«Тихоняты — место для жизни»: Местные жители с удовольствием пользуются чистой водой и электроотоплением

Общество

Сцежку да крыніцы ў Ціханятах зараз і не заўважыш. Ні слядоў па снезе, ні летам прымятай травы. Адпала патрэба ў мясцовых жыхароў хадзіць да прыроднай крыніцы, паколькі з кранаў зараз цячэ абсалютна празрыстая вада. Ды вы і самі можаце ў гэтым пераканацца – Ганна Сяргееўна Храмёнак спецыяльна пакінула на стале графін, калі паклікала на чай суседку Алесю Кузняцову (на здымку). Праз шкло прабіваліся ўсе фарбы пярэстага абруса.

А яшчэ зусім нядаўна жыхары Ціханят называлі няякасную ваду сваёй асноўнай праблемай. Прыгаданы графін Ганна Сяргееўна мыла штодня, як і тазікі ў лазні ды і любую ёмістасць, у якой адстойвалася вада. Фільтры на сістэме ацяплення часта забіваліся, ну а для ўжытку карысталіся выключна крынічнай. Сёння ж мае суразмоўцы называюць Ціханяты вёскай для жыцця. І не толькі з-за міні-станцыі абезжалезвання, якая ўзведзена летась.

Па доме гаспадыня хадзіла з кароткім рукавом. “Муж любіць цеплыню, вось і трымаем 25 градусаў. Паравое ацяпленне ў нас даўно – гадоў 15 без печак, аднак спальвалі за сезон па тры машыны дроў. Ды і падтрымліваць качагарку патрэбна было пастаянна. Да дачкі на госці паедзеш, вяртаешся – холадна. А зараз смела пакідаем – электраацяпленне падтрымлівае пастаянную тэмпературу, а 120 рублёў у маразы за наш вялікі дом і плюс электрападлогу ў лазні лічу нармальным коштам. Мы былі першымі, хто яшчэ ў 2019-м пасля падпісання адпаведнага ўказа Прэзідэнта, звярнуўся ў раён электрычных сетак, каб падключыць ацяпленне “да разеткі”. Толькі магутнасць тагачасных ліній не дазваляла б ацяпляць два паверхі і сілкаваць усе астатнія электрапрыборы. Таму сваю чаргу саступілі Булыкіным, яны першыя ў Ціханятах з электраацяпленнем. І вось летась дачакаліся – лініі замянілі поўнасцю і кілават зараз хопіць усім.

У перспектыўным плане рэканструкцыі ліній электраперадач на сёлетні год значацца вёскі Дубраўка, Малінаўка, Слабада, Ваўчо, Матырына, Заазер’е і Пола, у 2025-м электраацяпленне змогуць правесці жыхары Лутава Сяльца, Белага, Двор Пліна, Казьяняў, Броўчына і Навасёлак. За 2021-2023 гады такая магчымасць з’явілася ў Горах, Івахнаве, Пілатоўшчыне, Пушчы, Замошшы-2.

Алеся Кузняцова такімі выгодамі пакуль не скарысталася. Канечне, мяркуе, аднак і пячное ацяпленне не лічыць цяжарам: ”Ва ўсім шукаю пазітыў. Прынесці дровы – гэта ж фітнес. Наогул я настолькі палюбіла нашу вёску, што хоць і маю кватэру ў гарпасёлку, зусім не хачу там жыць. І дзеці таксама. А выглядаем пасля замены ліній электраперадач наогул як мегаполіс. Засталося толькі дарогу падрамантаваць – і тады дакладна ніякіх праблем”. Таццяна Латышава – карэнная жыхарка, якая і не хацела мяняць бацькоўскі дом на які іншы. “Мы сапраўды вёска для жыцця – ад райцэнтра – усяго тры кіламетры, а прыгажосць якая навокал – лес, два возеры. Хочаш гарадскія ўмовы – правядзі і карыстайся па ільготным тарыфе. А бачылі б вы, якая ў нас “ілюмінацыя” ў цёмны час сутак, выязджаю рана і проста любуюся святлом новых лямп. Выдатна, што дзяржаўныя стандарты, па якіх і вялася замена ў тым ліку і вулічнага асвятлення, на карысць вясковых жыхароў. Шкада толькі, што пастаянна пражываючых у нас пакуль няшмат”.

За мінулы год у раёне па праграме “Чыстая вада” пабудавана 8 міні-станцый абезжалезвання, сёлета плануецца ўзвесці яшчэ сем такіх і дзве вялікія ў аграгарадку Ільюшына і вёсцы Двор Пліна.

Толькі праблема гэтая ўтварылася не з-за неперспектыўнасці вёскі, а наадварот – з-за яе высокай прывабнасці. Зразумела, што тут, паблізу, і набывалі сабе ў першую чаргу дачы жыхары гарпасёлка. Пустуючых дамоў няма, ну а хутка, напэўна, і жыхары Ушач правядуць усе выгоды і перабяруцца сюды на пастаяннае месца жыхарства.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “«Тихоняты — место для жизни»: Местные жители с удовольствием пользуются чистой водой и электроотоплением

  1. «За 2021-2023 гады такая магчымасць з’явілася ў … Пушчы, Замошшы-2. » Яшчэ не з’явілася і невядома калі гэтае шчасце завітае ў нашу невялікую вёсачку, ды і дарогі жадаюць лепшых да сябе адносін — нават таксі да нас не едзе, а калі і едзе, то аплата б’е па кішэні — ад 17 да 20 руб. (за 10 км ).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *