таксама плануюць размяшчаць турыстаў.

Раману Галоўчанку далажылі аб тэрмінах акупнасці праекта, мэтазгоднасці стварэння шматфункцыянальнага комплексу ў жылым будынку. З уводам аб’екта ў эксплуатацыю ў інтэрнаце з’явіцца 28 новых рабочых месцаў.

Захоўваем гістарычную памяць

Раман Галоўчанка пабываў і ў музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Лабанка, дзе ішла размова аб захаванні гістарычнай памяці і мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю вызвалення раёна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Экспазіцыя музея выклікала цікавасць у гасцей раёна. Была прэзентавана і канцэпцыя стварэння мемарыяла на беразе Вечалля, які ўвекавечыць подзвіг лётчыка Аляксандра Мамкіна. Пасля агляду выставачнай залы, дзе зараз размешчаны работы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Дзям’яна Крупені, прэм’ер-міністру падарылі карціну мастака “Салют Перамогі”, якая, па словах Рамана Галоўчанкі, зойме годнае месца ў Доме Урада ў Мінску.

Не мае аналагаў

Праграма “Адзін раён – адзін праект”, якая з’яўляецца паказчыкам развіцця беларускіх рэгіёнаў і знаходзіцца на кантролі Прэзідэнта, развіваецца сур’ёзнымі тэмпамі. Калі на пачатак мінулага года ў рэспубліцы было 126 праектаў, то да канца – ужо 160, а на сённяшні дзень – 190, каля 20 ужо завершаны. Паколькі за рэалізацыю праграмы адказвае ў тым ліку і Урад, зразумела, што ў графіку рабочай паездкі прэм’ер-міністра было наведванне філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, дзе завяршаецца рэалізацыя інвестпраекта па запуску цэха перапрацоўкі бялкова-тлушчавай сыравіны. Ён незвычайны: у Беларусі адзінкі прадпрыемстваў, якія займаюцца перапрацоўкай адходаў жывёльнага паходжання і вытворчасцю кармавога бялкова-тлушчавага абагачальніка – курынай і свіной пратэінавай мукі, кармавога тлушчу. Пасля мадэрнізацыі аналагаў такой вытворчай пляцоўкі не будзе: калі зараз агульны аб’ём вытворчасці складае каля 4200 тон у год, то плануецца выпускаць больш за 625 тон мясакоснай мукі і звыш 250 тон тлушчу ў месяц. Немалаважна тое, што не толькі павялічацца аб’ёмы, а і значна палепшыцца якасць прадукцыі. Дабаўкі і камбікармы “Віцебскаграпрадукта” прызначаны выключна для ўласнага пагалоўя і хутка адбіваюцца на прывагах. Фактычна прадпрыемства зможа цалкам закрыць свае патрэбы ў імпартазамяшчальным прадукце. У абнаўленне і тэхнічнае абсталяванне новага цэха “Віцебскаграпрадукт” уклаў 5 мільёнаў уласных інвестыцый, а агульны кошт праекта складзе 12 мільёнаў рублёў. Старшыня аграпрамысловага холдынгу “Славянскі Вялес” і назіральнага савета ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” Уладзімір Некрашэвіч дэталёва пазнаёміў з тэхналогіяй новай вытворчасці і ў цэлым з дзейнасцю аграхолдынгу. Запусціць жа новую лінію мяркуюць ужо ў бліжэйшыя месяцы.

– Сучасная вытворчасць, узведзена ў кароткія тэрміны – салідны праект, – паставіў высокую ацэнку Раман Галоўчанка, падкрэсліўшы, што менавіта так і трэба працаваць – накіроўваць прыбытак на мадэрнізацыю і выкарыстоўваць для гэтага ўнутраныя рэзервы.

Перагледзець стратэгію

сацыяльна-эканамічнага развіцця – такія задачы стаяць перад кіраўніцтвам Ушацкага раёна. Пра гэта прэм’ер-міністр Беларусі паведаміў журналістам па выніках рабочай паездкі на Ушаччыну. Большасць паказчыкаў выконваецца, але якасных зрухаў не так шмат. Гэта звязана з рознымі фактарамі, у тым ліку недахопам новых праектаў. Не абавязкова, каб яны былі ў прамысловай сферы, гэта можа быць і АПК, і турызм, і адпачынак.

“Праграма, якая была выпрацавана на бягучую пяцігодку, цалкам не спрацавала. Трэба комплексна перапрацаваць гэты дакумент, каб вырашыць праблемы, у тым ліку невысокі ўзровень заработнай платы, зніжэнне колькасці занятых у эканоміцы людзей”, – растлумачыў Раман Галоўчанка.

Ён таксама падкрэсліў, што на гэтую работу адведзена не так шмат часу, і ўжо вясной зноў адбудзецца сустрэча, на якой разгледзяць новую канцэпцыю развіцця Ушацкага раёна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *