Про опоздания, трудовые книжки и личное авто. В Ушачах прошёл очередной профсоюзный приём граждан

Общество

Падчас апошняга прававога прафсаюзнага прыёму грамадзян паступіла 8 пытанняў, звязаных з абаронай працоўных інтарэсаў. Адказы на іх ушачанам далі галоўны прававы інспектар працы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў энергетыкі, паліўнай і газавай прамысловасці Дзмітрый Красоўскі і памочнік пракурора Ушацкага раёна Вікторыя Клюцук. Прывядзём адказы на некаторыя з іх.

– Мне неабходна ўзяць арыгінал працоўнай кніжкі на адзін дзень, але ў аддзеле кадраў выдаць яе адмовіліся. Гэта законна?

– Не. У работніка можа ўзнікнуць патрэба ў атрыманні сваёй працоўнай кніжкі, просьбу аб яе выдачы ён павінен выкласці пісьмова. Гэта агаворана ў ч.1 п.76 Інструкцыі аб працоўных кніжках. Тэрмін, на які дакумент можа быць выдадзены, абмежаваны пяццю каляндарнымі днямі. Пры гэтым тлумачыць прычыны, па якіх ён спатрэбіўся, работнік не абавязаны. Прадаставіць працоўную кніжку павінны на працягу 5 дзён з моманту падачы заявы. Факт выдачы дакумента супрацоўніку фіксуецца: работнік у адвольнай форме складае распіску аб атрыманні на рукі, абавязкова ўказваюцца даты атрымання і вяртання дакумента.

– Ці магу я прапанаваць наймальніку заключыць дагавор на выкарыстанне асабістага аўто ў службовых мэтах?

– Можаце, але майце на ўвазе, што такі дагавор заключаецца толькі з работнікам, якому па законе належыць транспартны сродак. Калі аўто зарэгістравана на члена вашай сям’і, то гэта ўжо нельга зрабіць. Работнікі, якія выкарыстоўваюць свае аўтамабілі, абсталяванне, інструменты для патрэб наймальніка, маюць права на атрыманне за іх знос (амартызацыю) кампенсацый, памер і парадак выплаты якіх вызначаюцца па дамоўленасці з наймальнікам (арт.106 Працоўнага кодэкса).

– Якое пакаранне можа быць да мяне прыменена, калі спазніўся на работу на 10 хвілін?

– Спазненне з’яўляецца парушэннем працоўнай дысцыпліны, за якое наймальнік мае права прыцягнуць вас да дысцыплінарнай адказнасці. Згодна артыкула 198 Працоўнага кодэкса, у якасці пакарання вам могуць аб’явіць вымову, зрабіць заўвагу, часткова або поўнасцю пазбавіць стымулюючых выплат на тэрмін да 12 месяцаў. Пры паўторным спазненні, калі папярэдняе дысцыплінарнае спагнанне не знята, работніка маюць права і звольніць.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *