Тему увековечивания памяти о погибших при защите Отечества обсудили на выездном заседании Витебского областного Совета депутатов

Общество

На Віцебшчыне не спыняецца работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых.

Дэпутаты і ўдзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума аблсавета ўшанавалі памяць і ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку.

Шанаваць памяць аб героях вайны, быць ім удзячнымі – традыцыя нашага народа. Падчас Вялікай Айчыннай загінула не менш трох мільёнаў беларусаў, поўнасцю або часткова знішчана звыш 11 тысяч населеных пунктаў. Тэма ўвекавечання памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны стала ключавой на выязным прэзідыуме абласнога Савета дэпутатаў, які прайшоў ва Ушачах. Выкананне комплексу мерапрыемстваў адпаведнай дзяржпраграмы дэпутаты разгледзелі ў тым ліку на прыкладзе работы Ушацкага райвыканкама і райсавета.

На дзяржаўным уліку ў Віцебскай вобласці знаходзіцца 1632 пахаванні воінаў і ахвяр вайны, гэта больш за 490 тысяч чалавек, каля 276 тысяч з якіх – невядомыя. У сувязі з гэтым, як падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая, трэба пастаянна весці архіўна-даследчую работу, збіраць звесткі аб няўлічаных пахаваннях і аднаўляць імёны загінуўшых. Так, за мінулы год устаноўлена 2824 новыя прозвішчы, станоўча адзначана работа ў гэтым накірунку Верхнядзвінскага, Віцебскага, Глыбоцкага, Дубровенскага, Шумілінскага і іншых раёнаў.

У беларускай зямлі пакояцца і мільёны людзей не толькі загінуўшых на палях баёў, а і забітых у ходзе генацыду мірнага насельніцтва. Амаль 5300 населеных пунктаў Беларусі былі знішчаны разам з жыхарамі ў ходзе карных аперацый. На Віцебшчыне 243 вёскі спальвалі двойчы, 83 – тройчы, 22 – чатыры разы і больш. У Суражы і Міёрскім раёне з’явіліся новыя знакі ў памяць аб загінуўшых мірных жыхарах.

М.Навіцкая.

У мінулым годзе ў вобласці капітальны рамонт праведзены на 4 воінскіх пахаваннях, бягучым – на 389, больш тысячы добраўпарадкаваны. Сёлета работы праведзены ўжо на 214 помніках. На гэтыя мэты прыцягваюцца сродкі, заробленыя на суботніках, спонсараў, арганізацый і прыватных асоб. Да прыкладу, у мінулым годзе за спонсарскія ўкладанні УП “Віцебскводаканал” на воінскім пахаванні ў вёсцы Рудакі Віцебскага раёна ўстаноўлены 12 новых гранітных пліт, на якія нанесена 372 прозвішчы загінуўшых, праведзена добраўпарадкаванне, на што было затрачана больш 140 тысяч рублёў. Сёлета пасля рэканструкцыі адкрыты помнік на брацкай магіле ў Павуллі ва Ушацкім раёне. 48 тысяч рублёў за сакавік-красавік на гэтую мэту сабралі члены грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Віцебшчыны. Як было адзначана на пасяджэнні, нельга забываць і пра воінскія пахаванні, адзіночныя магілы на грамадзянскіх могілках, у цяжкадаступных і аддаленых месцах.

Штогод на тэрыторыі вобласці праводзяцца пошукавыя работы 52-м асобным спецыялізаваным батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Летась яны праведзены на 34 аб’ектах, знойдзены рэшткі 397 загінуўшых, якія былі перапахаваны. Сёлета ў планах работы ў 9 раёнах на 41 аб’екце.

Н.Марковіч, С.Садоўскі, Д.Дзямідаў.

На Ушаччыне знаходзіцца 115 помнікаў воінскай славы і пахаванняў мірных жыхароў. Усе яны замацаваны за прадпрыемствамі і арганізацыямі для правядзення работ па добраўпарадкаванні. Штогод з раённага бюджэту выдзяляюцца грашовыя сродкі на аднаўленне і рамонт помнікаў, свой уклад у справу ўносяць грамадскія аб’яднанні, у прыватнасці, раённыя арганізацыі “Беларускага фонду міру” і “Белая Русь”. У раёне праводзіцца і вялікая работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых: у аўтаматызаваны банк даных “Кніга памяці Віцебскай вобласці” ўнесена 2797 прозвішчаў загінуўшых.

Сімвалічна, што пасяджэнне прайшло на базе музея народнай славы. Галоўны захавальнік фондаў Святлана Турло падзялілася вопытам па даследчай рабоце і ўстанаўленні імён загінуўшых.

Дзмітрый Дзямідаў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў: Віцебшчына адзін з самых пацярпелых рэгіёнаў у гады вайны. Паводле ўдакладненых звестак Генпракуратуры, за час акупацыі ў рэгіёне знішчана не менш пяці тысяч сельскіх населеных пунктаў. Усе прадугледжаныя мерапрыемствы дзяржпраграмы “Увекавечанне памяці загінуўшых пры абароне Айчыны” на 2021-2025 гады рэалізаваны, і гэта работа будзе працягвацца далей.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *