Ушачская библиотека организовывает современную читательскую деятельность

Культура Творчество наших земляков

Ушаччына – незвычайны край, унікальны сваёй гістарычнай, духоўнай спадчынай і геаграфічнымі характарыстыкамі.

Гэта радзіма цэлай плеяды беларускіх паэтаў і пісьменнікаў: Петруся Броўкі, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Еўдакіі Лось… Гэта непакорны край партызанскай баявой славы, увасобленай у мемарыяльным комплексе ”Прарыў“. Гэта тэрыторыя, багатая на водныя рэсурсы, адных толькі азёр тут больш за 180, а таксама рэкі, ручаі, крыніцы мінеральных вод. Акрамя таго, сярод славутасцей Ушаччыны сядзіба ў аг. Арэхаўна сярэдзіны XIX ст., архітэктурныя помнікі ў в. Селішча – касцёл святой Веранікі і манастыр бернардзінцаў, помнікі археалогіі – больш за 1500 курганоў.

Ушацкая раённая бібліятэка імя Е.Я.Лось збірае, захоўвае і папулярызуе гэту спадчыну. Актыўная работа бібліятэкі па краянаўству ўжо дазволіла сабраць багаты матэрыял і папаўніць краязнаўчы фонд інфармацыйнымі брашурамі, буклетамі, біябібліяграфічнымі выданнямі: ”Помнікі гісторыі Ушаччыны“, ”Легенды і паданні Ушацкай зямлі“, ”Матырынская спадчына“, ”Народныя майстры Ушаччыны“ і інш. Створаны, выдадзены і прэзентаваны зборнікі вершаў сучасных паэтаў-землякоў Тамары Барадзёнак, Тамары Бабянок, Лідзіі Сідарэнкі.

Актыўна працуючы ў краязнаўчым накірунку, бібліятэка імкнецца выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і магчымасці інтэрнэту, каб паказаць сябе па-новаму, прымяняе ў рабоце навацыйныя формы і ідэі. У сукупнасці ўсё гэта дазваляе зрабіць бібліятэку больш прыкметнай і значнай для людзей.

Паўнацэнны вобраз сучаснай сацыякультурнай ўстановы немагчымы без наяўнасці сайта і сацыяльных сетак. Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма мае web-сайт http://bibush.by/, на якім размешчаны асноўныя звесткі, навіны бібліятэк сістэмы, а таксама краязнаўчыя бібліятэчныя рэсурсы. Працягваецца збор матэрыялаў і папаўненне краязнаўчых рэсурсаў уласнай генерацыі ”Прорыв в бессмертие“, ”Мая Ушаччына“.

Віртуальныя праекты даюць шырокай аудыторыі карыстальнікаў магчымасць доступу да масіву краязнаўчай інфармацыі пра розныя аспекты мінулага і сучаснага Ушач і Ушацкага раёна.

Так, з 2020 года дзейнічаюць: краязнаўчы анлайн-праект ”Аб зямлі, якая нарадзіла і натхняе“, які даў магчымасць карыстальнікам дакрануцца да паэзіі, прозы малой радзімы, праявіць сябе. З вуснаў бібліятэкараў, чытачоў, мясцовых паэтаў гучаць вершы-прызнанні ў любові да роднай старонкі. Анлайн-фотамаршрут ”Знаёмцеся – Ушаччына“. Фотаальбом дае магчымасць пабачыць Ушаччыну вачыма мясцовых жыхароў: непаўторную прыгажосць і шматграннасць прыроды, архітэктурныя помнікі і краявіды.

Карысным дапаўненнем пры правядзенні мерапрыемстваў краязнаўчага характару ці проста баўленнем часу стаў раздзел сайта ”Гульнятэка“, у якім знаходзяцца пазлы, створаныя спецыялістамі бібліятэкі пры дапамозе анлайн-сэрвісаў. Карыстальнікам прапануецца сабраць выявы краявідаў і славутасцей Ушацкага краю.

Дзейнасць бібліятэк у сучасных умовах павінна адпавядаць крэатыўнасці мыслення маладога пакалення. Ушацкая раённая бібліятэка імя Е.Я.Лось – творчая ўстанова культуры, якая дзейнічае ў рэжыме пошуку не толькі інфармацыі для чытачоў, але і новых фарматаў мерапрыемстваў. Развіваючы думку, што найбольш эфектыўным спосабам прыцягнення ўвагі да бібліятэкі служаць жывыя зносіны з чытачом, далучэнне яго да розных відаў дзейнасці, бібліятэка пачала актыўна выкарыстоўваць інтэрактыўныя формы работы з карыстальнікамі гэта квэсты, бібліятэчныя квізы, брэйн-рынгі і інш.

Да 100-годдзя са дня заснавання нашага раёна, з мэтай папулярызацыі назапашаных матэрыялаў і краязнаўчых ведаў сярод насельніцтва раёна бібліятэка пачала працаваць па літаратурна-краязнаўчай праграме ”Здесь Родины моей начало“. Асаблівасць гэтай праграмы заключаецца ў тым, што яна прапануе ўдзел да яго рэалізацыі і дарослых, і падрастаючага пакалення. Мы разумеем, што любая праца мусіць прыносіць вынік. Для нас ён у тым, каб юныя ўшаччане сталі знаўцамі свайго краю, дапытлівымі і настойлівымі. Атрымліваючы сёння ў бібліятэцы веды, яны, стаўшы дарослымі, не забудуць свой пасёлак, сваю малую Радзіму і тых людзей, якія дапамаглі спазнаць свой родны край і пакахаць яго, навучыліся ганарыцца тым, што нарадзіліся ва Ушачах. Сваю будучыню мы закладаем сёння, а будучыні без гісторыі і культуры народа няма.

Не спыняючыся на дасягнутым, Ушацкая бібліятэка будзе і далей імкнуцца арганізоўваць займальную сучасную чытацкую дзейнасць, актыўна ўрываючыся ў інтэрнэт-прастору, выкарыстоўваючы гульнявыя элементы ў прафесійнай дзейнасці, напаўняючы яе сацыяльна каштоўным зместам.

 

Ірына Малак,
загадчык сетарам маркетынга і сацыякультурнай дзейнасці
Ушацкай раённай бібліятэкі імя Е.Я.Лось

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *